Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Карэспандэнт “Народнай Волі” пагутарыў з экс-кіраўніком Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва пра скандальную сітуацыю з расійскімі алімпійцамі.
16:35 7 снежня 2017
197
Памер шрыфта
Фото: ТUТ.ВY

Як ужо вядома, днямі было агучана рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэта, якое тычыцца ўдзелу расійскіх алімпійцаў у Гульнях-2018.

У зімовай Алімпіядзе ў карэйскім Пхёнчхане змогуць узяць удзел толькі тыя расійскія атлеты, якія не былі заўважаны ў допінгу, і толькі ў нейтральным статусе – без нацыянальнага сцяга, гімна і без пазнакі «Расія» на форме і ў атрыбутыцы.

– Думаю, што Міжнародны алімпійскі камітэт прыняў яшчэ даволі мяккае рашэнне, – кажа Мікалай Генрыхавіч. – Для расійскіх спартсменаў усё магло быць куды горш.

– Ці пераканаўчай вам падалася доказная база вінаватасці, на якую пры вынясенні вердыкту абапіраліся прадстаўнікі МАК?

– Наконт пераканаўчасці хацеў бы адзначыць некалькі момантаў. Найперш варта сказаць, што правіла двайных стандартаў усё-такі дзейнічае: тое, што дазволена Юпіцеру, не дазволена быку. Бо праблема допінгу – гэта не толькі расійская праблема, як гэта зараз прадстаўляецца. Другі момант – расійскі бок у гэтай сітуацыі поўнасцю прайграў інфармацыйную вайну. І трэцяе – вельмі шмат нагод было для таго, каб сітуацыя склалася такім чынам.

– Скандал доўжыцца каля трох гадоў. Нават некаторыя расійскія СМІ пішуць, што замест таго, каб за гэты час “разрульваць” сітуацыю, расійскія чыноўнікі заняліся прапагандысцкай балбатнёй і пошукам ворагаў.

– Усё пачалося з даклада сябра Міжнароднага алімпійскага камітэта Рычарда Паўнда. У дакладзе выкладаліся факты. І з пункту гледжання юрыспрудэнцыі сатрасанне кулакамі і пагрозы даць дыхту – не аргумент, хаця расійскі бок менавіта гэта абраў галоўным інструментам у спрэчцы. Так, у Расіі зрабілі пэўныя высновы. Выканкам Алімпійскага камітэта стварыў грамадскую камісію па барацьбе з допінгам, Расійскае антыдопінгавае агенцтва крыху трансфармавалася ў плане кіравання грашовымі патокамі і залежнасці ад Міністэрства спорту… Але, калі сказалі “А”, то трэба казаць і “Б”.

– Адстойваць свае інтарэсы ў судах?

– Безумоўна! Быў даклад эксперта Сусветнага антыдопінгавага агенцтва Рычарда Макларэна. Вы лічыце, што прагучалі лжывыя абвінавачанні? Дык чаму да гэтага часу не падалі іскі? Разбіральніцтва ўжо амаль тры гады ідзе! Макларэн разумеў, што яго аргументацыя не жалезабетонная, але планку доказнай базы ён падняў вельмі высока. І гэтую планку можна было “ўзяць” толькі ў суде.

Сёння расіяне кажуць пра невінаватасць, але прывяду вам толькі адзін факт. У Саранску ліквідавалі легендарны Цэнтр падрыхтоўкі па спартыўнай хадзьбе імя Віктара Чэгіна. І ведаеце чаму? Таму што за апошнія пяць гадоў больш за 20 вучняў трэнера злавілі на допінгу! І гэтая гісторыя вельмі ўжо нагадвае словы Міхаіла Жванецкага: “Можа, варта нешта ў кансерваторыі памяняць?” Што, у Расіі адзін такі трэнер Чэгін? Не праследжваецца агульная сітуацыя? А пазіцыя “антырасійскай змовы” вельмі зручная. Маўляў, усе хочуць нам толькі зла. Дарэчы, у справе беларускіх кідальнікаў молата Івана Ціхана і Вадзіма Дзевятоўскага, якіх таксама вінавацілі ва ўжыванні допінгу, спачатку таксама было нешта падобнае. Але затым здаровы сэнс узяў верх, і вынік усе мы цудоўна ведаем. Атлеты падалі ў міжнародны Спартыўны арбітражны суд, іх апраўдалі.

– Якую выснову з усёй гэтай сітуацыі трэба зрабіць беларускім спартыўным чыноўнікам і спартсменам?

– Трэба не даваць нагоды для таго, каб патрапіць у такую гісторыю. Варта дзейнічаць у інтарэсах і спартсмена, і дзяржавы, але пры гэтым захоўваць нармальныя парытэтныя адносіны з міжнароднымі структурамі.

– На ваш погляд, сёння ідзе рэальная барацьба з допінгам ці гэта пытанне ўсё больш палітызуецца?

– Барацьба ідзе, але сітуацыя з расійскімі алімпійцамі палітызавана да немагчымасці. Не ведаю, ці будзе Алімпійскі камітэт Расіі аспрэчваць рашэнне МАК, але адно зразумела дакладна – байкот Гульняў расіянамі толькі ўзмацніць канфлікт. Кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах таксама сказаў, што байкот нікому дабра не прынясе. Таму, хутчэй за ўсё, і рашэне МАК было кампраміснае – цалкам расійская каманда не дыскваліфікавана, але ўсё роўна пакарана.

Тэмы:, ,
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

12 снежня 2017

Российские олимпийцы одобрили участие в Играх под нейтральным флагом

Олимпийское собрание Олимпийского комитета России (ОКР) приняло решение об участии российских спортсменов в Олимпийских играх 2018 года в Южной Корее в нейтральном статусе.
6 снежня 2017

Павел Знавец: “Расію могуць пазбавіць і чэмпіянату свету па футболе…”

Палітык і спартыўны балельшчык Павел Знавец распавёў “Народнай Волі” пра санкцыі, прынятыя ў дачыненні да Нацыянальнага алімпійскага камітэта Расіі.
16 лістапада 2017

В Олимпийском комитете России призвали расстрелять экс-главу антидопинговой лаборатории

В Олимпийском комитете России призвали расстрелять экс-главу московской антидопинговой лаборатории Григория Родченкова, который рассказал о массовом употреблении допинга в российском спорте.