Асуджанай былой намесніцы дырэктара Магілёўскага мясакамбіната пагражае новы тэрмін

16

13 кастрычніка суд Кастрычніцкага раёна устанавіў, што з 2013 па 2015 год Нагіх выкрадала прызначаную для дэгустацыі прадукцыю прадпрыемства, чым нанесла яму шкоду ў памеры каля 1,46 млрд недэнамінаваных рублёў. Акрамя таго, шкода мясакамбінату была нанесена прысвойваннем абвінавачванай службовага мабільнага тэлефона, спісанага як непрыгоднага, але якім намеснік дырэктара мясакамбіната карысталася яшчэ працяглы час. Падчас расследавання крымінальнай справы шкода была пакрыта ў поўным аб’ёме. Нагіх была прыгавораная да пяці гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Цяпер суд расследуе справу аб нанясенні дзейнасцю абвінавачванай шкоды прадпрыемству ў памеры 17 тыс. 519 рублёў. Як паведамілі БелаПАН у судзе, згодна з матэрыяламі справы, падсудная шляхам падачы падробленых дакументаў набывала маёмасць для крамы мясакамбіната, грошы за якую яна забірала сабе. Вользе Нагіх інкрымінуецца некалькі эпізодаў злачынства, кваліфікаванага па арт. 210 Крымінальнага кодэкса (крадзеж шляхам злоўжывання службовым становішчам). Усе яны датуюцца 2014 годам, калі жанчына займала пасаду начальніка гандлёвага аддзела Магілёўскага мясакамбіната.

На пасяджэнні 7 снежня былі заслуханыя дзве сведкі. Так, кладаўшчыца Вольга Сырамалотава расказала, што Нагіх, падаючы дакументы на склад, запэўнівала, што таварна-матэрыяльныя каштоўнасці знаходзяцца ўжо ў краме. Такім чынам, маёмасць, напрыклад наборы мэблі, халадзільнікі і іншае, на склад не прывозілася. Прадавец крамы “Домовой” Святлана Сідзініна паведаміла суду, што Нагіх часам купляла ў іх розныя рэчы, аднак на таварных чэках гэтай крамы, якія фігуруюць у справе, пазначаны не тыя тавары, якія ў ёй калі-небудзь прадаваліся.

Адзначым, што па першай справе Нагіх прысуд пакуль не набыў законную моц, паколькі быў абскарджаны абвінавачванай. Таксама пратэст на яго заявіла пракурор. Апеляцыйны разгляд прызначаны на 14 снежня.

Поделиться ссылкой: