“Лепш памерці з імем, чым жыць з нумарам…”

23

Каля 11.00 ля Адміністрацыі прэзідэнта сабраліся 15–20 чалавек. Частка з іх адправілася ў грамадскую прыёмную, каб аднесці свой ліст з чарговай просьбай адмяніць у пашпарце асабісты нумар, астатнія засталіся чакаць на вуліцы. Бабулі, людзі сярэдняга ўзросту, нават жанчына з дзіцем у калясцы…

– Хрысціся і малітву чытай, – адна з прысутных спачатку паставілася да мяне з недаверам. – Як хрысцішся?! Пальцы трэба весці роўна па лініі! Хто цябе паслаў сюды, можа, д’ябал?

– Які д’ябал? – апраўдваўся я. – Наш рэдактар, натуральна, не заўсёды анёл, але і нагаворваць на чалавека не трэба. Ехаў міма, убачыў вас і сказаў пацікавіцца.

Астатнія прысутныя прадстаўляліся: “праваслаўныя”. Яны прыехалі ў Мінск з усёй Беларусі і пратэставалі супраць ідэнтыфікацыйных нумароў у пашпартах. Маўляў, у гэтым нумары “зашыфраваны тры шасцёркі – апакаліптычная “лічба звера”. На іх думку, пасля прыняцця асабістага нумара “людзям пачнуць ужыўляць чыпы пад скуру, што можна параўнаць з пячаткай Антыхрыста”.

– Мы, праваслаўныя хрысціяне, ужо каля 17 гадоў змагаемся за тое, каб з пашпартоў прыбралі асабісты нумар, – распавядае мне Сяргей Бондараў, які і адносіў зварот у Адміністрацыю прэзідэнта. – Самае страшнае, што царква таксама не разумее гэтую праблему, сёння ж і храмы пранумараваны. Зачыпіраваныя людзі перастануць кіраваць сабой, і мы пратэстуем супраць гэтага.

– Чалавек складаецца з цела і душы, – дадае Надзея Бераснева са Жлобіна. – Калі Гасподзь стварыў чалавека, то даў яму імя. А прысваенне чалавеку нумара – гэта забойства яго духу, адрачэнне ад сваёй асобы і веры. Лепш памерці з імем, чым жыць з нумарам…

Дарэчы, многія з прысутных не патрапілі ў Адміністрацыю па адной простай прычыне – у іх не было пашпартоў.

“Прынцыпова адмовіліся ад гэтага дакумента, – патлумачылі мне. – Так і жывём…”

Поделиться ссылкой: