У судзе Савецкага раёна Мінска прайшоў разгляд адміністрацыйнага пратакола, складзенага на журналістку Любоў Лунёву і аператара Дзмітрыя Краўчука, якіх абвінавацілі па артыкуле 22.9 КаАП Беларусі – парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.

Па інфармацыі, якая змешчана ў адміністрацыйным пратаколе, Любоў Лунёва і Дзмітрый Краўчук восенню гэтага года знаходзіліся ля будынка суда Савецкага раёна. Па версіі праваахоўнікаў журналісты рыхтавалі сюжэт, які быў паказаны ў эфіры неакрэдытаванага ў нашай краіне тэлеканала “Белсат”. Абсурднасць сітуацыі заключаецца ў тым, што сюжэт, які супрацоўнікі міліцыі “бачылі” на “Белсаце,” у эфір так і не выйшаў.

— Здарэнне, якое прывяло да гэтага судовага разбіральніцтва, адбылося яшчэ ў кастрычніку, — распавядае “Народнай Волі” Любоў Лунёва. У метрах 30-40 ад увахода ў будынак суда Савецкага раёна Мінска мы здымалі актывістку Ніну Багінскую. Падкрэсліваю, рабілася гэта не для “Белсата”, Ніну Багінскую мы здымалі для дакументальнага фільма пра яе. Дзе гэты фільм мог бы быць паказаны – пытанне адкрытае. Калі мы заканчвалі размову з Багінскай, то ўбачылі, што нас здымаюць нейкія людзі ў цывільным. Ішоў час, усё было ціха, і раптам мы з Дзмітром Краўчуком даведаліся: супраць нас заведзена адміністрацыйная справа за парушэнне заканадаўства аб СМІ. З пратаколам нам удалося азнайміцца перад самым судовым пасяджэннем, відавочна, што выканаўцы спяшаліся, і паведамілі нам гэтую адміністрацыйную справу толькі перад самым пасяджэннем, ужо тады, калі  амаль праходзілі тэрміны яе перадачы ў суд. Столькі ж часу з кастрычніка мінула!

— Што было ў судзе?

— У судовым пасяджэнні выступіла двое сведкаў – тыя самыя асобы ў цывільным, якія нас здымалі у кастрычніку. Іх прозвішчы – Кессель і Шкут. Адзін з іх у судзе сведчыў пра тое, што мае унікальны і востры слых, таму на адносна вялікай адлегласці, не ўважаючы на гул машын з ажыўлёнай дарогі, чуў, што мы быццам бы пыталіся ў Багінскай пра “факты беззаконня ў судах і пракуратуры”; іншы казаў, што проста здагадаўся пра змест нашай размовы.

Заўважу, што ніводнага канкрэтнага доказу таго, што сюжэт быў перададзены ў СМІ, а дакладней выйшаў у эфіры “Белсату”, не было. У справе фігуруе здымак, на якім знходжуся я разам з аператарм і Нінай Багінскай. Што тычыцца “эфіру” на “Белсаце”, то адзін са сведак сказаў, што быццам бы бачыў мяне і Краўчука, гледзячы тэлеканал…

— Вас гэта абурыла?

— А вы як думаеце? Вы ўяўляеце, каб аператар, які сам знаходзіцца за камерай, быў у кадры? Гэта ж якімі акрабатычнымі здольнасцямі ён павінен быць адораны. Пра ўсё гэта я і сказала суддзе Веры Галаўковай, звярнула ўвагу суда, што міліцыянты проста ўводзяць суд у зман. Зразумела, ніякага скрыншота “сюжэта”, які так і не пабачыў свет у справе таксама няма. Міліцыянты паведамілі, што проста “не паспелі яго зрабіць”. Такая нахабная хлусня, канечне, абурае. Я прасіла суддзю звярнуць на гэта ўвагу, яна абяцала адлюстраваць усё гэта ў сваім рашэнні, але зроблена гэта не было.

— Якое рашэнне ў выніку прыняў суд?

— Прызнаць мяне і Дзмітрыя Краўчука вінаватымі і пакараць кожнага з нас штрафам у памеры 40 базавых велічынь. Гэта другі за апошні час у нашай практыцы прысуд. Раней мяне і Дзмітрыя ўжо каралі па гэтым артыкуле – тады прысудзілі 30 базавых.

Сённяшняе рашэнне будзе намі абскарджана, бо не мае пад сабой ніякіх прававых падстаў.