Пра гэта кажа адпаведныя шыльдачка, і штогод на 9 мая тут ускладаюцца кветкі. Але насамрэч, гэты помнік, называны “крыжом Біспінга”,  быў прысвечаны графу Аляксандру Біспінгу, які скончыў жыццё самагубствам удалёкім 1867-ым годзе. Што ён быў за чалавек, і чаму крыж усталяваны на праваслаўных могілках, у той час як сваякі Біспінга былі каталікамі?

Таямніца аднаго крыжа: ад самагубства паўстанца да помніка ахвярам вайны
Крыж Біспінга

Вёска Верцялішкі вядзе сваю гісторыю з 1324 года, калі на яе напалі крыжакі, каб адпомсціць уладальніку гэтых мясцін – князю Давыду Гарадзенскаму, праўнуку Аляксандра Неўскага (яго імем нават названа мясцовая царква, пабудаваная ў 1856 годзе). Тады частка мясцовых жыхароў была забітая, у тым ліку два сыны Давыда, а частка захоплена ў палон. У адказ Давыд Гарадзенскі агнём і мячом прайшоўся па захопленай крыжаносцамі Мазовіі, дзе і быў забіты ў 1326 годзе падкупленым ворагамі польскім рыцарам Андрэем Гостам. Па легендзе, Давыда пахавалі ля сценаў Барысаглебскага манастыра. Цяпер у Гродне, нарэшце, плануюць усталяваць помнік у гонар вялікага змагара супраць  крыжаносцаў.

Таямніца аднаго крыжа: ад самагубства паўстанца да помніка ахвярам вайны
Верцялішкі на міжваенных картах

Акрамя Давыда Гарадзенскага, вядомасць Верцялішкам прынёс мясцовы знахар Расол, якога ў 1631 годзе інквізіцыя абвінаваціла ў чарадзействе і пакарала смерцю на цэнтральнай плошчы ў Гродне.

Згодна адной версіі, назва вёскі паходзіць ад ўзвышша “Верцел”, паводле другой – ад літоўскага слова “верцяляй”, што абазначае “вяртанне”, а па трэцяй – ад спалучэння словаў “Вярні лішкі”, што трэба было выканаць або падчас наведвання мясцовага млына, або праезда па гандлёвым тракце ў Гродна.

На пачатак паўстання 1863-1864 гадоў Верцялішкі належалі 20-гадоваму Аляксандру Біспінгу, які нарадзіўся ў маёнтку Струбніца Ваўквыскага павета Гродзенскай губерні. Аляксандр быў высокаадукаваным чалавекам, паспеўшы скончыць Курляндскую Мітаўскую губернскую гімназію і Бонскі ўніверсітэт у Германіі.

Таямніца аднаго крыжа: ад самагубства паўстанца да помніка ахвярам вайны
Масаляны — уладанне Біспінгаў (малюнак Напалеона Орды)

Яму таксама належалі маёнткі ў Вярэйках і Масалянах. Менавіта тут лавіў рыбу на мушку англічанін Б. Андэрсан, які нават напісаў кнігу “Сямімесячнае знаходжанне ў Рускай Польшчы ў 1863” (Seven months’ residence in Russian Poland in 1863). А таксама наведваўся ў госці кіраўнік паўстання ў Беларусі і Літве Кастусь Каліноўскі. У сувязі з гэтым самога Біспінга арыштавалі і па загадзе Міхаіла Мураўёва-вешальніка саслалі ў Арэнбургскую губерню.

Таямніца аднаго крыжа: ад самагубства паўстанца да помніка ахвярам вайны
Сямімесячнае знаходжанне ў Рускай Польшчы ў 1863

Умовы высылкі дрэнна паўплывалі на свядомасць Аляксандра Біспінга, у якога да таго ж былі канфіскаваны вялізныя маёнткі. У выніку ў 1865 годзе ён прымае праваслаўе, тым самым парывае сувязі са сваякамі, нават з уласнай бабуляй. А падчас апошняй сустрэчы з братам Янам проста пасварыўся. На тэрыторыі Расіі ў яго з’яўляюцца моцныя сябры, сярод якіх сын знакамітага рускага пісьменніка, арэнбургскі генерал-губернатар Рыгор Аксакаў. Менавіта на яго дачцэ Вользе павінен быў ажаніцца Аляксандр Біспінг.

Каб пазычыць 15 тысяч рублёў на вяселле і зняць пляміну “паўстанца” са свайго імя, Біспінг у 1866 годзе прыязджае ў Гродна, дзе закахаўся ў дачку аднаго мясцовага генерала. Ён паспявае ахвяраваць грошы на перабудову Вярэйскага касцёла ў царкву ды на шэраг іншых праваслаўных храмаў, перш чым падчас наведвання Пецярбурга не здарыўся выпадак, які апісала Эліза Ажэшка: у грамадстве адзін з чыноўнікаў не пажадаў паціснуць яму рукі, патлумачыўшы гэта тым, што не хоча запэцкацца аб руку чалавека, які выракся веры і Айчыны. Гэта стала штуршком да яго самагубства ў 1867 годзе. Аднак пачатак гэтай гісторыі быў пакладзены прысудам Міхаіла Мураўёва, што адзначае гісторык Алесь Радзюк: “Несправядлівае неабгрунтаванае рашэнне аб пакаранні графа стала пачаткам яго канца”.

Менавіта пасля гэтага самагубства сваякі Аляксандра Біспінга ўсталявалі на яго радзіме – на праваслаўных могілках у Верцялішках вялізны чугунны крыж з надпісам па польску : “Za duszę Alexandra” – “За душу Аляксандра”.

Таямніца аднаго крыжа: ад самагубства паўстанца да помніка ахвярам вайны
Надпіс і шыльда на Крыжы Біспінга

Пасля першай сусветнай вайны, у якой удзельнічалі многія жыхары Верцялішак, як браты Мікалай і Антон Пералайкі (іх фотаздымак старэйшы ў гісторыі вёскі, датуецца 1915 годам і цяпер захоўваецца ў краязнаўчым музеі “Крыніца” Верцялішкаўскай СШ), на крыжы з’явіўся надпіс: “Павшим, на полях сражений І мировой войны землякам от жителей Вертелишковского прихода”. Ён правісеў тут да 1945 года, калі паўстала новая невялічкая шыльдачка “Воинам Вертелишковского прихода павших за Родину в 1941-1945”.

Таямніца аднаго крыжа: ад самагубства паўстанца да помніка ахвярам вайны
Браты Пералайкі (1915)

Аднак пры гэтым да сённяшняга часу помнік носіць назву “крыж Біспінга”, нягледзячы на тое, што першапачатковая яго гісторыя згубілася ў завірусе часу.

Таямніца аднаго крыжа: ад самагубства паўстанца да помніка ахвярам вайны
Крыж у дымцы (карціна Юзэфа Хэлмоньскага). Фоты аўтара