Уладзімір Парфяновіч: “Лепшы падарунак – гэта цестамес…”

37

— Шчыра прызнаюся, пакуль не да святкаванняў, — гаворыць  Парфяновіч. – Увесь у працы. Ваш званок заспеў мяне ў Белаазёрску, я тут на спартыўных зборах. Зараз я працую шараговым беларускім трэнерам па веславанні ў сістэме нашай Федэрацыі веславання і ў сістэме Мінспорта Беларусі. Працую з дзецьмі: узрост маіх выхаванцаў – 12-17 гадоў.

— Калі не сакрэт, які заробак у шараговага беларускага трэнера па веславанні?

— Я атрымліваю прыкладна 600 рублёў у месяц. Ці хапае на жыццё? Не сказаў бы… Хапае, каб заплаціць камунальныя плацяжы за дом, які ў мяне застаўся ў сталіцы. Няправільна казаць, што я збег з Мінска. Я проста паехаў за межы сталіцы на працу. Я ні ад каго не бягу і не хаваюся – проста працую зараз не ў сталіцы.

— А калі плануеце вярнуцца?

— Калі Радзіма пакліча.

— Ну, Радзіма можа паклікаць напрыклад падчас бліжэйшай выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Дарэчы, у вас няма жадання вярнуцца ў беларускую палітыку?

— Абсалютна ніякага. Няма з кім туды вяртацца…

— Уладзімір Уладзіміравіч, а як збіраецеся святкаваць сённяшні дзень народзінаў? Колькі збіраецеся выпіць?

— Ні кроплі, бо знаходжуся на працы. Парушаць працоўную дысцыпліну не збіраюся. Я ж чалавек сур’ёзны. У мяне дзень напружаны: у дзяцей кантрольная трэніроўка – тры разы па два кіламетры. Так што мне асабліва не да святкавання, бо зборы працягнуцца яшчэ два тыдні.

А ці любіце ўвогуле святкаваць уласны дзень народзінаў?

— Маю глыбокае перакананне ў тым, што дзень народзінаў можна любіць гадоў так да 45-ці. А потым пра гэты дзень трэба шкадаваць…

— Чаму?

— Хочаце крыху займальнай арыфметыкі? Калі табе 45 ад пачатку жыцця – гэта радасць, а калі табе да векавога юбілея застаецца крыху болей за 40, можна і пашкадаваць. Зразумелы ход маіх думак? Жыццё мінае, чаму тут асабліва радавацца?

— Ну а падарункі хоць любіце?

— Безумоўна. Адзін з самых лепшых падарункаў зрабіла мне на мінулы дзень народзінаў жонка Таццяна – цестамес. Шыкоўная рэч!

— Так вы ў вольны ад працы час цеста месіце? Нармальнае мужчынскае хоббі…

— Прычым тут я? Я проста вельмі люблю булачкі. Вось уявіце, прыходзіце вы дамоў, а ў вас там поўна смачных і свежых булак, якія вы любіце! Гэта ж шчасце. Хоць цестамес быў намінальна падораны мне, але булкі ў нашай сям’і шыкоўна выпякае жонка. Не ведаю, што яна паддорыць мне ў гэтым годзе, але, думаю, што гэта будзе нешта карыснае…

Поделиться ссылкой: