Як Скрыганы Амерыку адкрывалі

54

Алена, распавядзіце, калі ласка, пра сваю love story, калі можна.

Мы з Юрам пазнаёміліся ў сацыяльных сетках. Гэта быў час, калі мы абое шукалі новае каханне, але спачатку нас звязвалі сяброўскія стасункі, любоў да роднай мовы і цікавасць да гісторыі Літвы (Беларусі). Мяне ўразілі яго духоўны патэнцыял, розум і гожасць, а таксама падарунак на Каляды, які ён даслаў мне з Амерыкі. Гэта былі каралі — залаты ланцужок і музычная паштоўка. А на наступную восень ён прыляцеў да мяне. Некалькі разоў на год мы сустракаліся (звычайна на святы), а заручыліся ў Берліне, куды паехалі ў адпачынак. Гэта было на Каляды, вельмі рамантычна! Там я пазнаёмілася са сваякамі Юры. А ўлетку 3 ліпеня — якраз на Дзень Незалежнасці Беларусі — мы пабраліся шлюбам у мексіканскім Канкуне. А ў верасні таго ж года бралі шлюб у Наваградскім фарным касцёле, дзе некалі шлюбаваліся Ягайла і Сафія Гальшанская. Вяселле гулялі ў панскім маёнтку Сула. Да ад’езду ў Амерыку Юра працаваў на рэстаўрацыях і выкладаў у Беларускім нацыянальным тэхнічным ўніверсітэце ў Мінску.

Як Скрыганы Амерыку адкрывалі
Вяселле Алены і Юрыя ў Наваградку

— А што ён робіць цяпер у Штатах?

— Юра тут жыве больш за сямнаццаць год. Мае сына Джона ( яму 15 год) ад першага шлюбу і свой бізнэс. Ён аказвае будаўнічыя паслугі: рамонт сядзібаў (хатаў), прыбудовы і г.д. Юра мае пару памагатых, але самую адказную працу робіць самастойна. Кліенты — багатыя і не вельмі жыхары Лос-Анджэлеса – дужа яго паважаюць і шануюць. Многія на працягу гадоў з’яўляюцца яго пастаяннымі кліентамі. Часта чакаюць Юру месяцамі, таму што ён працуе сумленна і якасна, мае ўсе неабходныя дакументы для такой адказнай работы. Каліфорнія – штат землятрусаў. І будаўніцтву, а таксама рамонту надаецца вялікая ўвага. Юра любіць сваю працу і ганарыцца яе вынікамі.

Але палюбіўшы ў некаторым сэнсе Амерыку, ён не забыўся на Радзіму. У вольны час ён вядзе свае ўласныя даследаванні гісторыі Беларусі (гістарычнай Літвы), цікавіцца падзеямі, якія хоць неяк кранаюць нашую дзяржаву, не забыўся пра родную мову. Не тое, што настальгія бывае ў яго, але сум па “сінявокай”, канешне, жыве ў яго сэрцы.

Па першым часе, прызнаюся, я плакала, кепска спала (магчыма, гэта часткова было і праз тое, што змяніўся гадзінны пояс)”.

А вы як пераадольвалі непазбежны сум па Радзіме?

Першыя месяцы часам проста зносіла дах. Праз пару тыдняў пасля прыезду, у якія я пачувала сябе турысткай — прыходзіла ў захапленне ад усяго ўбачанага, пачало прыходзіць разуменне таго, што фантазіі скончыліся і трэба ўлівацца ў новае жыццё. Хвалямі накрывала настальгія, дзіка карцела вярнуцца ў Мінск. І калі з’яўляліся нейкія раздражняльнікі, сум па Радзіме ўзмацняўся. Многае мне падавалася неадэкватным, я ўсё параўноўвала, нават і сёння, здараецца, параўноўваю. Вельмі моцна сумавала і сумую па сваяках і сяброўках. Па першым часе, прызнаюся, плакала, кепска спала (магчыма, гэта часткова было і праз тое, што змяніўся гадзінны пояс). Юра мяне падтрымліваў, з разуменнем ставіўся да перападаў у маім настроі. Дарэчы, пасля знаёмства з беларусамі Лос-Анджэлеса я зразумела: такія пачуцці — насамрэч гэта нармальна.

Праз паўгода я пачала вывучаць англійскую мову, і прыйшла палёгка. Гэта вельмі важна, каб у новай краіне былі сябры, нейкі занятак, акрамя хатніх клопатаў, вандроўкі. Гэта прытупляе сум, не дае часу на доўгія развагі, настальгію. Пакрысе прывыкаеш. І вуліцы, людзі, дарога ўжо становяцца блізкімі і мілымі.

— І нічога ўжо не здзіўляе?

— Здзіўляла і здзіўляе вялікая колькасць рас. І адразу ўзнікла пытанне: “Як яны ўсе ўжываюцца?”. Здзіўляла вялікая колькасць бяздомных на кожнай вуліцы, пад кожным мастом. Яны паўсюль, і ніхто іх не чапае. Калі коратка пра палітычныя падзеі, то цікавым падалося тое, што ў СМІ быў вялікі накал і распальванне расавай варожасці, і недзе ў цэнтры гарадоў былі нават хваляванні. Але калі выходзіш на двор, то нібыта нічога не адбываецца. Усе людзі мімішна мілыя.

Як Скрыганы Амерыку адкрывалі
Алена з калегамі

Гэтую агрэсію значна перакрывае добразычлівасць людзей, ветлівасць, абслугоўванне ў прыватных кавярнях. Калі замаўляеш каву, то табе яе будуць падліваюць на працягу ўсяго часу, пакуль ты знаходзішся ў кавярні. Вабіць жаданне людзей працаваць і самім зарабляць сабе на жыццё. Хто не працуе, той і жыве адпаведна.

Не роўня нашым зефірам і грыльяжу”

— Амерыканскія стравы пасля беларускіх дранікаў, заціркі і бліноў падаліся, пэўна, дзіўнымі?

Так, да страў я прызвычайвалася доўга. Тут перчаць ежу дужа пякучым перцам, ва ўсе ахаладжальныя напоі абавязкова дабаўляюць лёд. І ты мусіш папярэджваць, каб гэта не здарылася. Пакаштавала курыцу і крэветкі ў мёдзе — смаката. Даспадобы некаторыя стравы мексіканскай кухні, вельмі люблю азіяцкую (праўда, блытаю, якая з іх кітайская, карэйская, японская ці в’етнамская). Амерыканская кухня, дарэчы, у нечым падобная да беларускай: бульба смажаная або адвараная ў мундзіры, амлет з агароднінай, шкваркі (bacon). А вось амерыканскія прысмакі мне не дужа падабаюцца — не роўня яны нашым зефіру, грыльяжу, аўсянаму печыву, сыркам і мармеладу. Беларускіх прадуктаў тут амаль няма, але ёсць расейскія і еўрапейскія ў адмысловых крамах.

Як Скрыганы Амерыку адкрывалі
Напамін пра Беларусь

Наконт абслугоўвання. Вельмі цешыць мяне ветлівы зварот “мэм” і “міс” (“місіс”). Калі заходзіш у краму, табе ўсміхаецца персанал і вітае словамі “Добры вечар, мэм”, а як сыходзіш, то кажуць “Добрай ночы”, “Добрага дня” ці “Вясёлых свят, мэм!”. Ветлівасць тут літаральна лунае ў паветры. Трэба прызнацца, што ў Беларусі з гэтым пэўныя праблемы.

Перавысіў хуткасць – у суд!

— Я ведаю, што ў ЗША грамадскі транспарт большасцю грамадзян не ўспрымаецца ўсур’ез…

Лос-Анджэлес – горад аўтамабілістаў. Грамадскі транспарт, канешне, ёсць, але паездка на ім можа заняць палову дня. Таму кожнаму даросламу члену сям’і тут пажадана мець уласную машыну. Правілы руху крыху адрозніваюцца ад нашых. Адказнасць на дарогах вялікая, штрафы шалёныя. За цяжкія парушэнні можа пагражаць і турэмны тэрмін. Пешаход тут заўсёды мае перавагу, нават калі парушае правілы і выскоквае на дарогу. У кожным пункце ПДР узгадваецца, што трэба заўсёды прапускаць пешахода, раварыста, жывёлу і працягваць рух только тады, калі гэта бяспечна. На дарогах рэкамендуецца быць цярплівым да іншых удзельнікаў руху. Дарэчы, тут шмат кіроўцаў пажылога веку. Ведаю, што калі ты перавысіў хуткасць і, не дай Бог, з’ехаў з месца здарэння, то цябе зацягаюць па судах.

Ёсць і грамадскі транспарт. Але ён, безумоўна, платны, і яго аплачваюць усе, праходзячы праз пярэднія дзверы. Кіроўца можа некаму дараваць альбо, калі апарат не працуе, то прапускае так. Праезд для дарослага каштуе 1,75 долара. Для студэнтаў, інвалідаў і пенсіянераў зніжка да 1 долара. Аплачваць можна як наяўнымі, так і карткай Metro. Рэшту не выдаюць. У аўтобусе кіроўца можа высадзіць праз дрэнныя паводзіны. Ён строгі і ветлівы бос.

Вельмі добра тут усё прыстасавана для інвалідаў: месцы ў транспарце, трап для заездзу ў аўтобус, у крамах і на ходніках ёсць пандусы і інш.

Ёсць раёны, куды нос лепш не сунуць”

Дарэчы, у амерыканцаў прынята здаваць паліцыі нават добрага суседа, калі той парушыў закон. Калі яны бачаць ці падазраюць, што нехта чыніць нядобрае, то тэлефануюць у паліцыю або іншую адказную службу і кажуць: Прыязджайце”. Увогуле амерыканцы вельмі законапаслухмяныя, аднак ёсць раёны, куды нос лепш не сунуць. Там злачыннасць і расізм. Нават у самім Лос-Анджэлесе.

А што дакладна не спадабалася і не падабаецца ў Штатах?

— Не падабаюцца: спёка летам — бывае больш за +40 градусаў па Цэльсію, месцамі расізм у дачыненні да беласкурых людзей, прапаганда гомасэксуалізму, страшная (!) бюракратыя, асабліва калі звязваешся з дзяржаўнымі органамі. Салоны ці проста цырульні альбо добрыя і чыстыя, але надта дарагія, альбо лепш у іх не заходзіць (не апрацоўваюцца прылады працы, за сушку валасоў трэба плаціць дадаткова 50 долараў, ды і якасць працы звычайна не задавальняе. Што да медыцыны, то некаторыя лекары, здаецца, вельмі абыякавыя да пацыентаў.

Як Скрыганы Амерыку адкрывалі
У мексіканскіх самбрэра

Беларускія сябры, знаёмыя, калегі зайдросцяць ці абыякава ставяцца да вас?..

— Сябры ставяцца нармальна. Зайздрасці з іх боку я не заўважаю, а вось некаторыя знаёмыя пры магчымасці могуць упікнуць ад’ездам або напісаць у сацыяльных сетках, маўляў “з’ехала, дык і не лезь у справы краіны, няма чаго выказвацца”. Гэта здараецца, калі я выказваюся на палітычную ці нацыянальную тэму, і маё меркаванне не супадае з іх думкамі. Быццам я, калі паехала ў іншую краіну жыць, перастала быць грамадзянкай РБ, і быццам падзеі маёй краіны мяне не тычацца. Цікава і тое, што другім эмігрантам з Беларусі, якія салідарныя з тымі ж маімі знаёмымі, гонар і слава, гавары хоць да стомы ў Фэйсбуку, напрыклад. Вельмі недарэчны падыход з боку тых, хто застаўся ў Беларусі. Мяркую, ім варта пра гэта задумацца.

«Як не Расія?!”

Пераважная большасць амерыканцаў, напэўна, і не ведае, што такое Беларусь?

Ведаюць, магчыма, тыя, хто бываў у Беларусі альбо звязаны з ёй па рабоце. У асноўным жа амаль нічога яны пра нас не ведаюць. Шмат хто з іх успрымае Беларусь як частку Расіі. Калі пачынаеш тлумачыць, што гэта не так, яны шчыра здзяўляюцца: “Як не Расія?! Дык беларусы ж па-руску размаўляюць, і назва азначае “Белая Расія”. Дарэчы, да абвяшчэння незалежнасці РБ у Амерыцы нашу краіну называлі адпаведна з перакладам – “White Russia”. У вядомым серыяле “Сябры” (Friends) Мінск узгадваецца як расійскі горад, і адзін з герояў фільма дэманструе сваё веданне рускай мовы.

Праўда, нядаўна настаўнік англійскай мовы пацікавіўся, што значыць назва маёй краіны, якую быццам нельга лічыць Расіяй, бо на мапе яна пазначана як суверэнная дзяржава. У такіх сітуацыях я тлумачу, што назва “Belarus” была не заўсёды і раней краіна называлася Літвой, ці Вялікім Княствам Літоўскім.

Хаця, сустракаюцца і такія індывідуумы, хто нават Грузію (Джорджыю) лічыць часткай Расіі. Вось прыклад: наш амерыканскі сусед пабываў у Грузіі і, сустрэўшы майго мужа, пачаў з ім дзяліцца ўражаннямі. Кажа: “Быў у Джорджыі. Так спадабалася! Ваша Расія сапраўды вельмі прыгожая краіна”. Мы тлумачым асцярожна, што Грузія як бы не Расія, і мы да Грузіі ніякім бокам, хаця пагаджаемся, што там прыгожа. А ён здзіўлена толькі лупае вачыма і працягвае пра сваё ўражанне ад “рускіх гор”.

Праўда, ёсць і такія, хто цвёрда ведае: Беларусь суверэнная дзяржава, і яна з’яўляецца часткай Еўропы. Расію яны бачаць ужо па-за Еўропай.

Як Скрыганы Амерыку адкрывалі
У вышыванках

Калі сутыкаешся з рэчаіснасцю

— Вы з мужам ўжо немалы тэрмін жывяцё ў Амерыцы. Дык ці стала яна the country of dreams, краінай мараў?

Я б не сказала, што Амерыка country of dreams, прынамсі, пакуль. Гэта не добра і не кепска. Яна мроя ў асноўным для бедных лацінаамерыканцаў, якія бягуць ад галоты і злачыннасці на радзіме, а таксама для мусульман з бедных краін. Калі сюды прыязджаеш і сутыкаешся з рэчаіснасцю, з існуючымі праблемамі, то пачынаеш разумець, што ідэальных краін не бывае. Мы проста дамаўляемся самі з сабой многае прымаць як ёсць і лічыць гэта добрым. І калі мы сябе так настроім, калі дасягнём нечага ў пэўнай краіне, то яна будзе для нас любай.

Імігранты Беларусі ж маюць адукацыю, больш высокую культуру паводзін, параўнальна законапаслухмяныя, інтэлектуальна развітыя. Калі Амерыка для беларусаў і краіна мары, то ў іншым плане. Ведаю людзей, якія пабывалі тут і вярнуліся назад ствараць сям’ю. Мяркую, калі пастарацца і настроіцца на лепшае, то і Беларусь можа стать краінай мары у будучыні.

Ці часта даводзіцца мець справу з рускімі, і як з імі выбудоўваюцца адносіны?

З рускімі стасункі выбудоўваюцца ў асноўным выдатна. Тут пануе іншы настрой. Прынамсі, мне сустракаліся адэкватныя людзі, хоць яны і адрозніваюцца ад іншых імігрантаў гучнымі паводзінамі. Калі рускія ці ўкраінцы даведваюцца, што мы з мужам дома размаўляем па-беларуску, то шчыра здзіўляюцца. Яны думаюць, што ў Беларусі на роднай мове ніхто ўжо не гаворыць. Аднак далей за здзіўленне справа не ідзе. Ды і рускамоўныя беларусы ў асноўным ставяцца прыязна. Я, праўда, іх тут сустракаю мала, звычайна — у суполках “Беларусы Лос-Анджэлеса”, “Беларусы Каліфорніі” ці на спланаваных сустрэчах.

Што значыць «жыць на дзве краіны»

Пры якіх умовах можаце вярнуцца з мужам назад у Беларусь?

— Нават не ведаю, як адказаць на гэтае пытанне. Трэба тут пажыць пару гадкоў, рэалізавацца. А вярнуцца на радзіму праз некалькі год магчыма пры наладжанай эканоміцы і з’яўлення лепшых магчымасцей для ўласнай справы, адэкватнай нацыяналізацыі дзяржаўнага апарату і грамадскасці, калі будзе ўпэўненасць у будучыні і з’явіцца нармальны закон аб прыватнай уласнасці на зямлю, як у Амерыцы. Калі ты ўласнік, то сам вырашаеш, прадаваць свой дом ці не, або будаваць нешта, ці не будаваць нічога і вырошчваць кветкі, гадаваць коцікаў. Але зноў жа, сёння можна гаварыць так, а заўтра — зрабіць інакш. Шмат чаго залежыць ад абставін, нашых інтарэсаў. Можа стацца так, што мы вырашым вярнуцца праз год, а можа – і праз пяць.

Мы жывём на дзве краіны: у Беларусі ёсць свае планы, нават лецішча маем, але і тут мне хочацца нечага дамагчыся, раз выпаў такі шанец”.

— Значыць, Амерыка — гэта яшчэ не назаўсёды?

Мы ніколі не разглядалі Амерыку як “краіну назаўжды”. Я нават падумаць пра гэта не магу – адразу кроў стыне. І потым, ужо XXI стагоддзе: можна ў любы час купіць квіткі на самалёт, і праз некалькі гадзін апынуцца на радзіме. Канешне, з цягам часу меркаванні могуць мяняцца, але, думаю, не надта кардынальна. Муж вунь даўно жыве ў Амерыцы, але прыляцеў у Мінск, каб узяць у жонкі ліцвінку…

Да ўсяго іншага, на радзіме жывуць мае даражэнькія бацькі, сястрычкі, брацікі, цёцечкі і дзядзечкі, любая свякроў, сябровачкі, котачка. Там Мінск, у якім я нарадзілася і выгадавалася, вёскі, у якія мы ў дзяцінстве прыязджалі да бабулі з дзедам, там чароўныя азёры і рэкі, мой любы Нёман, там цудоўныя восень, зіма, вясна і лета, там казачныя лясы. Там пахаваны мае продкі, там замкі і палацы, наша дзяржава Літва, гісторыя якой сягае ў глыбокае сярэднявечча. Як гэта можна пакінуць назаўжды?

Мы жывём на дзве краіны: у Беларусі ёсць свае планы, нават лецішча маем, але і тут мне хочацца нечага дамагчыся, раз выпаў такі шанец. Хочацца паспрабаваць нешта новае, набыць досвед, паглядзець, як жывуць іншыя людзі, нечаму новаму навучыцца, каб лепшае потым прывезці на радзіму.

Амерыканцы ўсё ж сустракаюцца мне вельмі дабразычлівыя. І нават прапаноўваюць дапамогу, калі ў ёй ёсць неабходнасць. Я іх ужо люблю, маіх амерыканскіх сяброў. Дый людзі з Украіны, Беларусі, прыехаўшы сюды, пераймаюць пазітыў і лагоднасць, і таксама імкнуцца больш дзяліцца цеплынёй з іншымі.

Удачы ва ўсім!

Алена Скрыган-Ліцвінка са Случчыны. Адзін з дзядоў яе мужа Юрыя Ян Скрыган – народны пісьменнік, мовазнаўца, крытык. Быў двойчы рэпрэсаваны. Рэабілітаваны пасля смерці Сталіна.

Поделиться ссылкой: