Міраслаў Лазоўскі: Тое, што “справу патрыётаў” спынілі – поўная нечаканасць!

60

27 лістапада быў спынены крымінальны пераслед усіх удзельнікаў справы «Белага легіёну». Матэрыялы справы перададзеныя ў пракуратуру. Пра гэта заявіў 30 лістапада кіраўнік СК Іван Наскевіч на прэс-канферэнцыі ў Магілёве.

Нагадаем: затрыманні пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка гэтага года, што ў Беларусі “затрымалі дзясяткі баевікоў”, якія “трэніраваліся ў лагерах са зброяй”. Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (ч.3 арт.293 КК), пазней з’явілася абвінавачанне ў “стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання і ўдзеле ў ім” (арт.287 КК).

Паступова фігуранты справы выйшлі на волю пад падпіску аб нявыездзе, а у чэрвені справа была перададзена ў Следчы камітэт Беларусі.

Па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў праходзіла 35 чалавек. З іх 20 абвінавачваліся яшчэ і па артыкуле аб незаконным узброеным фарміраванні.

Не так даўно старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў, што “да канца восені ў гэтай справе будзе пастаўлена кропка”.

– Гэта, безумоўна, поўная нечаканасць, – кажа адзін з фігурантаў справы, колішні кіраўнік «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі. – Да апошняга мы не мелі аніякай інфармацыі, следчыя дзеянні не праводзіліся, таму можна было толькі гадаць, якое развіццё падзей будзе далей.

– Думалі і пра горшы сцэнарый?

– Так, бо, калі ў людзей хапіла сумлення “зшыць” такую справу, то хто перашкаджаў давесці яе да лагічнага заканчэння – прысудаў? Тым больш, што многія хлопцы правялі за кратамі ў следчым ізалятары амаль 5 месяцаў, і сілавікам трэба было б хоць нейкім чынам апраўдаць арышты. Але ўсё добра, што добра заканчваецца. Відаць, на справу паўплывалі і знешнія фактары.

– Ці будзеце вы патрабаваць маральную і матэрыяльную кампенсацыю за час, што правялі ў СІЗА?

– Па-першае, пакуль пра закрыццё справы я ведаю са СМІ, якія працытавалі заяву старшыні Следчага камітэта. Таксама патэлефанаваў следчы, пацвердзіў гэтую інфармацыю, а таксама паведаміў, што выслаў усе неабходныя паперы. Таму трэба спачатаку пазнаёміцца з дакументамі, а ўжо затым параімся разам з адвакатам, што рабіць далей. Але справа закрыта – і гэта проста цудоўна!


Няма запісаў для адлюстравання