Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Мабыць, не сёння і не заўтра, і нават не ў наступным годзе…
13:02 5 снежня 2017
81
Памер шрыфта
Фота з сайта Ctrcenter.org

Апошнім часам у адносінах Беларусі з Радай Еўропы назіраецца пэўнае пацяпленне. Так, у студзені наступнага года ўпершыню за 20 гадоў прадстаўнікі Нацыянальнага сходу змогуць удзельнічаць у абмеркаванні пытанняў палітычнай камісіі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ).

А Камітэт міністраў Рады Еўропы ў лістападзе ўхваліў дакумент, у якім гаворыцца, што інтэграцыя Беларусі ў дадзеную арганізацыю застаецца стратэгічнай мэтай апошняй. Але з істотным дадаткам – на аснове яе каштоўнасцяў і прынцыпаў. У прыватнасці, было адзначана, што “найважнейшым крокам, які б дазволіў Беларусі наблізіцца да гэтых каштоўнасцяў, была б адмена смяротнага пакарання”.

Таксама год таму Камітэт прыняў план дзеянняў для Беларусі, закліканы дапамагчы краіне прасоўвацца да дасягнення стандартаў Рады Еўропы. Рэалізацыя яго мусіць ажыццяўляцца ў цесным супрацоўніцтве з уладамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

Падчас свайго нядаўняга наведавання нашай краіны дакладчык ПАРЕ Андрэа Рыгоні заявіў, што ПАРЕ бачыць сваёй задачай не проста “набліжэнне Беларусі да каштоўнасцяў Рады Еўропы”, але і яе ўваходжанне ў склад арганізацыі.

Нават фармальна гаворка пакуль што можа ісці толькі пра статус “спецыяльна запрошанага”, але спадар Рыгоні заўсёды вызначаўся празмерным аптымізмам. Яшчэ ў 2009-м ён прапаноўваў вярнуць статус наогул без папярэдніх умоваў: маўляў, такі жэст падштурхне беларускае кіраўніцтва да сустрэчных крокаў.

Нагадаем, што Беларусь ужо мела гэты статус з верасня 1992 году, аднак ён быў скасаваны пасля правядзення ў 1996-м канстытуцыйнага рэферэндуму. Далей узаемаадносіны складаліся па-рознаму. Напачатку яны былі даволі жорстка абмежаваныя, але пазней у Асамблеі паўстала ідэя ажыццяўлення трансфармацыі рэжыму шляхам уцягвання яго ў пакрокавы працэс – дэмакратычнае рэфармаванне ў абмен на паступовае зняцце санкцыяў.

У выніку на сёння з першапачатковага шэрагу ўмоваў Рады Еўропы ў парадку дня засталося толькі згаданае патрабаванне адмяніць смяротнае пакаранне альбо хаця б накласці на яго мараторый. Астатнія ж, як свабода меркаванняў і сходаў, сумленныя выбары, права на інфармацыю і на справядлівы судовы разгляд неяк паступова адышлі на другі план ці, фактычна, зусім зніклі.

Ідэя Рыгоні таксама не згасла. Напачатку гэтага года з’явілася інфармацыя, што новаабраны старшыня ПАРЕ, іспанскі парламентарый Педра Аграмунт, асобна вылучыў адносіны з Беларуссю, закрануўшы пры гэтым тэму вяртання статусу. І хто ведае, як бы разгортваліся падзеі ў гэтым накірунку, калі б у кастрычніку дэпутаты ПАРЕ не прымусілі Аграмунта сыйсці ў адстаўку з-за таго, што ён лётаў у Сірыю да Асада на расійскім урадавым самалёце…

Як не дзіўна, беларускае кіраўніцтва не спяшаецца скарыстацца новымі магчымасцямі,  хоць, здавалася б, аніякіх пагроз ягоным уладным паўнамоцтвам пры гэтым узнікнуць не можа. У якасці аднаго з матываў ігнаравання еўрапейскіх заклікаў можна, напэўна, разглядаць катэгарычнае нежаданне рабіць штосьці пад ціскам.

Аднак нашмат больш істотным падаецца тое, што, па вялікім рахунку, беларускі рэжым не надта хвалюе сяброўства ў Радзе Еўропы. Бо таго, што ён у першую чаргу шукае на Захадзе, то бок крэдытаў і інвестыцый, гэта структура не выдае. Не займаецца яна і распаўсюдам новых тэхналогій.

А вось непрыемнасцяў проста пры здабыцці статусу, не кажучы ўжо пра паўнапраўнае членства, пазбегнуць наўрад ці атрымаецца.

Наглядны прыклад: найблізкі хаўруснік – Расія – таксама даволі доўга дамагалася членства, і што атрымала ў выніку? Сталае “паласканне” то за чачэнскую вайну, то за адсутнасць дэмакратыі. Акрамя таго, Маскве прыйшлося выплаціць шмат штрафаў па прысудах Еўрапейскага суда па правах чалавека.

Зараз жа ў сувязі з акупацыяй Крыму расійскую дэлегацыю пазбавілі права голасу на сесіях ПАРЕ, кіраўнічых пастоў і магчымасці ўдзелу ў наглядальных місіях.

Цяжка чакаць, што ў іх беларускіх калегаў жыццё будзе лягчэйшым – занадта кардынальна адрозніваюцца тутэйшыя погляды на лад жыцця ад тых, што пануюць у Еўропе. Так што гісторыя гэта будзе цягнуцца яшчэ доўга.

Тэмы:,
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

13 снежня 2017

Является ли Беларусь социальным государством?

«Доходы населения упали, и люди с заработком в 300 долларов смотрят на тех, кто зарабатывает 1000 долларов, как на богатых».
12 снежня 2017

Минск не хочет в ЕС, ему бы «деполитизированного прагматизма»

Три дня в Минске около 80 экспертов, дипломатов и чиновников рефлексировали на тему Евросоюза и «Восточного партнерства».
11 снежня 2017

Беларусь на 6-м месцы сярод краін з найніжэйшымі заробкамі ў Еўропе

Беларусь трапіла на 6-е месца ў спісе краін Еўропы з найніжэйшымі заробкамі.