Пра спыненне справы абвясціў 30 лістапада кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч. Прыкметы таго, што ўлады наважыліся спусціць гучную справу на тармазах, былі заўважныя яшчэ ўлетку. Тады адпаведныя тэчкі перадалі з КДБ у Следчы камітэт, а фігурантаў (напачатку ўзялі аж 35 чалавек) сталі пакрысе цішком выпускаць з-за кратаў.

Прычым апошніх выпусцілі акурат перад ліпеньскай сесіяй Парламенцкай асамблеі АБСЕ у Мінску. Улады відавочна не хацелі даваць дадатковыя падставы для крытыкі розным зубастым заходнім дзеячам, што з’язджаліся да нас на важнае мерапрыемства. Так што фігурантаў справы ад горшага лёсу ўратавала, у прыватнасці, зацікаўленасць беларускага кіраўніцтва і далей гуляць на еўрапейскім вектары. Так што тут меў месца халодны разлік, а не прыступ гуманізму.

Ну і, потым, пратэсты “дармаедаў” былі ўжо задушаны. Галоўная ж задача фэйкавай справы палягала ў тым, каб напалохаць завадатараў, актывістаў гэтых пратэстаў, а таксама і масу абывацеляў. Тым, хто заклікаў выходзіць на вуліцы, паказалі, што па іх турма плача. А масе простых грамадзян ударылі па мазгах грымучай прапагандысцкай сумессю. У гэтым фэнтэзі фігуравалі і прарыў джыпа са зброяй праз мяжу з боку Украіны, і сховы з арматурай для забурэнняў, і таямнічая фрау А. з Берліна, якая нібыта і выкрыла злавесныя планы дэструктыўных элементаў, што набраліся майданнага духу.

Спецслужбы і прапаганда, працуючы ў адной запрэжцы, эксплуатавалі засцярогі беларусаў, каб у нас не адбылося такіх трагічных, крывавых падзей, як ва Украіне. Стаўка была зроблена на дыскрэдытацыю самой ідэі вулічнай барацьбы супраць палітыкі ўладаў.

Тыя страшылкі, растыражаваныя дзяржаўнымі медыямі, апрыёры парушалі прэзумпцыю невінаватасці. Сёння ж высвятляецца, што дзяржаўныя СМІ з падачы “органаў” распаўсюджвалі проста хлусню і паклёпы. Але ці адкажа хтосьці за брудныя пасквілі? Пытанне рытарычнае. І рэч не ў тым, што аўтары падобных вырабаў хаваюцца за шырмай ананімнасці, а ў тым, што сістэма сваіх не здае.

Спецслужбы ж аказаліся ў ролі таго казачнага пастушка, што раз за разам крычаў “Ваўкі! Ваўкі!”, між тым як драпежнікаў не было. Вось цяпер грымнуў шпіёнскі скандал з затрыманнем грамадзяніна Украіны. Хто ведае, можа ў гэтым выпадку акурат і няма дыму без агня, але ці шмат веры заявам беларускага КДБ пасля такіх эпічных фэйлаў, як справа “Белага легіёна”?

“Мы мяркуем, што ў гэтай справе пастаўлена кропка”, — заявіў сёння кіраўнік Следчага камітэта.

Кропка кропкай, аднак просяцца пытальнікі. І самае вялікае пытанне: а ці апошняя гэта сфабрыкаваная справа? Раз за разам мы бачым, што як толькі ўладзе прыпякае, у ход ідзе падобны інструментарый, белымі ніткамі шыюцца відавочна палітычныя абвінавачанні, некага абіраюць на ролю ворагаў народа.

Адно што ў параўнанні з 1937 годам наша рэчаіснасць усё ж гуманізавалася. Тады лёс ахвяр быў фатальны, сёння ж, як бачым, магчымы варыянты. Грамадства стала іншае. Потым, адрозна ад сталінскага СССР, Беларусь — не надта вялікая і не надта магутная краіна ў цэнтры Еўропы, між полюсамі сілы. Рэжым зацікаўлены ў заходніх грашах і тэхналогіях, таму змушаны ўсё ж улічваць думку еўрапейскіх дэмакратый, ЗША, і не перагінаць з брутальнасцю.

Звыш таго, у эпоху постпраўды ўладам найважней стварыць медыйны эфект, забяспечыць патрэбнае ўздзеянне на псіхалогію масы ў патрэбны момант (у нашым выпадку — збіць пратэстныя настроі, падвесці базу пад брутальны разгон Дня Волі, рэпрэсіі супраць апазіцыі). А потым — ну мы ж не звяры якія! — фігурантаў высмактанай з пальца справы можна цішком выпусціць. Хай, маўляў, яшчэ радуюцца, што так абышлося.

Карацей, гэтакі сталінізм-лайт. Гісторыя паўтараецца ў выглядзе фарсу. Фрау А. з Берліна застанецца ў выглядзе мема, як і здохлыя пацукі (каторымі апазіцыя нібыта мелася атруціць вадаправод), прыдуманыя спецслужбамі перад Плошчай-2006.

Смех смехам, але такія фэйкі і сфабрыкаваныя справы азначаюць, што ў нас пакуль не пахне прававой дзяржавай. Што служкі ўлады разбэшчаныя свабодай рук. Што любога могуць зрабіць вінаватым ні за што. Утаптаць у бруд, выставіць пудзілам, знішчыць бізнес, кар’еру, рэпутацыю. І тыя, хто гэта робіць, адчуваюць поўную беспакаранасць, бо сістэма сваіх не здае.