Асуджаныя за згвалтаванне магілёўскія міліцыянеры падалі наглядную скаргу

29

Аб гэтым паведамілі БелаПАН у абласным судзе.

Інфармацыя пра згвалтаванне двума супрацоўнікамі міліцыі маладой магіляўчанкі з’явілася ў СМІ ў красавіку 2016 года, хоць у МУС адмаўляліся прызнаваць здзяйсненне злачынства міліцыянерамі. Так, на пытанне журналістаў, ці былі падазраваныя на момант згвалтавання супрацоўнікамі міліцыі, міністр Ігар Шуневіч пасля непрацяглай паўзы сказаў: “Былыя супрацоўнікі органаў унутраных спраў”. Начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей Міністэрства ўнутраных спраў Канстанцін Шалькевіч казаў, што крымінальная справа аб згвалтаванні распачатая ў дачыненні да беспрацоўных.

Згодна з матэрыяламі справы, злачынства было здзейсненае ў ноч на 27 лютага 2016 года. Трое старшых лейтэнантаў міліцыі, участковых інспектараў Ленінскага РАУС (двум з іх на той момант было па 32 гады, трэцяму — 27 гадоў), адпачывалі ў начным клубе “Форум”. Там яны пазнаёміліся з двума дзяўчатамі і пасля закрыцця клуба паехалі ў кватэру да свайго 27-гадовага знаёмага працягваць распіваць спіртное. Гаспадара не было дома, але ў прыяцеляў былі ключы ад кватэры. Праз некаторы час адзін з 32-гадовых участковых пайшоў, пайшла і адна з дзяўчат. Двое іншых, як было даказана судом, збівалі і гвалтавалі новую знаёмую. Эксперты налічылі сляды ад 39 удараў на целе пацярпелай, але прызналі іх лёгкімі цялеснымі пашкоджаннямі. Гаспадар кватэры, які прыйшоў раніцай, таксама некалькі разоў ударыў госцю па галаве і, як і яго прыяцелі, згвалціў яе.

На пасяджэннях суда першай інстанцыі абвінавачаныя сцвярджалі, што не збівалі і гвалтавалі субутэльніцу, а ўсё адбывалася са ўзаемнай згоды. Цялесныя ж пашкоджанні яна атрымала, зваліўшыся яшчэ ў начным клубе. Намеснік начальніка Ленінскага РАУС Юрый Калацілкін расказаў суду, што, калі ён апытваў сваіх супрацоўнікаў, на той момант ужо падазраваных у злачынстве, яны адмаўлялі ўдзел у згвалтаванні і паказвалі на гаспадара кватэры.

Магілёўскі раённы суд, які разглядаў справу, 29 красавіка 2017 года прызнаў віну двух участковых і іх прыяцеля ў згвалтаванні і гвалтоўных дзеяннях сексуальнага характару, прызначыўшы кожнаму з іх па 12 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Трэці ж міліцыянер быў асуджаны на пяць гадоў, але за іншае злачынства — не здаў ва ўстаноўленым парадку 27 баявых патронаў, знойдзеных мясцовым жыхаром на тэрыторыі гаражнага кааператыва “Паўночны-2008”, і не прыняў мер па вышуку вінаватых у незаконным абароце боепрыпасаў. Участковы спадзяваўся здаць патроны падчас штогадовых мерапрыемстваў па прыёме добраахвотна перададзеных грамадзянамі зброі і боепрыпасаў “Арсенал”, каб гэтым дамагчыся паляпшэння сваіх паказчыкаў па службе, заахвочвання з боку кіраўніцтва. Усіх траіх суд пазбавіў звання “старшы лейтэнант міліцыі”.

Бацька аднаго з асуджаных за згвалтаванне перадаў пацярпелай 20 тысяч долараў у кошт кампенсацыі маральнай шкоды ад усіх абвінавачаных. Аднак дзяўчына палічыла, што гэта грошы толькі ад аднаго і двое іншых таксама павінны кампенсаваць ёй маральную шкоду. Яна абскардзіла прысуд, патрабуючы па 20 тысяч рублёў ад двух іншых фігурантаў. Прысуд таксама апратэставаў пракурор, лічачы яго занадта мяккім. Абвінавачаныя, у сваю чаргу, прасілі адмяніць вердыкт, настойваючы на сваёй невінаватасці.

Магілёўскі аблсуд 27 ліпеня ў асноўным пагадзіўся з судом першай інстанцыі, крыху змяніўшы прысуд. У прыватнасці на новы разгляд у парадку грамадзянскага судаводства накіраванае пытанне кампенсацыі маральнай шкоды пацярпелай.

Асуджаныя за згвалтаванне не пагадзіліся з меркаваннем судоў абедзвюх інстанцый і падалі наглядную скаргу на імя кіраўніка Магілёўскага аблсуда.

Поделиться ссылкой: