Для Ярашука, які ўзначальвае БКДП з 2002 года, новы трохгадовы тэрмін на чале асацыяцыі стане ўжо шостым.

Выбары прайшлі ў форме тайнага галасавання і на безальтэрнатыўнай аснове. Удзельнікі з’езда прапаноўвалі вылучыць кандыдатамі таксама намесніка старшыні БКДП Сяргея Антусевіча і старшыню прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча, аднак яны абодва ўзялі самаадвод.

З прысутных на з’ездзе 54 дэлегатаў у выбарах кіраўніцтва ўдзельнічалі 47. У падтрымку кандыдатуры Ярашука выказаліся 37 чалавек, 10 выступілі супраць.

Прадстаўляючы сваю кандыдатуру, Ярашук заявіў: «Дарагія мае! Калі мы сёння бяжым, мы на справе стаім на месцы. Трэба не проста бегчы — трэба быць спрынтарам. Сітуацыя прасцейшай не будзе, гэта несумненна».

Паводле вынікаў з’езда плануецца прыняць рэзалюцыі аб парушэннях правоў прафсаюзаў і працоўных у Беларусі, аб сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне і становішчы працоўных, пенсіянераў, іншых неабароненых груп насельніцтва, а таксама аб сацыяльна-працоўных правах і аб скасаванні прымусовай працы. Акрамя таго, БКДП плануе выказаць пратэст супраць рэпрэсій у дачыненні да прафсаюза РЭП і крымінальнага пераследу яго лідараў Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.

З’езд БКДП, паводле статута арганізацыі, склікаецца раз на тры гады. Папярэдні адбыўся ў снежні 2014 года. У яго выніковай рэзалюцыі дэлегаты запатрабавалі ад уладаў прадухіліць пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне.

Асацыяцыя прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў» аб’ядноўвае Беларускі незалежны прафсаюз, Свабодны прафсаюз Беларускі, Свабодны прафсаюз металістаў і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці.