Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

На думку доктара філалагічных навук Міхася Тычыны і кандыдата філалагічных навук Лявона Баршчэўскага, сярод творцаў, якія раскрываюць патэнцыял нашай нацыянальнай паэзіі, паказваюць неверагодныя магчымасці беларускай мовы, адно з самых значных месцаў на працягу апошніх 50 гадоў, бясспрэчна, займае Алесь Разанаў.
11:42 5 снежня 2017
36
Памер шрыфта
Фота: Budzma.org

Сёння ў яго юбілей – 70! “Народная Воля” далучаецца да шматлікіх віншаванняў і жадае доўгага веку і творчага плёну!

З творчай біяграфіі

Алесь Разанаў нарадзіўся 5 снежня 1947 г. у вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна на Брэстчыне ў сям’і службоўца. Ужо ў 11 гадоў браў удзел у абласным творчым семінары і быў заўважаны такім літаратурным мэтрам, як выдатны даследчык і выкладчык Уладзімір Калеснік. Скончыўшы ў 1966 г. Сялецкую школу, ён паступіў на беларускае аддзяленне мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. Увосень 1968 года браў актыўны ўдзел у студэнцкай акцыі, скіраванай у абарону беларускай мовы: быў ініцыятарам заявы аб тым, каб усе прадметы на яго факультэце выкладаліся па-беларуску. Быў адлічаны і “высланы” ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя Пушкіна, які ён скончыў у 1970 годзе. Спрабаваў стаць аспірантам Акадэміі навук, усе экзамены здаў на “выдатна”, але ўсё паводле тых жа палітычных матываў не быў прыняты ў аспірантуру. Служыў у войску, працаваў у школе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. З 1972 года быў літаратурным супрацоўнікам газеты “Літаратура і мастацтва”, бюлетэня “Родная прырода”, рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”, старшынёй Беларускага фонду Рэрыхаў, навуковым супрацоўнікам Скарынаўскага цэнтра, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Крыніца”. У першай палове 2000-х працяглы час жыў у Германіі і Швейцарыі.

Пачынаў Разанаў з авангардысцкіх эксперыментаў: увогуле ж, у першым паэтычным зборніку са шматзначнай на тыя часы назвай “Адраджэнне”, што, моцна скажоны цэнзурай, выйшаў з друку ў 1970 годзе, пераважалі адраджэнскія настроі, услаўляліся героі беларускага вызваленчага руху, замежныя вучоныя і пісьменнікі, адкрывальнікі новага, утапісты і змагары. У паэтыцы пераважалі імклівыя рытмы, рамантычная ўзнёсласць, ускладнёная метафарычнасць. Але ўжо ў наступным зборніку вершаў Разанава “Назаўжды” (апублікаваны ў 1974 г.) навідавоку быў яго шукальніцкі характар, схільнасць да паэтычнага эксперымента, павышаная ўвага да філасофскіх праблем.

З таго часу з імем Алеся Разанава звязваецца ўяўленне аб інтэлектуальнай плыні ў беларускай паэзіі.

Наватарскія пошукі Алеся Разанава яскрава выявіліся ў паэтычных кнігах наступнай чвэрці стагоддзя творчага шляху паэта – “Вастрыё стралы”, “У горадзе валадарыць Рагвалод”, “Паляванне ў райскай даліне”, “Рэчаіснасць”, “Гліна. Камень. Жалеза”, “Лясная дарога”…

Асаблівую старонку творчасці Алеся Разанава ўяўляюць яго паэтычныя перастварэнні класікі нашага старадаўняга пісьменства. Кірыла Тураўскі, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Іпацій Пацей, Леў Сапега з’яўляюцца нашаму чытачу ў сучасным беларускім абліччы і дазваляюць задумацца над іх ідэямі і вобразамі цяперашняга студэнта і прафесара-інтэлектуала (“Кніга ўзнаўленняў”)… Сёлета, у год паўтысячнага юбілею беларускага кнігадруку, у салідным томе пад назвай “Маем найбольшае самі” Разанаў віртуозна паказаў паэтычную аснову ўсіх, здавалася б, даўно вядомых прадмоў і пасляслоўяў Францішка Скарыны.

Да юбілею Алеся Разанава ў прыватным выдавецтве Зміцера Коласа толькі што выйшла і завозіцца ў кнігарні кніжка яго самых вядомых паэтычных твораў “Перавыбранае”.

Тэмы:, ,
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

28 лістапада 2017

Як настаўнік матэматыкі перакладае Высоцкага і змагаецца за беларускую мову

27 лістапада ў Гродне свае кнігі прэзентаваў Міхась Булавацкі, вядомы магілёўскі настаўнік матэматыкі, журналіст, пісьменнік і грамадскі дзеяч.

У Мінску будзе памятная дошка народнаму паэту Рыгору Барадуліну (фота)

У Мінску будзе памятная дошка народнаму паэту Рыгору Барадуліну (1935 — 2014). Яе плануецца адкрыць на доме па вуліцы Мележа, дзе ён жыў, яшчэ да Калядаў.
12 снежня 2017

Под сталинским солнцем…

Далеко не всем читателям Президентской библиотеки понравилась выставка на тему СССР. Вернисаж советских плакатов открылся в библиотеке в конце ноября.