Ён дапамагае людзям праводзіць менш часу ў чэргах і хутчэй атрымліваць патрэбныя даведкі, пасведчанні і іншыя адміністрацыйныя паперы. Бот даступны бясплатна ў месенджары Telegram для смартфона, планшэта або камп’ютара.

«Бот эканоміць час на тыпавых працэдурах і расказвае простай мовай юрыдычную інфармацыю, — пракаментаваў кіраўнік праекта «Док-Менеджар» Арцём Самкін. — Юрысты, якія ствараюць бот, пераводзяць нарматыўныя акты на зразумелую мову, каб любы чалавек разумеў, што рабіць. Да прыкладу, спачатку трэба пайсці ў адну ўстанову і падаць вось такія даведкі, потым у іншую — вось вам шаблон для заявы. Калі трэба плаціць пошліну, бот пакажа, дзе знаходзіцца найбліжэйшы банк. «Док-Менеджар» пакуль не можа зрабіць за вас усё, але прыкметна спрашчае збор і падрыхтоўку дакументаў. Таму супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі — важны для нас крок у бок даверу людзей, якія толькі пачынаюць карыстацца ботам».

«Док-Менеджар» спатрэбіцца, калі трэба аформіць даведку, пасведчанне і нават пракансультавацца аб працэдурах. Бот дае спіс дакументаў, якія трэба сабраць; высылае ўзоры заяў для запаўнення; паказвае на карце банкі і ўстановы; паведамляе, калі прыйсці за вынікам. Цяпер «Док-Менеджар» уключае больш за 16 працэдур. З ім ужо можна зарэгістраваць машыну, замяніць пашпарт, зняць і здаць жыллё, запісаць дзіця ў дзіцячы сад, зарэгістраваць і закрыць ІП і г.д.

Тым, хто здымае ці здае жыллё, бот дапаможа заключыць дагавор найму: вышле бланк дагавора; дасць інфармацыю, як правільна яго скласці; пакажа адрас РДЦ, дзе можна зарэгістраваць дагавор. «Док-Менеджар» раскажа аб усіх нюансах падачы іску ў суд, дапаможа самім скласці іскавую заяву і патлумачыць, у які суд звярнуцца. А той, хто жадае стаць у чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў, можа даведацца аб парадку пастаноўкі ці аб тым, хто мае пры гэтым прывілеі.

Распрацоўшчыкі сцвярджаюць, што боту можна давяраць: алгарытмы ствараюць прафесійныя юрысты, а некаторы час таму да рабочай каманды далучыліся супрацоўнікі Адзінага разлікова-даведачнага цэнтра Мінска. Сумесна з АРДЦ у боце створана ўжо дзве працэдуры — наём жылога памяшкання і аплата паслуг ЖКГ. Ва ўсіх РДЦ сталіцы з’явіліся брашуры, якія знаёмяць з ботам і даюць на яго спасылку.

Акрамя таго, да працы з ботам падключыліся прадстаўнікі КУП «Мінскае гарадское агенцтва абслугоўвання насельніцтва». Ужо ўзгодненыя і працуюць тры працэдуры: пастаноўка ў чаргу на жыллё, выдача накіравання і запіс дзіцяці ў дзіцячы сад.

«Штогод сотні тысяч мінчан звяртаюцца ў раённыя службы «Адно акно» па патрэбныя дакументы, а таксама ў кантакт-цэнтр па нумары 142 для атрымання неабходнай інфармацыі па іх, — расказвае дырэктар КУП «Мінскае гарадское агенцтва абслугоўвання насельніцтва» Аляксандр Яфімаў. — Якія дакументы прынесці, калі і дзе атрымаць даведку, ці трэба аплачваць пошліны. А па сутнасці чалавек можа звярнуцца ў службу «Адно акно» ўсяго два разы: аддаць дакументы і атрымаць даведку — усё астатняе робяць дзяржаўныя органы і арганізацыі».

Цяпер сумесна распрацоўваюцца адміністрацыйныя працэдуры для атрымання аднаразовых і штомесячных дапамог на дзяцей. У далейшых планах — уключыць у «Док-Менеджара» поўны спіс працэдур службаў «Адно акно».

Каб праверыць першы беларускі чат-бот для зносін з дзяржавай, трэба ўвесці ў радку пошуку месенджара Telegram імя @belgosbot. Больш падрабязна аб працы «Док-Менеджара» можна прачытаць на сайце праекта або ў сацыяльных сетках бота: Facebook і Vk.