Эксперт: Змена паводзінаў беларусаў на валютным рынку — трывожны званочак

12

Такое меркаванне выказала БелаПАН Жанна Кулакова, фінансавы кансультант TeleTrade (ТАА “ТелетрэйдБел”).

Паводле звестак Нацбанка, у лістападзе фізасобы купілі наяўнай і безнаяўнай валюты на 629,49 млн долараў у эквіваленце, а прадалі на 694,38 млн долараў. Такім чынам, розніца на карысць банкаў склала 64,89 млн, але сальда апынулася самым нізкім за шмат месяцаў. У лістападзе чысты продаж наяўнай валюты знізіўся на 47,8% — да 179 млн долараў. Між тым суб’екты гаспадарання ў лістападзе зноў былі чыстымі пакупнікамі валюты.

“Дэфіцыт замежнай валюты ў лістападзе паўстаў на рынку таму, што насельніцтва прадало прыкметна менш валюты, чым звычайна, а прадпрыемствы — наадварот, нарасцілі пакупкі”, — адзначыла Кулакова.

Паводле яе слоў, прычын гэтаму можа быць мноства. “На паводзіны фізічных асоб мог паўплываць рост дэвальвацыйных чаканняў да канца каляндарнага года, павелічэнне рэальных даходаў, якое было адзначанае па выніках студзеня—верасня ўпершыню за шмат месяцаў, зніжэнне працэнтных ставак у эканоміцы, адаб’ецца на прывабнасці рублёвых укладаў. Ды і валютныя назапашванні людзей таксама не бяздонныя. Не выключана, што ў кагосьці проста скончылася “заначка”, — лічыць фінансавы кансультант.

Што тычыцца прадпрыемстваў, то яны, як адзначыла эксперт, ужо чатыры месяцы запар выступаюць чыстымі пакупнікамі валюты, нягледзячы на тое што сальда знешняга гандлю з’яўляецца станоўчым. “Аднак валюта суб’ектам гаспадарання патрэбная не толькі для разлікаў па імпарце, але і, да прыкладу, для абслугоўвання валютных даўгоў. Акрамя таго, продажу валюты з боку прадпрыемстваў маглі ўпасці з-за зніжэння нарматыву абавязковага продажу валютнай выручкі”, — падкрэсліла Кулакова.

Як звярнула ўвагу эксперт, дэфіцыт валюты на ўнутраным рынку быў зафіксаваны ўпершыню са снежня 2016 года, і гэта “трывожны званочак”. “Па-першае, гэты факт сам па сабе стварае перадумовы для аслаблення беларускага рубля. Па-другое, “лішкі” валюты раней актыўна выкарыстоўваліся дзяржавай у якасці крыніцы папаўнення золатавалютных рэзерваў і абслугоўвання валютных даўгоў. Калі гэтая крыніца вычарпаецца, прыйдзецца альбо яшчэ больш актыўна нарошчваць валютны дзярждоўг, альбо па-ранейшаму выкупляць валюту на біржы, тым самым робячы на рубель яшчэ большы націск”, — патлумачыла Кулакова.

Насельніцтва выступае чыстым прадаўцом замежнай валюты з пачатку 2016 года. Эканамісты Нацбанка тлумачаць гэта тым, што за кошт раней назапашаных зберажэнняў людзі імкнуцца падтрымліваць спажыванне на больш высокім узроўні, чым можа разлічваць з улікам бягучых даходаў. Усяго з пачатку 2017 года беларусы здалі ў банкі ўжо на 2,2 млрд долараў больш, чым купілі.

Поделиться ссылкой: