Паводле слоў вучонага, палітыка, старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання Станіслава Шушкевіча, поўная назва кнігі «Маё жыццё, крушэнне і ўваскрашэнне СССР, 25 гадоў таму”. Прапанова аб выданні паступіла ад англічан. “Сам я, – усміхаецца Станіслаў Станіслававіч, – ні ў якія замежныя выдавецтвы не звяртаўся

Увесну гэтага года разам з Генадзем Бурбулісам і Леанідам Краўчуком я быў запрошаны ў Оксфард, Кембрыдж і Лонданскі ўніверсітэт, – расказвае вучоны і палітык. – Было шмат сустрэч, лекцый, дзе я ўзгадаў, што 5 гадоў таму выдаў кнігу пра гісторыю Савецкага Саюза і яго развал. Гэтая кніга – аналіз значнасці многіх падзей, удзельнікам ці сведкам якіх я быў, у тым ліку і Белавежскіх пагадненняў. У кнізе я абагульніў тое, што мне вядома, у мяне ёсць свой погляд…  Кнігай зацікавіліся, адразу ж паступіла прапанова выдаць яе на англійскай мове. Усё адбывалася публічна, пры сведках… Ідэя падалася добрай, я пагадзіўся. Але старая версія кнігі ў нечым страціла сэнс: за апошнія 5 гадоў шмат чаго змянілася, і я прапанаваў – давайце дапрацую. Чатыры месяцы дапрацоўваў рукапіс. Па дамоўленасці з выдавецтвам ён перададзены ў Лондан.

Станіслаў Шушкевіч спадзяецца, што ў хуткім часе выйдзе не толькі англамоўнае выданне дапрацаванай кнігі, але і рускамоўнае. “Але гэта пакуль трымаю ў сакраце”, – кажа ён і тлумачыць:

– У Беларусі выдаць сваю кнігу я не змагу дакладна. У 2012 годзе пасля таго, як некаторыя часткі яшчэ рукапісу «Маё жыццё, крушэнне і ўваскрашэнне СССР» надрукавала “Народная Воля”, кнігай зацікавіліся некаторыя прыватныя беларускія выдаўцы. Адзін з іх нават пачаў падтрыхтоўку да выдання, а потым адмовіўся – сказаў, што, калі выдасць маю кнігу, гэта будзе апошняе, што зробіць яго выдавецтва. Канешне ж, на яго націснулі. І я тады знайшоў расійскага выдаўца. І зараз у Расіі таксама ёсць тыя, хто возьмецца друкаваць кнігу. Але ў Расіі адбыліся вялікія змены, Расія стала амаль таталітарнай дзяржавай, гэтага нельга не заўважыць. Таму пакуль не называю ведавецтва, якое бярэцца за работу над маёй кнінай, бо ім могуць перашкодзіць…

Трэба адзначыць, што надрукаваны ў 2012 годзе наклад кнігі Станіслава Шушкевіча «Маё жыццё, крушэнне і ўваскрашэнне СССР» быў невялікі, і купіць яе сёння немагчыма.