“Важны кожныя пяць рублёў…”

20

Watch Docs — гэта міжнародны фестываль дакументальнага кіно аб правах чалавека, які ўпершыню прайшоў у 2001-ым годзе ў Варшаве. Праграма традыцыйна закранае самыя балючыя грамадскія тэмы: глабалізацыя, змены клімату, генацыд, расізм, смяротнае пакаранне… Большасць стужак – гэта праца сапраўдных гуру дакументалістыкі, творцаў, якія ўмеюць перавярнуць душу гледача, без маніпуляцый, на адным толькі эфекце прысутнасці.

У Мінску Watch Docs адбудзецца ўжо трэці раз. Фільмы дэманструюцца з субтытрамі на рускай ці беларускай мове. Стужкі «Злавіць Хайдэра», «Джунглі сёння», «Зруйнаваная памяць» адаптаваныя для людзей са слабым слыхам.

Адзначым: фестываль адбудзецца ў любым выпадку, але падчас яго падрыхтоўкі арганізатары кожны раз прыкладаюць велізарныя намаганні, каб знайсці фінансавую падтрымку. Арганізатарам фестывалю прынцыпова пакінуць паказ некамерцыйным –  уваход на прагляд усіх кінастужак вольны, – таму актыўна шукаюць спонсараў і збіраюць ахвяраванні праз краўдфандынгавую платформу. Вось што на гэты конт “Народнай Волі” распавяла ініцыятар правядзення Watch Docs у Беларусі Таццяна Яворская:

— Для таго, каб закрыць усе фінансавыя пытанні, якія датычацца правядзення фестывалю нам не хапае грошай, — гаворыць суразмоўца. На сённяшні дзень патрэбна назбіраць яшчэ прыкладна 3000 беларускіх рублёў. Кожны ахвочы можа нам дапамагчы. Для таго, каб падтрымаць Watch Docs, на сайце Талака ідзе збор сродкаў. Сабраныя грошы пойдуць на арэнду кінатэатра “Мір” – гэта адна з пляцовак, дзе будуць дэманстравацца стужкі фестываля,  нам трэба аплаціць паслугі “Кінавідэапракату”, падрыхтаваць друкаваную прадукцыю, прысвечаную фільмам.

У гэтай справе важны кожныя пяць рублёў. Увогуле, варыянтаў, каб дапамагчы фестывалю, ёсць шмат. Усе яны пазначаны на згаданым сайце. Напрыклад, тым, хто ахвяруе 5 рублёў, арганізатары фестываля выкажуць публічную падзяку, а тым хто ахвяруе 25 рублёў, будуць зарэзерваваны месцы на ўсіх кінапаказах, якія ўвойдуць у праграму сёлятняга Watch Docs. Гэта не так і шмат для фестывалю такога ўзроўню. Насамрэч, на кінапраглядах мы чакаем аншлагу, таму я б раіла паклапаціцца пра рэзерв месцаў праз ахвяраванне.

— Якія фільмы вы параілі б паглядзець абавязкова?

— Усе яны добрыя, на розныя тэмы, на розны глядацкі густ. Над іх адборам працавала прафесійная каманда. Але я б, напрыклад, абавязкова звярнула ўвагу на стужку “Курумім” бразільскага рэжысёра Маркаса Прада. Галоўны яе герой — Марк «Курумім» Арчэр, які  быў асуджаны ў Інданэзіі за кантрабанду какаіну і трапіў у камеру смяротнікаў. Дзесяць гадоў ён правёў у падвешаным стане: і ў выніку  асуджаны даведваецца, калі будзе выкананы прысуд. Фінал «Куруміма» прадказальны, але ад таго не менш жудасны.

Адзначым, што паказы кінафестывалю Watch Docs пройдуць на пляцоўках кінатэатра “Мір”, Гістарычнай майстэрні (вул, Сухая,25), а таксама у Цэнтры культурных інавацый ОК16 (Кастрычніцкая, 16).

Поделиться ссылкой: