Лукашэнка прапанаваў Рахмону сумесна выйсці на рынкі Афганістана і Пакістана

10

“Самае галоўнае — мы дамовіліся, што ў найбліжэйшы час, можа быць вясной, арганізуем у Таджыкістане маштабную выставу нашых кампаній і прадпрыемстваў. З такім разлікам, каб разам з вамі выйсці на афганскі і пакістанскі рынкі”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Таксама Лукашэнка лічыць, што Беларусі і Таджыкістану “варта прапрацаваць пытанне сустрэчных паставак лекавых сродкаў і расліннай сыравіны”.

“Прапаноўваю падумаць пра магчымую фасоўку беларускіх прэпаратаў у Таджыкістане. Гэта практыка добра зарэкамендавала сябе ў іншых краінах, — сказаў беларускі кіраўнік. — Пакуль застаецца нерэалізаваным патэнцыял фармацэўтычнай галіны. Гэта пытанне ў вузкім коле падняў прэзідэнт і мне казаў, што гэта будзе запатрабавана ў Таджыкістане”.

Паводле слоў Лукашэнкі, у Таджыкістане вядзецца вялікая праца ў сферы гідраэнергетыкі, у горназдабыўнай галіне. Беларускі бок шчыра рад таму, што будаўніцтва Рагунскай ГЭС выйшла на завяршальны этап. “Спадзяемся, нашы суб’екты гаспадарання не застануцца ў баку і прымуць самы актыўны ўдзел у праектах, якія рэалізуюцца вамі”, — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што вялікае значэнне надаецца развіццю эканамічных сувязяў. “У гэтым годзе ўдалося дамагчыся павелічэння тавараабароту, арганізаваць у горадзе Гісары зборачную вытворчасць сельгастэхнікі Мінскага трактарнага завода і “Бабруйскаграмаша”. Гэта добрая аснова для таго, каб рухацца далей, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы можам пашырыць наменклатуру прадукцыі, якая вырабляецца ў Гісары за кошт камунальнай, будаўнічай і пажарнай тэхнікі. Варта стварыць на базе гэтага зборачнага прадпрыемства шматфункцыянальны цэнтр, які забяспечыць комплексны падыход да сумеснага выпуску машын. Тут акрамя зборкі павінны вырашацца пытанні гарантыйнага і сэрвіснага абслугоўвання, якаснага навучання мясцовых спецыялістаў”.

З улікам беларускага вопыту ёсць таксама гатоўнасць на базе аднаго з прафесійна-тэхнічных ліцэяў Таджыкістана адкрыць рэсурсны цэнтр, які паспрыяў бы павышэнню кваліфікацыі і перападрыхтоўцы людзей па рабочых спецыяльнасцях.

Лукашэнка адзначыў, што за апошні час нямала зроблена для якаснага абнаўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Душанбэ. У гэтым годзе грамадскі транспарт сталіцы Таджыкістана быў абсталяваны распрацаванай у Беларусі аўтаматызаванай сістэмай аплаты і кантролю праезду. Узаемадзеянне ў гэтай галіне Беларусь гатовая працягваць. “У беларускіх прадпрыемстваў вялікі вопыт вытворчасці аўтобусаў, тралейбусаў, камунальных машын, — сказаў Лукашэнка. — Шырокая геаграфія паставак і станоўчыя водгукі спажыўцоў дазваляюць смела прапаноўваць гэту прадукцыю нашым сябрам. Дарэчы, мне сёння казаў і прэзідэнт, што наша машынабудаванне карыстаецца вялікім попытам у рэгіёне”.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларускі бок зацікаўлены ў прамых пастаўках высакаякасных прадуктаў з Таджыкістана, у тым ліку баваўнянага валакна. “Разгледзім і іншыя прапановы вашых вытворцаў”, — сказаў Лукашэнка.

Поделиться ссылкой: