Марзалюк пра НТВ: «Гэтыя людзі павінны стаць персонамі нон-грата і ніколі не перасекчы межаў Беларусі»

114

Удзельнікі расійскага шоу асабліва не сквапіліся на словы, якіх толькі эпітэтаў не атрымала Беларусь: і «няверная жонка», і параўноўвалі з самай старажытнай прафесіяй.

Вядучы Бачкоў сказаў, што ўдзел Беларусі ў саміце Усходняга партнёрства ў Брусэлі выклікаў «сапраўдную істэрыю» некаторых расійскіх СМІ. І праходзіць міма такіх папрокаў не выпадае. У студыю быў запрошаны кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, які быў у эфіры НТВ. Бачкоў параўнаў паводзіны Дзмітрыева ў эфіры «Месца сустрэчы» са «штатным прапагандыстам».

Разам з тым, Бачкоў падкрэсліў, што запрашаць у перадачу толькі прадстаўніка апазіцыі было няправільна. Гэта ўсё адно, каб у эфіры АНТ пра Расію разважалі толькі Навальны і Сабчак.

Намеснік старшыні ЛДПБ Алег Гайдукевіч заклікаў «забывацца на свае палітычныя погляды», калі нехта едзе на такія перадачы. «І не толькі ў Расіі, але і ў ЕС. Усё, што прагучала на НТВ ад пачатку да канца, хлусня. Гэта адбывалася на фоне таго, што на саміце Усходняга партнёрства Беларусь абараняла інтарэсы Расіі. Яны апускаюцца да бруду і хлусні».

Выразную пазіцыю заняў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк: «МЗС павінна даць ясны і канкрэтны сігнал. Гаспадарам Норкіных і іншых растлумачыць, што трэба трымаць на кароткім павадку. Яны павінны стаць персонамі нон-грата і ніколі не перасякаць межаў краіны».

З Расіі на эфір АНТ быў запрошаны філосаф Андрэй Акара, які сказаў, што «здзіўлены таму, што ў Беларусі здзіўленыя такім паводзінам расійскіх тэлеканалаў». Чаму так адбываецца, спыталіся ў Акары?

«Бо такая структура імперскай ідэалогіі, імперскага погляду на рэчы, у тым ліку постсавецкай прасторы», — адказаў Акара.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў са станоўчага боку адзначыў, што такія перадачы з’явіліся на беларускім тэлебачанні, але перажываў, ці не занадта позна. «Ці не спазніліся мы?» — задаваўся пытаннем Кастусёў.

«Не спазніліся, Грыгорый», — быў яму адказ ад лідара прадзяржаўных камуністаў Георгія Атаманава. Далей Атаманаў гаварыў зусім нязвыклыя для сябе рэчы: «Газ яны нам перакрывалі, цэны ўстанаўлівалі, казалі, каго прызнаць, а каго — не. Мы што, павінны цалкам згубіць уласны розум і самастойнасць?»

Калі расійскі пісьменнік Уладзімір Еранасян паспрабаваў даказаць, што Расія па-ранейшаму — наш галоўны сябра і партнёр, Алег Гайдукевіч і палітолаг Вадзім Баравік яго проста закрычалі.

«Пра што вы кажаце, якія персоны нон-грата? Мы сябры, найлепшыя на свеце сябры. Давайце глядзець па ўчынках, а ўчынкі такія, што тавары беларускіх вытворцаў прадаюцца ў Расіі», — казаў Еранасян.

«Яны нас называлі амаль матным словам», — крычаў Баравік. «Вы прапануеце маўчаць? Гэта ідзе ў шкоду беларуска-расійскім адносінам», — перакрыкваў таго Гайдукевіч.

Поделиться ссылкой: