Уладзіслаў Ганчароў: “Чытаў пра сябе – і дзіву даваўся!..”

17

На Алімпіядзе ў Бразіліі акрабат Уладзіслаў ГАНЧАРОЎ заваяваў для беларускай зборнай адзіны залаты медаль у скачках на батуце. Чым сёння жыве чэмпіён?

– Больш за ўсё стаміўся ад пытання журналістаў “Што змянілася ў вашым жыцці пасля перамогі на Алімпіядзе?”. Ды нічога не змянілася! Як жыў, так і жыву, як трэніраваўся, так і трэніруюся… Алімпіяда даўно прайшла – гэта ўжо гісторыя.

– Надакучыла пасляалімпійская слава?

– Вельмі складана даводзілася адразу пасля Гульняў. Пастаянныя тэлефанаванні, запрашэнні… Так працягвалася каля паўгода, і толькі затым народ крыху супакоіўся.

– Ці сталі скачкі на батуце пасля вашай перамогі больш папулярнымі ў Беларусі?

– Мяркую, што так. Крыху іншыя сталі адносіны да гэтага віду спорту, больш дзяцей пацягнулася ў секцыі.

– Але ж батут, напэўна, даволі небяспечны занятак…

– Я хачу сказаць, што любы від спорту траўматычны. Больш за тое – нават калі вы не займаецеся спортам, то верагоднасць атрымаць дзе-небудзь траўму не меншая, чым сярод прафесійных спартсменаў. Так, скачкі на батуце знаходзяцца, як кажуць, у групе рызыкі, таму што працаваць даводзіцца на вышыні. Але калі карыстацца ўсімі неабходнымі правіламі, то нічога з вамі не здарыцца.

– На якую максімальную вышыню вы можаце скакаць?

– Да 8 метраў, але звычайна працую на меншай вышыні.

– Ці прыходзяць беларускія балельшчыкі на спаборніцтвы? Скачкі на батуце – гэта ўсё-такі не футбол і не хакей.

–  У Мінску праходзіў Кубак свету, і я бачыў амаль запоўненыя трыбуны. Не думаю, што ўсе тыя людзі прыйшлі па “адміністрацыйным указанні”, бо асабіста ведаю тых, хто прыходзіў па ўласнай ініцыятыве. Іншая справа, што і зарабіць тут асабліва немагчыма, таму на тыя ж спаборнітвы Кубка свету ўваход быў наогул бясплатны.

– Акрабаты – доўгажыхары ў спорце?

– Гэта індывідуальна, бо ўсё залежыць ад здароўя і жадання чалавека. Нехта з-за траўмы вымушаны ў 18 год развітацца з батутам, а, напрыклад, наш батуціст Мікалай Казак і ў 40 год выступае.

– Алімпіяда вам нешта дала акрамя славы, прызнання і прызавых?

– Шчыра кажучы, я выступаў на Алімпіядзе не дзеля прызавых, хаця 150 тысяч долараў таксама не перашкодзілі. Як кажуць, у гаспадарцы спатрэбяцца. Але для спартсмена важна паказаць сваё майстэрства, даказаць сабе, людзям і трэнеру, што ўвесь гэты час ты працаваў не дарэмна.

– Пасля Алімпіяды шмат пісалі пра ваш раман з батуцісткай Ганнай Гарчанок, але, відаць, хапала і недакладнай інфармацыі…

– Так, у пагоні за рэйтынгамі некаторыя СМІ такое друкавалі, што чытаў пра сябе – і дзіву даваўся! Напрыклад, напісалі, што я Ане прапанову выйсці замуж зрабіў па электроннай пошце. Большага глупства і прыдумаць немагчыма! Я не ведаю, хто сёння наогул карыстаецца электроннай поштай для перапіскі, калі ў цябе ёсць тэлефон у руках і розныя больш зручныя сродкі перадачы інфармацыі. Да таго ж, чаму я павінен рабіць прапанову па пошце, а не сказаць у вочы?

Дарэчы, з нашых з Аняй старонак у сацыяльных сетках многія журналісты таксама бралі фотаздымкі і дзіўным чынам іх падпісвалі. Мабыць, піярыліся на нас. Таму я прыняў рашэнне наогул выдаліць свае акаўнты, каб больш не спакушаць прадстаўнікоў СМІ і не падштурхоўваць іх да непрыгожых учынкаў.

– Увогуле, вы аматар “завіснуць” у сацыяльных сетках?

– Не, для гэтага няма ні жадання, ні часу. Магу нейкі фотаздымак выкласці ў “Інстаграм”, але гэта не пастаянна. Калі ж з некім хачу пагаварыць, то мне прасцей зрабіць гэта па тэлефоне.

– Не так даўно на чэмпіянаце свету, які праходзіў у Балгарыі, вы разам з Алегам Рабцавым сталі пераможцамі ў сінхронным практыкаванні. Алімпійскі чэмпіён пацвердзіў клас?

– Шчыра кажучы, я не вельмі задаволены выступленнем, бо ўсё-такі больш разлічваў на індывідуальныя спаборніцтвы. Чаму не атрымалася? Як кажуць, добра пачаў і дрэнна закончыў. Дарэчы, балгары заўсёды турніры арганізоўваюць проста супер. Хаця балельшчыкаў там было менш, чым у Мінску.

– Зараз вы ўжо ў адпачынку?

– Трэніроўкі ёсць, але без вялікіх нагрузак, таму з’явілася больш вольнага часу, каб схадзіць у кіно ці на выставу. Калі атрымаецца, то, можа, і на мора ўдасца з’ездзіць. Але Новы год, відаць, сустрэну дома…

 

Поделиться ссылкой: