Да падзей Першага Усебеларускага з’езда “Народная Воля” звярталася не раз: некалькі месяцаў таму, напрыклад, у газеце быў надрукаваны цікавы і інфарматыўны артыкул нашага славутага акадэміка Радзіма Гарэцкага (а менавіта 23 чэрвеня 2017 года — №49).

Я ж паспрабую тут, абапіраючыся на архіўныя дакументы і публікацыі нашых і замежных гісторыкаў, узнавіць падзеі снежня 1917 года з максімальнай дакументальнай дакладнасцю, пакідаючы ацэнкі і меркаванні іншым…

1 снежня 1917 г. намеснік старшыні створанага незадоўга да гэтага Беларускага абласнога камітэта (БАК) П.Караткевіч накіраваў у Петраград бальшавіцкаму Савету народных камісараў на імя наркама па справах нацыянальнасцяў Іосіфа Сталіна ліст з просьбай пра згоду на скліканне Беларускага з’езда ў Рагачове. Адначасова запрошвалася салідная фінансавая дапамога ў памеры 55.195 рублёў. У гэтым лісце тлумачылася, што вынікам з’езда павінна будзе стаць утварэнне мясцовага Савета рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў. Пры гэтым Караткевіч запэўніваў Сталіна, што Беларускі абласны камітэт цалкам прызнае цэнтральную ўладу бальшавікоў і сярод іншага выступае за канфіскацыю зямлі, што знаходзілася ў прыватнай уласнасці. БАК планаваў арганізаваць такі з’езд супольна з Аблвыканзахам, фактычна насуперак зробленым да гэтага намаганням з боку Вялікай Беларускай Рады (ВБР). Кіраўнік бальшавіцкага ўрада Ленін аператыўна распарадзіўся выдзеліць БАК 50 тысяч рублёў і даць яму свабодны доступ да радыё і тэлеграфа.

Нягледзячы на гэта, 5 снежня ў Менску пачалі збірацца дэлегаты з’езда, скліканага якраз Вялікай Беларускай Радай, і БАК так або іначай мусіў далучыцца да іх ліку. Толькі фактычна напярэдадні з’явіліся ўлёткі, у якіх называлася месца правядзення з’езда (будынак Менскага гарадскога тэатра) і месца размяшчэння іншагародніх дэлегатаў (ваенна-санітарны цягнік №117, што знаходзіўся на галоўным вакзале). Прыбыццё дэлегатаў (а іх на дзень 5 снежня было выбрана каля 900) затрымлівалася, і арганізатары вырашылі накіраваць дадатковыя тэлеграмы. У гэты час распрацоўваўся праект складу Рады Усебеларускага з’езда: у яе склад павінны былі ўвайсці па 2–3 прадстаўнікі ад губернскіх і павятовых з’ездаў кожнай беларускай губерні, ад саветаў сялянскіх дэпутатаў, ад камітэтаў бежанцаў, ад Беларускай Цэнтральнай Вайсковай Рады (БЦВР). Па адным прадстаўніку ў Раду з’езда павінны былі дэлегаваць гарадскія самакіраванні, БАК, ВБР, БСГ, БНПС, Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Беларуская народная грамада (БНГ), камісія 2-га маскоўскага беларускага з’езда, Краёвае бюро, Часовы савет Менскай вайсковай акругі, Заходні, Паўночны, Паўднёва-Заходні і Румынскі франты, Фінляндскі флот, тылавыя ўстановы, прадстаўнікі кааператываў, прафесійных аб’яднанняў чыгуначнікаў, работнікаў пошты і тэлеграфа, настаўнікаў.

На першым пасяджэнні легітымнай Рады, якое адбылося тады ж, 5 снежня 1917 г., старшыняваў грамадскі і культурніцкі дзеяч, прадстаўнік БСГ Язэп Дыла, намеснікамі старшыні былі абраны Сымон Рак-Міхайлоўскі (БЦВР), Аляксандр Савіч (Заходні фронт), Даніла Васілеўскі (павятовыя і губернскія земствы), сакратарамі – Аляксандр Кусэ-Цюз (БАК), Іван Ткачэнка (валасныя земствы Віленскай губерні), Язэп Васілевіч (БНГ). Падчас наступных пасяджэнняў Рады з’езда 6 снежня былі адхілены прапановы зацвердзіць дэлегатаў ад небеларускіх палітычных партый і ад судовых устаноў, а таксама зацверджаны назвы секцый: палітычна-нацыянальная, аграрная, эканамічна-фінансавая, культурна-асветная, па арганізацыі часовай улады, дзяржаўна-праўная, па арганізацыі нацыянальнага войска, бежанская. У той жа дзень было вырашана адкрыць першае пасяджэнне Усебеларускага з’езда 7 снежня а 15-й гадзіне. Як сведчыць пратакол №9 прыватнай нарады дэлегатаў з’езда, яго афіцыйнае адкрыццё прызначылі ў гэты дзень, і ў зале чуліся воклічы: “Хай жыве Вольная Беларусь!”, “Да здравствует армия и революционная демократия!”.

Афіцыйнае ўрачыстае адкрыццё першага пасяджэння адбылося 7 снежня 1917 г. у 20.45. Распачаў яго Сымон Рак-Міхайлоўскі словамі: “Народ беларускі! Мне выпаў вялікі гонар адкрыць гэты з’езд. Цераз вашы плечы я бачу ўсю Беларусь! Яна стаіць перад вамі спакутаваная, поўная смутку і надзеі. Па яе схуднелых шчоках бягуць слёзы. Беларусы! Вы прыйшлі сюды сказаць сваё слова. Працуйце ж дзеля дабра свайго народа. Няхай жыве Вольная Беларусь!” Апошняя фраза Рак-Міхайлоўскага патанула ў бурных воплесках, чуліся воклічы “Ура!”, вайсковы аркестр зайграў “Марсельезу”. Пасля гэтага ўдзельнікі з’езда ўшанавалі ўставаннем памяць усіх, хто “паклаў сваё жыццё за радзіму і свабоду”. Ззаду за сталом прэзідыума з’езда з’явіўся хор у беларускіх нацыянальных строях, юная гімназістка з хору вітала прысутных пад іх гарачыя апладысменты. З наступным вітаннем выступіў заснавальнік і рэжысёр Таварыства беларускай драмы і камедыі Фларыян Ждановіч. Пасля гэтага была выканана “беларуская “Марсельеза” – “Ад веку мы спалі” – і рэвалюцыйная песня “Кроў нашу льюць даўно ўжо каты”.

Ад імя ЦВБР з’езд вітаў Канстанцін Езавітаў, ад імя арганізацый беларускіх бежанцаў – Аляксандр Цвікевіч, ад імя настаўнікаў – дырэктар настаўніцкай семінарыі Аляксандр Шастоў, ад імя Слуцкай беларускай гімназіі – Радаслаў Астроўскі, ад імя беларускіх левых сацыял-дэмакратаў – Усевалад Фальскі. З прывітальным словам выступілі таксама ветэран рэвалюцыйнага руху, колішні дзеяч “Зямлі і волі” Анатоль Бонч-Асмалоўскі, прадстаўнік Часовага Краёвага Бюро Яўген Валковіч, вышэйзгаданы Язэп Дыла, упаўнаважаны прадстаўнік ад з’езда беларусаў-вайскоўцаў у Бабруйску Фабіян Шантыр. Прадстаўнікі Маскоўскай арганізацыі БСГ, Абласнога камітэта партыі эсэраў, Паўночнага, Заходняга, Паўднёва-Заходняга, Румынскага франтоў, Балтыйскага флоту, паветранага флоту запэўнілі дэлегатаў, што яны падтрымаюць рашэнні Усебеларускага з’езда. Ад імя Першага Беларускага палка да з’езда звярнуўся Тамаш Грыб; да яго далучыўся генерал Канстанцін Аляксееўскі. Выступілі таксама прадстаўнікі ўкраінцаў і мусульман Заходняга фронту, аб’яднаных яўрэйскіх партый, польскага Дэмакратычнага саюза, Бунда (“Ад сямнаццатага стагоддзя беларусы забылі сябе, а яны ж былі магутным вольным народам. Старая самадзяржаўная ўлада нацкоўвала нас адно на аднаго. Былі пагромы, але не ў Беларусі, а калі і здараліся непаразуменні, дык за імі стаялі царскія найміты. Вітаю Беларускую рэспубліку!”). Далей дэлегатаў віталі прадстаўнікі агульнафрантавога казацкага з’езда, польскіх сацыял-дэмакратаў, БНГ, бежанцаў Гарадзенскай губерні, службоўцаў Лібава-Роменскай чыгункі, мінскіх школьнікаў.

Прадстаўнік латышскай секцыі партыі бальшавікоў у Менску Рэзавускі спрабаваў учыніць правакацыю: “Не павінна быць падзелу на нацыі. Кіньце гэты свой сцяг!” Гэта выклікала абурэнне большасці прысутных. Генерал Аляксееўскі падышоў і дэманстратыўна пацалаваў сцяг, а апрануты ў кажух селянін з Менскай губерні Плішэвіч адказаў правакатару: “Якую ганьбу мы толькі што перажылі! Мы цёмныя людзі, але такіх вучыцялёў, як гэты латыш, нам не трэба!.. Трэба бараніць сцяг і пачытаць яго”.

Ад імя з’езда Тамаш Грыб прасіў выказаць словы салідарнасці з Украінскай Цэнтральнай Радай, якая на той час ужо сутыкнулася з ультыматумамі і рэпрэсіямі з боку бальшавікоў.

З увагай прысутныя выслухалі паэта Алеся Гаруна (Аляксандра Прушынскага), які незадоўга перад з’ездам вярнуўся з дзесяцігадовай сібірскай высылкі. Ён закончыў сваё выступленне словамі: “Нам патрэбны як найхутчэй свой Устаноўчы Сход!”, якія сустрэлі бурнымі воплескамі.

Ужо пасля поўначы першае пасяджэнне Усебеларускага з’езда завяршылася вітальнымі словамі дэлегата-селяніна ад Машчанскай воласці і прадстаўніка менскага Савета сялянскіх дэпутатаў. Прадстаўнік Бунда ад імя ўсіх нацыянальных меншасцяў казаў пра “поўную падтрымку беларускаму народу”.