“Пакуль толькі месяц адпрацаваў. Але атрымаў ужо 1000 еўра”

24

Сёння ў Польшчы і краінах Балтыі ўладкаваны многія кіроўцы міжнародных грузаперавозак з Беларусі, асабліва з заходняй яе часткі. Іх колькасць цяжка дакладна падлічыць, але яна расце штогод. Напрыклад, адна са шматлікіх польскіх фірмаў, якія зарабляюць на перанавучанні кіроўцаў з Усходу, падкрэслівае: толькі за 2016–2017 год яе паслугамі скарысталіся больш за 600 чалавек з Беларусі, Расіі і Украіны. Садзейнічае гэтаму тое, што палякі і прыбалты, карыстаючыся магчымасцямі ЕС, уладкоўваюцца ў фірмы Германіі, Бельгіі і Англіі – дзеля істотна большага заробку і вышэйшых пенсій у будучым. Беларусы ж разам з украінцамі прыходзяць на іх месцы.

Што вымушае нашых суайчыннікаў выпраўляцца ў якасці кіроўцаў грузавых аўтамабіляў у краіны ЕС? 28-гадовы Сяргей з горада Скідзеля адзначае: “Працаваць дома за 300 рублёў надакучыла. У мяне ж жонка, дзіцё нарадзілася. Трэба сям’ю карміць. Пакуль я за мяжой толькі месяц адпрацаваў. Але ўжо атрымаў 1000 еўра”.

Аднак насамрэч у гэтым плане не ўсё так проста, паколькі прафесія дальнабойшчыка далёкая ад прымітыўнага вобраза, створанага акцёрамі Гасцюхіным і Галкіным у аднайменным серыяле. 34-гадовы Алег з Гродна, які працуе за мяжой ужо 3 гады, падкрэслівае: “Рознае здаралася напачатку, пакуль адэкватную фірму знайшоў. У Польшчы “кідалі” некалькі разоў. Цяпер праблема – гэта наплыў украінцаў… Праз гэта заробкі ў многіх фірмах зменшыліся”.

Каб уладкавацца дальнабойшчыкам, недастаткова мець вадзіцельскую катэгорыю “Е”. Патрэбны дадатковыя дакументы, для атрымання якіх яшчэ даводзіцца праходзіць навучанне, здаваць псіхатэсты… У фірме яшчэ ладзяцца курсы па экстрэмальным кіраванні. Усё гэта абыходзіцца будучаму “дальнабою” ў 600–800 еўра. На гэтым пабудаваны сапраўдны бізнес. Аднак ужо першы заробак у большасці выпадкаў кампенсуе дадзеныя выдаткі.

Грошы налічваюцца або за кіламетраж, або за суткі, і іх сума вагаецца ад 45 да 60 еўра. Сяргей адзначае: “У ідэале, здаецца, павінны быць вельмі добрыя грошы. Але гэта без уліку выдаткаў на мінімальныя патрэбы. Да таго ж дзейнічае сістэма штрафаў, якая ўсю адказнасць ускладае на кіроўцу”. Прычым гэта штрафы як за парушэнне ўмоў транспарціроўкі, так і за парушэнне правілаў дарожнага руху. Напрыклад, Бельгія атрымлівае ад штрафаў прыбытак у два разы большы, чым ад аплаты дарог. Алег дадае: “Аднойчы я даставіў груз. А калі вярнуўся ў Літву, мне паведамілі, што я павінен выплаціць штраф у памеры 500 еўра. У гэтай сітуацыі дасведчаныя кіроўцы дапамаглі разабрацца і даказаць, што я не вінаваты. У выніку я нічога не плаціў. Але гэта адзінкавыя выпадкі”.

Заробак дальнабойшчыка складае ад 1000 да 1600 еўра ў месяц, што для Беларусі можна параўнаць з заробкамі ў ІТ-індустрыі: “Не ўсе, канешне, вытрымліваюць жорсткі графік па 10–11 гадзін за рулём. Да таго ж, паехаўшы пасля першай-другой змены на радзіму з грашыма, многія доўгі час не вяртаюцца… Але пасля першага года да ўсяго прызвычайваешся”.

Ні Сяргей, ні Алег замежных моў не ведаюць, паколькі працуюць у рускамоўных калектывах. Алег дадае: “У Германіі вельмі шмат сталых супрацоўнікаў перадпенсіённага ўзросту, а маладыя немцы дальнабоямі займацца не хочуць. Таму туды на працу нават набіраюць рускамоўных дыспетчараў і кіроўцаў”.

Згодна з дадзенымі арганізацыі Comite National Routier, кіроўцы ў Германіі або Бельгіі атрымліваюць за сваю працу ў чатыры разы больш, чым у іншых краінах ЕС. Розніца за гадзіну працы вагаецца ад 8 да 33 еўра. У выніку кіроўца фірмы з Усходняй Еўропы атрымае каля 16 тысяч еўра за год, а з Заходняй – да 56 тысяч. Да таго ж кіроўцы з Заходняй Еўропы праводзяць менш часу за рулём. Так, у Францыі гэтая колькасць у сярэднім складае 1540 гадзін у год, у Літве – 2025.

Дальнабойшчык – прафесія далёка не рамантычная. У большасці выпадкаў кіроўца бачыць толькі пачатковы пункт “А”, дарогу з прыпынкамі на ёй і канчатковы пункт “Б”. Адхіленне ад маршруту караецца штрафамі. Пры гэтым, працуючы ад трох тыдняў да трох месяцаў, ты доўгі час не маеш магчымасці бачыцца з сям’ёй. Аднак, нягледзячы на гэта, колькасць дальнабойшчыкаў з Беларусі ў краінах ЕС будзе і надалей павялічвацца: прываблівае вышэйшы ў два-тры разы заробак.

Поделиться ссылкой: