Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Палітык і спартыўны балельшчык Павел Знавец распавёў “Народнай Волі” пра санкцыі, прынятыя ў дачыненні да Нацыянальнага алімпійскага камітэта Расіі.
13:09 6 снежня 2017
214
Памер шрыфта
Фото с сайта Reporter.by

5 снежня было агучана рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэта, якое тычыцца ўдзелу расійскіх алімпійцаў у Гульнях-2018.

У зімовай Алімпіядзе ў карэйскім Пхёнчхане змогуць узяць удзел толькі тыя расійскія атлеты, якія не былі заўважаны ў допінгу, і толькі ў нейтральным статусе – без нацыянальнага сцяга, гімна і без пазнакі «Расія» на форме і ў атрыбутыцы.

Сяброўства Расійскага алімпійскага камітэта ў МАК прыпынена, расійскаму віцэ-прэм’еру Віталію Мутко і былому намесніку міністра спорту Андрэю Нагорных пажыццёва забаронена наведваць Алімпіяды. А Расія павінна выплаціць штраф за допінг-афёру ў памеры 15 мільёнаў долараў.

– Абсалютна справядлівае рашэнне, – лічыць Павел Знавец. – Я прадказваў, што менавіта такім яно і будзе, яшчэ тады, калі дыскваліфікавалі расійскіх лёгкаатлетаў. Акрамя таго, як мне падаецца, ёсць верагоднасць, што Расію могуць пазбавіць і правядзення чэмпіянату свету па футболе ў 2018 годзе. Праўда, тут верагоднасць пяцьдзясят на пяцьдзясят. Усё будзе залежаць ад рэакцыі Расіі на патрабаванні МАК і ад таго, як яны збіраюцца іх выконваць. Калі зноў пачнецца хваля прапаганды, то, як я уўо казаў, і з футбольным першынством могуць праляцець, нягледзячы на патрачаныя мільярды долараў.

– Можаце аргументаваць, чаму вы лічыце рашэнне МАК справядлівым?

– А што рабіць з інфармацыяй, якую прадаставіў у Сусветнае антыдопінгавае агенцтва былы кіраўнік Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі Рыгор Родчанкаў? Ён распавёў шмат цікавага пра “расійскую допінгавую праграму”. Яшчэ раней выступіла адмысловая камісія, якая абвінаваціла Міністэрства спорту Расіі ў маніпуляцыях з допінг-пробамі спартсменаў. Пазней і некаторыя расійскія спартсмены пацвярджалі гэтыя факты. Праўда, пасля гэтага іх адразу ж запісвалі ў “ворагі народа”. І замест таго, каб даваць нейкія аргументаваныя адказы на непрыемныя пытанні, у Расіі ўсё звялі да антырасійскай змовы. Маўляў, мы невінаватыя толькі таму, што ўсе вакол – ворагі, якія хочуць “паставіць Расію на калені”.

– Дарэчы, гэтая сітуацыя ўзнікла не сёння, а больш за два гады таму. Чаму, на ваш погляд, расійскі бок за гэты час не падаў у міжнародны суд іск, калі інфармацыя была непраўдзівая?

– Таму што прасцей стварыць усеагульную істэрыю пра антырасійскую змову, чым і на самай справе падключыць сур’ёзных адвакатаў, якія ўсе абвінавачанні расклалі б па палічках і прадставілі б судам і грамадскасці факты невінаватасці расійскіх спартсменаў і чыноўнікаў. А істэрыя ў гэтай гісторыі – гэта такое псіхалагічнае нападзенне дзеля абароны. Каму сёння ў Расіі цікавы факты абвінавачанняў? Яны нікому не патрэбны. Зараз вы пабачыце, які масавы псіхоз распачнецца ў расійскіх СМІ.

– Але, пагадзіцеся, сітуацыя мае і палітычнае адценне…

– Не без гэтага, безумоўна, але ж “чыстым” расійскім спартсменам прадаставілі права выступіць на Алімпіядзе ў нейтральным статусе. А пакаранне за допінг магло быць і больш жорсткім – наогул маглі не дазволіць выступаць на Гульнях. Таму Міжнародны алімпійскі камітэт у пэўным сэнсе пайшоў на кампраміс. Хутка пабачым, ці згодны Крэмль на кампрамісы. Вось вам і “палітычнае адценне”…

Тэмы:, , ,
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

12 снежня 2017

Российские олимпийцы одобрили участие в Играх под нейтральным флагом

Олимпийское собрание Олимпийского комитета России (ОКР) приняло решение об участии российских спортсменов в Олимпийских играх 2018 года в Южной Корее в нейтральном статусе.
7 снежня 2017

Мікалай Кручынскі: Можа, варта нешта ў кансерваторыі памяняць?

Карэспандэнт “Народнай Волі” пагутарыў з экс-кіраўніком Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва пра скандальную сітуацыю з расійскімі алімпійцамі.
4 снежня 2017

WADA нашло новые подтверждения обвинений Родченкова

Подлинность утечки базы данных с допинг-пробами российских спортсменов подкрепляет утверждения информатора Григория Родченкова, считают в WADA.