На пасяджэнні Русы расказаў, што ў Беларусі плануецца рэалізаваць праект па стварэнні «вёсак будучыні» як новы этап развіцця аграгарадкоў. «Сёння падрыхтаваны тыпавыя праекты вёскі будучыні. Мінбудархітэктуры і аблвыканкамы распрацавалі дэталёвыя падыходы. У кожнай вобласці вызначаны аграгарадкі і пасёлкі, на аснове якіх будуць адпрацаваны гэтыя пілотныя праекты», — сказаў ён.

Паводле слоў намесніка прэм’ер-міністра, «распрацаваны малыя архітэктурныя формы, якія павінны быць будынкі, калі гэта плавальны басейн і школа, то як іх увязаць у адзін комплекс, якую колькасць іх будаваць і пад якую колькасць людзей».

Русы таксама адзначыў, што ў Беларусі ёсць 62 пасёлкі гарадскога тыпу. «Яны і не аграгарадкі, і не раённыя цэнтры, хоць там асноўная маса сельскіх людзей канцэнтруецца. Па два-тры будзем прыводзіць у парадак у год», — дадаў віцэ-прэм’ер.

Тлумачачы журналістам канцэпцыю, Русы расказаў, што дэталёва прапрацаваць ідэю аб стварэнні праекта «вёсак будучыні» і замацаваць гэта ў адпаведнай праграме плануецца ў 2018 годзе. Ён прызнаўся, што гэта ідэя «вельмі падабаецца» як кіраўніцтву ўрада, так і прэзідэнту асабіста. Пад такой вёскай, растлумачыў Русы, маецца на ўвазе развіты сельскі населены пункт, насельніцтва якога займаецца не толькі сельскай гаспадаркай, але таксама развівае аграэкатурызм або прыцягвае турыстаў адроджанымі помнікамі архітэктуры, напрыклад радавымі маёнткамі. «Гэта крок наперад у развіцці праграмы аграгарадкоў», — сказаў чыноўнік і нагадаў, што ў краіне створаны 1.481 аграгарадок.

«Вось, прыкладна, як Копысь, ён за базу ўзяты. Або аграгарадок Верцялішкі (Гродзенскай вобласці. — БелаПАН.). Кіраўнік дзяржавы паставіў у такой плоскасці задачу: максімальна выкарыстоўваць тую мясцовасць, тыя будынкі, пабудовы, тую гісторыю, якая знаходзіцца на гэтай тэрыторыі», — сказаў на заканчэнне Русы.