Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

У сённяшнім байнэце развіваецца новая медыяпрастора, якая культывуе “белы шум”, падмяняючы сапраўдныя навіны клікабельным кантэнтам.
11:36 7 снежня 2017
263
Памер шрыфта

На жаль, гэта спрыяльны асяродак для зламыснага маніпулявання грамадскім меркаваннем. Пра ўзнікненне фэйкавых навінаў, прапаганду ў СМІ і пра медыяпісьменнасць са школьнай парты распавёў медыяэксперт, акрэдытаваны журналіст “Deutche Welle” ў Беларусі Паўлюк Быкоўскі, які 5 снежня наведаў Гродна з лекцыяй “Фэйкі, тролі і прапаганда – ці мае Беларусь шансы ў інфармацыйнай вайне?”

Паўлюк Быкоўскі. Фота аўтара

Нядаўна ў беларусім грамадстве ажыятаж выклікала выступленне Ігара Лялькова, былога намесніка старшыні Партыі БНФ, які сцвярджае, што Беларусь знаходзіцца “на пачатку гібрыднай вайны з Расіяй”. Але Паўлюк Быкоўскі, абапіраючыся на тэрміналогію такога гучнага паняцця, зазначае: насамрэч “гібрыдная вайна – гэта калі няма афіцыйнага боку, які бярэ на сябе адказнасць за тое, што адбываецца ў краіне-суседцы”, пры гэтым “адна дзяржава ўдзельнічае, а другая быццам бы і не прысутнічае”.

У медыяпрасторы ў шырокі ўжытак увайшлі такія паняцці як “інфармацыйная вайна” і “фэйк”. Можна згадаць, як увесну шырока разляцелася навіна пра смерць беларускай Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч – што сама лаўрэатка пасля і аспрэчыла.  Або зусім нядаўна беларускае грамадства назірала, як “рускія танкі ідуць на Беларусь” – вучэнні паказалі, што ў сапраўднай “інфармацыйнай вайне”, на думку экспертаў, мы б прайгралі.

Павел Мажэйка і Паўлюк Быкоўскі. Фота аўтара

Згодна слоўніку, інфармацыйная вайна – гэта камунікатыўная тэхналогія ўздзеяння на масавую свядомасць аўдыторыі краіны-праціўніка для змены ў яе карціны свету. Пры гэтым Паўлюк Быкоўскі, на прыкладзе  сумнавядомага сюжэта на канале “НТВ”, тлумачыць:

“Калі спрачаюцца паміж сабою дзяржавы і выкарыстоўваецца прапаганда – гэта яшчэ не інфармацыйная вайна. Інфармацыйная вайна – гэта накіраванае ўздзеянне на краіну-праціўніка для змены карціны свету, каб пасеяць панічныя настроі, дабіцца, каб людзі не падпарадкоўваліся кіраўніцтву гэтай краіны, паралізаваць пэўную структуру, якая прымае рашэнні. Гэта значна большае, чым тое, калі краіны спрачаюцца і выпускаюць адзін пра аднаго нейкія, скажам, кепскія перадачы”.

Супрацьстаяць прапагандысцкаму ўздзеянню з Усходу ў беларускай рэчаіснасці амаль немагчыма, бо значную частку на нашым тэлебачанні складае кантэнт, выраблены ў Расіі. Былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Бузоўскі называў лічбу ў 65%.

“Мы не можам вырабляючы контрпрапаганду, перакрыць прапаганду. Які можа быць адказ? Калі ўзнікае шмат рэсурсаў, дзе будзе весціся мясцовы дыялог і дзе будуць бачыць таго, хто гэта напісаў і будуць мець з ім беспасярэднія сувязі. Мне будзе сорамна хлусіць, калі мае суседзі будуць ведаць, што я хлушу. Гэта можа спрацоўваць. Гэта будзе спрацоўваць, калі мы навучымся пераправяраць важныя рэчы ў нашым жыцці… каб пачалі задавацца пытаннем: адкуль я гэта ведаю, каб разумелі прыёмы, якія ўжываюць супраць іх для маніпуляцыі”.

У такой сітуацыі важную ролю адыгрываюць недзяржаўныя СМІ, але, напрыклад, у Віцебскай і Гомельскай абласцях не маецца ніводнага зарэгістраванага незалежнага выдання!

Недзяржаўныя выданні. Аўтар Паўлюк Быкоўскі

Усё часцей у СМІ трапляюць “фэйкі” (ад англ. fake news, што значыць “непраўдзівая, часта сенсацыйная інфармацыя, якая распаўсюджваецца пад выглядам навінаў”). З 2016 года колькасць выкарыстанняў гэтага слова ўзрасла на 365 %. Адным з галоўных папулярызатараў паняцця стаў Дональд Трамп, прэзідэнт ЗША, які часцей за ўсё выкарыстоўваў яго ў сваім “Твітары” і публічных выступах. Дарэчы, менавіта амерыканскі прэзідэнт на сёння самы вядомы стваральнік фэйкаў. А адным з самых вядомых фэйкавых сюжэтаў на тэрыторыі СНД стаў тэлесюжэт расійскага “Першага канала” пра “распятага хлопчыка”, паказаны 12 і 13 ліпеня 2014 года.

Як распазнаць, што вамі маніпулююць? Для гэтага трэба мець уяўленне пра тое, якія існуюць сродкі маніпуляцыі і аналізаваць матэрыял публікацый на выкарыстанне такіх сродкаў. Самыя распаўсюджаныя з іх:

  • Выдумкі, “ператрымкі”, навешванне цэтлікаў – гэта прыпісванне з’яве неўласцівых ёй якасцяў і свядомае скажэнне яе ацэнкі.
  • Апеляцыя да “асобы” – падзея падмяняецца асобай і, у выніку, стаўленнем да яе, а не да падзеі.
  • Апеляцыя да “публікі”: аўтар ухіляецца ад абгрунтавання сцвярджэнняў шляхам “заляцанняў” з чытачом.

Як адзначыў Паўлюк Быкоўскі, на сённяшні дзень “адзін з эфектаў сучаснага спажывання кантэнту – распаўсюд інфармацыі без выразнай атрыбуцыі крыніцы і неаднастайная якасць кантэнта”. Іншымі словамі, чытачы проста не задаюцца пытаннем, адкуль узялася інфармацыя, якую яны спажываюць і неўсвядомлена ўспрымаюць яе за факт. Асабліва гэта распаўсюджана ў сацыяльных сетках, дзе існуюць разнастайныя суполкі, якія перапошчваюць навіны нават без спасылкі на крыніцу.

У сённяшняй сітуацыі перад чалавекам стаіць праблема ўжывання сродкаў “інфармацыйнай гігіены” – ведаў пра механізмы ўплыву інфармацыі на яго жыццядзейнасць. Менавіта таму ў Заходніх краінах пачалі займацца медыяпісьменнасцю, пачынаючы са школы. Для нас гэта пакуль толькі далёкасяжная перспектыва.

Напрыканцы Паўлюк Быкоўскі зрабіў прагноз наконт будучага СМІ: “Узнікне два наборы медыяў. Адзін будзе для тых, хто будзе плаціць за навіны. Гэта будзе меншасць. Яны будуць плаціць за факты, аддзеленыя ад меркаванняў. І будзе масавая аўдыторыя, як будзе як на фм-станцыях, атрымліваць шмат белага шуму, шмат рэкламы, шмат забаўляльных гісторый… Гэта не пазбаўляе ад маніпуляцый. Але тыя людзі, якія будуць плаціць, атрымаюць якасную інфармацыю”.

Тэмы:, , ,
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

8 снежня 2017

«Ищем человека!»

Общественное мнение ищет национального героя. Нам нужен не столько пример для подражания (мол, детки, смотрите и учитесь у этого дяденьки!), сколько человек, которому можно доверять.

Президент: У нас некоторые ректоры забронзовели и поросли тиной, надо перекраивать программу в вузах

Александр Лукашенко потребовал «перестроить, переделать, перекроить» вузовские программы. На пленарном заседании II Съезда ученых Беларуси он рассказал, как недавно встречался с айтишниками.