Два апошнія гады Аліна Анатольеўна працавала першым прарэктарам Універсітэта культуры.

У 1993 годзе яна з адзнакай скончыла тую ж ВНУ, што цяпер ўзначаліла (толькі тады гэта быў інстытут). Прайшла падрыхтоўку ў аспірантуры ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры, у 1997 годзе там жа абараніла дысертацыю, атрымаўшы навуковую ступень кандыдата педагагічных навук. У 2000 годзе скончыла Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы пры БДУ (спецыяльнасць “Псіхолаг. Выкладчык псіхалогіі”).

У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў – з 1998 г. працавала на кафедры педагогікі сацыякультурнай дзейнасці на пасадах выкладчыка, старшага выкладчыка, дацэнта.

З 2011 года выконвала абавязкі намесніка дэкана, а з 2013 г. – дэкан факультэта завочнага навучання.

У верасні 2015 года назначана на пасаду першага прарэктара.

Сфера навуковых інтарэсаў Аліны Корбут — вывучэнне тэорыі, методыкі і арганізацыі сацыяльна-культурнай дзейнасці і сацыякультурнай рэабілітацыі асобы.

«Аліна Корбут займаецца плённай навукова-даследчай дзейнасцю, друкуе артыкулы ў навуковых зборніках і часопісах,гаворыцца ў яе афіцыйнай біяграфіі, надрукаванай на сайце Ўніверсітэта. — З’яўляецца аўтарам больш за 50 навуковых і вучэбна-метадычных работ, сааўтарам шэрагу вучэбна-метадычных дапаможнікаў і навуковых манаграфій. Бесперапынна павышае свой культурны і інтэлектуальны ўзровень. У 2014 годзе праходзіла стажыроўку ў Ерэванскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Камітаса (Арменія) па тэме: «Асноўныя напрамкі работы ЕГК па падрыхтоўцы бакалаўраў і магістраў у сферы культуры і мастацтваў”.

Дарэчы, Аліна Корбут — член пярвічнай арганізацыі РГА “Белая Русь”.

Яна адзначана лістом падзякі ад А.Лукашэнкі, Ганаровай граматай грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын”.

Ва ўніверсітэце культуры створана спецыяльная рада, куды ўваходзяць розныя творчыя людзі, і таксама вядомы беларускі паэт Леанід Дранько-Майсюк.

Хто такая Аліна Корбут?
Аліна Корбут. Фота з Фэйсбука.

Аліна Анатольеўна – цудоўная, дзівосная, прыгожая, сонечная жанчына! – гаворыць пра новага рэктара Універсітэта культуры Леанід Дранько-Майсюк. – Думаю, яна выдатна арганізуе навучальны і педагагічны працэс. Яна ўмее стварыць натхненне і для студэнтаў, і для падначаленых. Гэта я мяркую па тых добрых, хоць і кароткіх сустрэчах, якія ў нас былі. Яна мне вельмі падабаецца. І я шчыра віншую спадарыню Корбут з новай пасадай і жадаю, каб яна заўсёды знаходзілася над сітуацыяй. Не сітуацыя над ёй, а яна над сітуацыяй. Ну і поспехаў!”.