Парасон Алеся Каско

20

Гэта потым прысланыя здалёку пісарчукі перайначылі яго спачатку на ваяўнічае Каска, а потым і на малаўцямнае Каско. А дзяды-прадзеды жылі-векавалі Казкамі. Нездарма ў роднай вёсцы Алеся – Чудзіне – спрадвеку жылі казачнікі і байкары, ад якіх знакаміты фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі ў свой час запісаў цэлую кнігу “Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў” (1911).

Чудзін той у Ганцавіцкім раёне сёння амаль абязлюднеў. Падобны лёс напаткаў тысячы беларускіх вёсак, якім не пашчасціла стаць цэнтрамі прыярытэтных для сённяшняй улады аграгарадкоў (“гыр-гыр-гарадок” – як вымаўляла адна бабка). Алесь Каско не хацеў пазбаўляцца сваёй чудзінскай бацькоўскай хаты, прыязджаў то адзін, то з сябрамі – з няблізкай Жабінкі, дзе настаўнічаў, працаваў у раёнцы, адкуль кіраваў Брэсцкім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў. З Алесевых рук яго пераняла мужная Ніна Мацяш – яны абое залічвалі сябе да літаратурнага кола “Берасцейскае вогнішча”, запаленага і доўгія гады дагляданага прафесарам Уладзімірам Калеснікам.

26 лістапада Алесь Каско на 66-м годзе жыцця пайшоў наўслед за сваім настаўнікам Уладзімірам Андрэевічам, за сваёй аднаверніцай-цярплівіцай Нінай. Веру – яны і на тым свеце запаляць сваё зыркае вогнішча, каля якога збяруцца азалелыя беларускія душы.

Што ім пачытае паэт з казачным прозвішчам? Можа, гэтыя па-мітынговаму палымяныя радкі, прамоўленыя ім ад імя Кастуся Каліноўскага? “Ты, народ мой, – не слабы. / Дзецюкі! Слязу сатрыце, / Для вялікае касьбы / Свае косы навастрыце. / Біце ў звон ва ўсе канцы / Ў непахіснасці і веры. / Сёння вы яшчэ касцы, / А ўжо заўтра – касінеры”.

А можа, гэты балючы верш са зборніка з нязвыклай лічбавай назвай “45”? “Здавалася б: ну вось ён, Храм, / Што збудавалі пакаленні. / Стаў на парог – а ў храме Хам / Сагнуў калені не ў маленні. / Сядзіць і гнюсіць на алтар / Ахвяр, што ўмёрлі за свабоду. / Ён – валадар, ён – гаспадар / Свайго прыходу і смуроду”.

А можа, гэты верш-дыялог пра рэферэндум 1995 года, надрукаваны тады ж у тыднёвіку “ЛіМ”? “Вось – гвалтоўны гісторыі ход: / Пагарджаны вякамі народ, / Што душою аглух і аслеп, / Плюне ў мову, і ў сцяг свой, і ў герб. / І тады, як адвернецца свет, / Не апомніцеся, прэзідэнт? / – Нет. / Набрыняе крывёй каляндар, / Кіне Бога сумленны святар. / Роспач вусны прароку замкне, / Вучні ўтопяць жалобу ў віне. / І тады, як смерць прыме паэт, / Не пакаецеся, прэзідэнт? / – Нет”.

Памятаю, як захапляліся гэтым вершам-учынкам Алеся Каско ў тагачасных літаратурных кулуарах. Знешне ціхмяны і міралюбны, ён у неабходны момант мог пайсці і легчы на амбразуру – каб уратаваць самае дарагое. Гэта рэдкая якасць, пісьменнікі ў пераважнай сваёй бальшыні адкрыта ваяваць не любяць. Ім – нярэдка бездапаможным і бязвольным – Алесь раіў чытаць Ніцшэ і Шапенгаўэра, каб духам гартавацца.

Наўрад ці ў Жабінцы ён меў з кім абмеркаваць таго ж Ніцшэ, але ў апошніх зборніках выступаў не толькі ўмелым рыфмаром, але і думаннікам. Дасылаў іх сталічным сябрам – са спадзевам на водгук-водгалас у цэнтральных газетах. Каюся, і я абяцаў адгукнуцца на атрыманы праз пошту зборнік “Прыадхінуты небасхіл”. Не паспеў. Затое паспеў паіранізаваць з Алеся, які ў папярэдняй кніжцы “Трохкроп’е” змясціў ажно восем уласных партрэтаў. Цяпер разумею – тыя партрэты толькі падкрэслівалі паэтаву адзіноту і пакінутасць у раённым гарадку.

Як Алесь радаваўся, калі мы неяк наведалі яго ў Жабінцы з нашым славутым сурмачом Уладзімірам Пузынем! Пацягнуў нас выступаць у санаторый “Буг”, а там – неспадзяванка: 95% адпачыннікаў – расіяне. Паўстала пытанне – на якой мове выступаць? Адміністратарка настойвала – па-руску, але Алесь своечасова ўзяў сітуацыю пад кантроль і проста са сцэны правёў моўны міні-рэферэндум. Вынік – каля двухсот чалавек узнялі рукі за беларускую мову, з дзясятак устрымаліся, супраць мовы не было ніводнага! Мы з Пузынем тады яшчэ пажартавалі: вось добра было б, калі б Алесь Каско Цэнтрвыбаркам узначальваў…

Памятаю, пры складанні анталогіі “Галасы з-за небакраю: паэты свету ў беларускіх перакладах ХХ стагоддзя” выявілася, што многія шэдэўры ніколі ў нас не перакладаліся. І я звярнуўся да некаторых паэтаў з просьбай запоўніць тыя лакуны. Алесю Каско дастаўся для перастварэння верш Арсенія Таркоўскага “Першыя спатканні” (памятаеце, яго чытае сам аўтар у фільме “Люстэрка”). Прызнацца, я не верыў, што Алесь справіцца з пастаўленай задачай – там і гукапіс, і галавакружныя інверсіі. Але праз пару дзён атрымаў з Жабінкі пераклад – твор гучаў так, быццам Таркоўскі напісаў яго па-беларуску! “Спатканняў нашых кожнае імгненне / Мы святкавалі, як богаз’яўленне, / Адны на цэлым свеце. Ты была / Смялейшай і лягчэйшай ад крыла / Птушынага; бы галавакружэнне, / Па лесвіцы злятала і вяла / Скрозь бэз вільготны ў сад свой без наймення / На тым баку люстэркавага шкла…”

Падчас нашай апошняй сустрэчы ў Мінску я перадаў Алесю згаданую анталогію – раней чамусьці зрабіць гэта не выпадала. Ішоў дождж, мы развітваліся на аўтобусным прыпынку. Нечакана ён сунуў мне ў рукі свой парасон – “гэта табе падарунак” – і заскочыў у аўтобус, дзверы якога тут жа зачыніліся. Алесь паехаў, а я застаўся разгублена стаяць на прыпынку – пад дажджом і пад вялікім чырвоным парасонам з лагатыпам газеты “Звязда”. У той самы дзень Алесь атрымаў яго як прыз за перамогу ў літаратурным конкурсе…

Парасон той доўгі час служыў мне па сваім прамым прызначэнні. А цяпер ён стаў нібы маім абярэгам, маёй заслонай ад рознай жыццёвай злыбяды. Такое адчуванне, быццам яго трымае нада мной сяброўская рука Алеся Каско…

Поделиться ссылкой: