Сваякі Беўзюка пасля грамадскага рэзанансу, які набыла справа аб гібелі ў Печах вайскоўца Аляксандра Коржыча, звярнуліся па дапамогу да праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Ён дапамог брату загінулага скласці заяву ў СК з патрабаваннем распачаць крымінальную справу і разабрацца ў тым, што здарылася ў 2015 годзе. 17 лістапада была распачатая справа на падставе артыкула 145 КК (давядзенне да самагубства), піша сайт «Гомельская вясна».

19 сакавіка 2015 года радавы Міхаіл Бяўзюк, які навучаўся ў Печах на наводчыка БМП, патэлефанаваў брату Юрыю з просьбай прыехаць да яго ў найбліжэйшыя выхадныя. Ён прадыктаваў, што яму трэба прывезці. 20 сакавіка Міхаіл патэлефанаваў яшчэ раз і ўдакладніў, ці не забыўся брат на што-небудзь з спіса запытаных рэчаў. А раніцай 21 сакавіка Юрыю патэлефанавалі з часці і запыталі нумар мамы, бо здарылася «невялікая надзвычайная сітуацыя — Міхаіл павесіўся».

Хавалі маладога чалавека 22 сакавіка. «У дом мы яго не заносілі, не пераапраналі, бо яго прывезлі пазней, чым дамаўляліся, і трэба было ўжо хаваць. На ім было так шмат пудры, што калі да яго дакраналіся, усе рукі былі ў ёй. Вайскоўцы, якія яго прывезлі, вельмі спяшаліся, спасылаючыся на тое, што ім трэба вяртацца ў часць. Але ў гэты дзень ішоў снег. У пэўны момант з’явілася сонца, растапіла снег на яго твары і вада змыла частку пудры каля вачэй — там быў вельмі вялікі сіняк. І зноў ваенныя пачалі прыспешваць. Калі брата закопвалі, яны далі маме ў рукі канверт, там было прыблізна 10 млн рублёў, і хутка паехалі», — расказаў праваабаронцу брат загінулага Юрый Бяўзюк.

Сям’я Беўзюкоў шматдзетная. Бацька памёр у 2000 годзе, выхаваннем пяцярых дзяцей займалася маці, якая працуе даяркай. У сувязі з сітуацыяй вакол гібелі ў Печах радавога Коржыча сям’я лічыць, што іх сваяка таксама маглі давесці да самагубства сяржанты.

«Калі справа набывае грамадскі рэзананс, як гэта было з гібеллю Коржыча, калі петыцыя, складзеная праваабаронцамі, сабрала прыблізна 12 тысяч подпісаў, — дык і справу распачалі, і ваенныя пазбавіліся пасад, і міністр, і нават прэзідэнт праз прэс-сакратара прасілі прабачэння ў маці загінулага салдата. У выпадку з Беўзюком было інакш — прывезлі дадому мёртвага хлопца, сунулі ў канверце ў ранейшых грошах дзесяць мільёнаў, і ніякіх расследаванняў. Сям’я гэтая вельмі простая, у маці, якая працуе даяркай, нават няма мабільнага тэлефона. Яны нават не ведалі, што трэба напісаць заяву ў СК і запатрабаваць расследавання. Прайшло два гады, зараз цяжка будзе нешта даказаць, але мы будзем трымаць справу на кантролі і спадзяемся, што праўда пераможа», — пракаментаваў для БелаПАН Леанід Судаленка.

Ён звяртае ўвагу, што калі ў войска прызываюць маладых і здаровых хлопцаў, а праз некалькі месяцаў яны або захворваюць, або зводзяць рахункі з жыццём — тады якія ўмовы ў такой арміі? «Армія мае патрэбу ў рэфармаванні, гэтае пытанне наспела даўно. Як і пытанне аб абавязковым страхаванні жыцця і здароўя салдат», — дадаў праваабаронца.