Упартасці віцеблянкі Таццяны Севярынец можна па добраму пазайздросціць. Яна не дае спуску Міністэрству ўнутраных спраў, патрабуючы прыцягнуць да адказнасці арганізатараў аўтапрабегу “Великая Россия”, які быў арганізаваны “Национально-освободительным движением России”, што актыўна падтрымлівае палітыку Пуціна на ўсходзе Украіны, а таксама ў Крыме.

Таццяна Севярынец засумнявалася ў тым, што гэта масавае мерапрыемства было праведзена ў цэнтры беларускай сталіцы адпаведна закону. Напрыклад, “Закон аб масавых мерапрыемствах” патрабуе выканаць шэраг адміністрацыйных працэдур, заключыць дамову на ахову правапарадку і інш.

Вось і паспрабавала Таццяна Севярынец высветліць у МУС: хто даваў дазвол на правядзенне аўтапрабега? Ці быў ён узгоднены са сталічнымі ўладамі і Міністэрствам унутраных спраў?

Пра гэтую сітуацыю “Народная Воля” пісала неаднойчы. Апошнія навіны ў гэтай справе былі такімі: з МУС зварот Таццяны Севярынец быў накіраваны ў аддзел культуры і ідэалогіі Мінгарвыканкама.

 — Такое адчуванне, што чыноўнікі языкі праглынулі, не ведаюць што адказаць, бо адказаць, відавочна, няма чаго. І гэта абурае. Абурае таму, што ў той час, калі па Мінску спакойна раз’яджаюць “вялікаросы”, улады працягваюць прэсінг актывістаў, якія выходзяць на вуліцы Мінска з мірнымі, нават непалітычнымі пікетамі,— казала ў адным з інтэрв’ю “Народнай Волі” Таццяна Яўгенаўна.

І гэтае меркаванне Севярынец аказалася слушным – сталічным чыноўнікам і сапраўды няма чаго ёй адказаць. Зараз за аўтапрабег, які прайшоў у Мінску будзе аддувацца… віцебская выканаўчая ўлада.

— Не дачакаўшыся ўцямнага адказу ад са сталіцы – хаця даўно мінуў тэрмін, прадугледжаны законам “Аб зваротах грамадзян” – я ізноў звярнулася ў МУС, — распавядае Таццяна Севярынец. – Я паціквілася: чаму ж гэта службы, якім яны перадаручылі адказ на запыт, даручэнне гэтае не выконваюць. Мне прыйшоў адказ ад спадара Наркевіча, часова в.а. начальніка прыёмнай грамадзян МУС Беларусі. І ў ім напісана, што на мой запыт адкажа… Віцебскі аблвыканкам. Гэта нейкі дрэнна зрэжысаваны перфоманс. Што мне можа адказаць Віцебскі аблвыканкам пра падзею, якая адбылася ў Мінску? Гэта нешта, мякка кажучы, ненармальнае… За кім павінны прыехаць санітары?..

Атрымаўшы адказ ад Наркевіча, Таццяна Севярынец накіравала ў МУС новы ліст у якім у прыватнасці напісала:

У гэта цяжка паверыць, — піша ў чарговым звароце актывістка. — Мне будзе адказваць Віцебскі аблвыканкам? Пытанні не тычацца Віцебска. Я другі раз пыталася ў вас: на якой падставе па цэнтру Мінска ў верасні бягучага года прайшла агіткалона за Пуціна і Расію? Хто даў дазвол? Як вы гэта патлумачыце грамадзянам Беларусі? Я пра тое і пыталася ў МУС. Пры чым тут Віцебскі абвыканкам?

— Я, канечне, спадзяюся на ўцямны адказ, адказ па сутнасці, але ж складаецца такое ўстойлівае адчуванне, што у нашым Міністэрстве ўнутраных спраў працуюць безадказныя службовыя асобы, — заключыла Таццяна Севярынец.