Данута Бічэль: “Шчасце не ў багацці, а ў любові і свабодзе…”

24

Напярэдадні юбілею карэспандэнт “Народнай Волі” паразмаўляў з беларускай паэткай.

– Днём вашых народзінаў называюць то 1 студзеня 1938-га, то 3 снежня 1937 года. Якая дата ўсё ж  правільная? І чаму ўзнікла такая блытаніна?

– Архівы касцёла згарэлі, і ў лідскім загсе выдавалі пасведчанне аб нараджэнні са слоў таго, хто звяртаўся. Я выбрала пачатак года, адняўшы няпоўны месяц, зрабіла сябе як бы маладзейшай. Тады абдумваць сітуацыю не было часу, у вёсцы дата нараджэння не мела значэння…

– Цягу да слова адчувалі з дзяцінства?

– Так. Сястра Рэня вучылася чытаць, а я сядзела каля яе і пераймала кожнае слова… Чытанне – гэта быў любімы занятак у нашай сям’і. У зімовыя вечары пры лучыне або пры лямпе тата чытаў кнігі, якія пераходзілі з хаты ў хату, а мы слухалі.

Раскажыце пра сваю сям’ю…

– У Першую сусветную вайну мой дзед Адам паслухаў сваю трэцюю жонку, мачыху яго дзяцей ад двух папярэдніх шлюбаў, завёз малых у Ліду пад прытулак і там пакінуў. Яначка памёр. Костуся забралі ў Заполле дзед і бабуля з боку Францішкі, маці гэтых дзяцей (пасля хлопца забралі яе сёстры ў Лодзь). Марыльку і меншую сястру Яніну ўзялі да сябе людзі. Марылька і Яніна служылі нянькамі пад Лідай. У вёсцы засталася старэйшая сястра Броня. Калі Марылька вырасла і вярталася са службы ў вёску, на рынку сустрэла Яську. Малады чалавек узяўся яе падвезці. Так  мае бацькі і пазнаёміліся. Яны былі ў вёсцы Біскупцы першай парай, якая сышлася па любові.

– Вы нарадзіліся ў Біскупцах на Лідчыне і гадаваліся на хутары Загасцінец. Як родныя мясціны паспрыялі фарміраванню вашага паэтычнага густу?

– Загасцінец – гэта выселкі, там жылі бедныя людзі, асабліва з боку ад лесу. Але жыць на хутары лепей, чым у вёсцы, таму што ты, як кажуць, сам сабе пан і гаспадар, вакол цябе ўвесь сусвет круціцца, і ніхто не перашкаджае табе быць у сэрцы сусвету. Ты прачынаешся і чуеш, што зямля ўздыхнула, сонейка ўсміхнулася, лес з усімі яго насельнікамі цябе чакае, кліча і дзеліцца сваім шчасцем. І душа пяе, зліваецца са светам. Я расла і ведала, што шчасце не ў багацці, а ў любові і свабодзе.

– Што вам запомнілася з часоў Вялікай Айчыннай вайны?

– Пражэктары ў небе над Лідай. Немцы, якія ловяць нашых курэй. Палонны, якога я напаіла з кубачка сырадоем. Страх, калі навокал ціўкаюць, але не птушкі. Атрад Бельскага, які начаваў у нашай хаце і ў  гумне з палоннымі яўрэямі. Страх, калі тату забралі партызаны і павялі ў адной кашулі. Атрад Матросава вярнуў яго і ўсё, што забралі з нашай хаты. Жах смерці, калі дзядзьку Ігналя забілі. Жах смерці, калі крычаў ад болю малодшы Ігналёў сын Фадзей, якога смяротна паранілі на вечарынцы… Адну зіму мы ўцякалі ад усіх і хаваліся ў Татарцах… Усяго не пералічыш, бо вайна надта багатая на падзеі. А пасля вайны нашы пастушкі падарваліся на тых “цацках”, якія знайшлі ў рацэ Гаўі.

– Чаму вырашылі вучыцца ў Лідскім педвучылішчы, а затым у Гродзенскім педагагічным інстытуце?

– Асабліва выбіраць не было з чаго. Стрыечная сястра Францішка ўжо вучылася ў Лідскім педвучылішчы, я пайшла па яе слядах. І жыла пры ёй у пані Ядзвігі ў старым доме. Яны з Марысяй Скрэнда прынялі мяне ў пакойчык, адгароджаны ад гаспадынінага вялікім крэдансам. Найбольшую навуку мы атрымалі ў тым доме – жыць па божых запаветах у любові і павазе да людзей, берагчы дзявочую чысціню. Пасля вучылішча можна было далей вучыцца, бо мела дыплом выдатніка, то я гэта і выкарыстала… Паехала ў педінстытут у Гродна, бо Нёман мяне не адпускаў, цягнуў па цячэнні.

– У 1957 годзе вы напісалі верш “Роднае слова”, які сёння дзеці вывучаюць на занятках па беларускай літаратуры. Можа, узгадаеце, як ён узнік?

– Ён узнік летам, калі грэблі сена на лузе. Што бачыла, пра тое і пісала – пракос быў доўгі, таму ў вершы такія эпітэты… Але гэты творчы прыём я выкарыстоўвала і далей. Я не пісала верш, а складала вусна, а пасля запісвала. Так я рабіла ўвесь час: хадзіла і складала ў рытм хадзе.

– Вы сябравалі з Аляксеем Карпюком і Васілём Быкавым. Якімі яны вам запомніліся?

– Сапраўднымі людзьмі, добрымі сябрамі, моцнымі салдатамі ў літаратуры. Яны мне былі як браты. І пакуль яны былі жывыя, я мела літаратурную мужчынскую сяброўскую падтрымку ва ўсім.

М.Бічэль і В. Быкаў 1966 год. Гродна

– Як вы пазнаёміліся са сваім мужам Эрыкам Загнетавым? І як ён ставіўся да вашай паэтычнай творчасці?

– На гарадскім навагоднім вечары ў школе №1 на танцах Эрык адказваў за музыку, бо ён па прафесіі быў гукааператар, скончыў у Піцеры (ён так называў гэты горад) інстытут кінаінжынераў. Я запрасіла Эрыка на дамскі вальс. Ён сядзеў на такім узвышэнні, дзе знаходзілася ўся музычная апаратура, і я не бачыла, каго запрашаю. Гэта магло і скончыцца, як пачалося, але ён напісаў мне ліст у інтэрнат і запрасіў на спатканне на мост, што злучае Стары і Новы замкі. А пасля прапанаваў прайсціся ў бок Каложы. Там ён здымаў пакой у гаспадыні Адамаўны ў драўляным доме. Ён выбраў мяне як дзяўчыну, а не як паэтку.

– Вы амаль 20 гадоў працавалі ў школе. Што вам запомнілася з настаўніцкіх часоў?

– Вучні, з якімі я добра сябе пачувала, паколькі яны любілі беларускую літаратуру гэтак жа, як і я. У школе рабочай моладзі – шчаслівыя хлопцы, якія прыходзілі ў панядзелак на заняткі без сшыткаў, проста з работы… Яны і цяпер мяне пазнаюць, прапануюць паднесці сумку (як і тады), але я адмаўляюся.

– Чым стаў для вас музей імя Максіма Багдановіча, у якім працавалі затым?

– Музей Максіма Багдановіча мне падараваў Бог за шчырае служэнне літаратуры. Я там апынулася ў цэнтры грамадскіх і культурных падзей,  што перажывалі Беларусь і ўвесь неабдымны СССР, які пачаў тады расшчэплівацца на самастойныя дзяржавы… Перш за ўсё, паэзія Максіма прыцягвала сапраўдных, моцных духам шукальнікаў праўды і свайго месца на зямлі паміж народамі. У той самы час Максім Багдановіч атрымаў бессмяротнасць пасля незаслужанага забыцця, і мы ва ўсёй Беларусі з’ядналіся, каб яму служыць, каб з ім служыць Радзіме.

М.Ермаловіч, Данута Бічэль і Ніна Тарэлкіна каля мемарыяльнага знака ў Вільні

– Чым выкліканы зварот да рэлігійнай тэматыкі ў апошніх вашых кнігах?

– Я выхавана ў сям’і, якая была створана на аснове духоўнай культуры беларускай вёскі, мае бацькі бралі шлюб у касцёле, мяне там хрысцілі на Божае Нараджэнне, падрыхтавалі да першай камуніі, мае родныя ўсё жыццё маліліся, жылі і паміралі з Богам. Мае першыя вершы таксама рэлігійныя, хрысціянскія, ну, напрыклад:

Нехта, добры, хто пануе цішай,

Нехта, дужы, гэты свет калыша,

Нехта цішу цэдзіць млявай жменяй…

меней…

меней… (верш “Ранак”, 1963).

Апошнія мае кнігі складаюцца з вершаў, медытацый, уласных малітваў, якія я пішу для каталіцкіх часопісаў “Наша вера” і “Ave Maria”.  Там я змяшчаю і ўспаміны пра тых, “каго помню і люблю”. І выбіраю адпаведныя  пераклады святых паэтаў Яна Твардоўскага, Святога Францішка з Асізі, Караля Вайтылы, Мацея Канановіча, Міраслава Качмарэка, Маці Тэрэзы з Калькуты, і т.п.

– Які падарунак вы хацелі б атрымаць на Дзень народзінаў?

– Да дня народзінаў выдавецтва “Про Хрысто” падрыхтавала кніжку вершаў, малітваў і медытацый “Дайсці да Каложы”… Гэта вершы апошняга года.  А калі адказваць словамі прарока Янкі Купалы, то хачу:

Усю Беларусь – неаб’ятну, як мора,

Ўбачыць у ясным, як сонца, святле.

Поделиться ссылкой: