“Мы спакойна сыходзілі з плошчы Незалежнасці ў бок вуліцы Валадарскага, – распавядала Мая ў сваіх інтэрв’ю пра тое, што здарылася з ёй 19 снежня 2010 года. – Нас было чацвёра: я, два хлопцы і яшчэ адна дзяўчына. Раптам на скрыжаванні праспекта і вуліцы Валадарскага спецназаўцы са стаяўшага там ачаплення сталі нас акружаць. Мы разгубіліся, было відаць, што яны настроены агрэсіўна: крычалі нешта накшталт «цяпер мы вам пакажам». Я ўзяла знаёмага за руку, а ён ад шоку пабег, я – за ім. Мы беглі праз двары, пакуль не ўпёрліся ў тупік. Спыніліся там у разгубленасці. І тут я ўбачыла, што за намі бяжыць хвост з пяці спецназаўцаў. У тым жа двары побач стаялі хлопец і дзяўчына – двое накінуліся на іх, а трое падбеглі і акружылі нас. Без прад’яўлення якіх-небудзь абвінавачанняў сталі біць майго знаёмага дубінкай па галаве. Я паспрабавала іх супакоіць, прасіла: «Не біце яго, калі ласка!” І тады той жа спецназавец, што біў знаёмага, стаў біць мяне. Не ведаю чаму. Напэўна, хацеў паказаць, што не трэба заступацца. Што было потым, я памятаю дрэнна. Здаецца, спецназавец двойчы ўдарыў мяне дубінкай па назе. Я ўпала. Затым ужо ляжачую ён ударыў мяне яшчэ раз, а можа, і некалькі разоў. Калі біў, казаў, каб я ішла ў машыну – а як я пайду, калі мяне б’юць?! Потым, калі паспрабавала ўстаць, аказалася, што я не магу ісці. Знаёмы панёс мяне ў міліцэйскі мікрааўтобус на руках…”

Мая аказалася прыкаванай да ложка, яна перанесла некалькі складаных аперацый. Дзяўчына тады вучылася на гістарычным факультэце ў Белдзяржуніверсітэце, на экзамены прыходзіла на мыліцах, пазней перавялася на завочнае аддзяленне і ўсё ж такі скончыла БДУ.

Пасля Мая Абромчык працягнула вучобу ў Польшчы – вучылася ў магістратуры ўніверсітэта ў Любліне па праграме Каліноўскага. Яна выбрала спецыяльнасць «Паліталогія».

“Я пакуль засталася ў Польшчы, – распавяла Мая Абромчык “Народнай Волі” пра сваё сённяшняе жыццё. – Здароўе нармальнае. Працую праграмістам, пішу кандыдацкую, але падрабязнасці пра кандыдацкую пакуль не хачу казаць…”