Золата са скандальным прысмакам

11

Што ж адбылося на фінішы? На медалі прэтэндавалі тры каманды – барысаўскі БАТЭ, мінскае “Дынама” і салігорскі “Шахцёр”. Тут і лінулі алею ў агонь…

12 кастрычніка дысцыплінарны камітэт федэрацыі прысуджае барысаўскаму клубу тэхнічнае паражэнне ў матчы са «Слуцкам» – 0:3 за неправамерную заяўку на гульню запаснога варатара Сяргея Верамко, які быццам бы ў неабходны тэрмін не аплаціў штраф.

10 лістапада серыял працягваецца – у гэты дзень апеляцыйны камітэт Беларускай федэрацыі футбола вырашае адмяніць вердыкт дысцыплінарнага камітэта і вяртае БАТЭ тры ачкі, хаця ў той жа час штрафуе барысаўчан на 42 тысячы рублёў.

Але і на гэтым “мыльная опера” не заканчваецца. 24 лістапада збіраецца пазачарговы выканкам федэрацыі, на якім ізноў вырашаецца пытанне тых самых злашчасных 3 ачкоў, а па сутнасці – залатых медалёў чэмпіянату. І гэта за тур да заканчэння першынства!

Рашэнне апеляцыйнага камітэта, на радасць БАТЭ, пакінулі ў сіле, але сама сітуацыя выклікала столькі нараканняў на беларускія футбольныя законы, якія аказаліся што дышаль, што ў самы раз ставіць пытанне аб прафесіяналізме тых функцыянераў, якія іх распрацоўвалі.

Відавочна, што ў гэтай сітуацыі ў дачыненні да БАТЭ ў сказе “караць нельга памілаваць” знакі прыпынку маглі быць расстаўлены як заўгодна. Вырашылі зрабіць так, а маглі паступіць і інакш. І калі тыя самыя законы не выправіць сёння, то заўтра скандальная гісторыя зноў можа паўтарыцца. Дарэчы, высветлілася, што ўжо хапала выпадкаў, калі той самы дышаль круцілі ў пэўных сітуацыях у розныя бакі. Дык навошта тады такія законы?

А вось апошні тур чэмпіянату – гэта суперінтрыга, у якой чэмпіён вызначаўся на апошніх секундах матча “Гарадзея”–БАТЭ. Да 78-й хвіліны барысаўчане прайгравалі гаспадарам з лікам 1:3, але затым скарацілі лік, а ў дададзены час (на 95-й хвіліне!) і наогул зраўнялі. Нічыя аказалася “залатой”!

Здавалася б, усе павінны ўзрадавацца такой цудоўнай і драматычнай перамозе, але тыя скандальныя зерні, што былі кінуты ў глебу на пачатку восені, далі добрыя ўзыходы.

“Не лічу, што БАТЭ – сапраўдны чэмпіён, – выказаўся Сяргей Гурэнка – галоўны трэнер мінскага “Дынама, якое заваявала сярэбраныя медалі. – Такі ў нас чэмпіянат. Ён паказаў усю сутнасць нашага чэмпіёна… Мне сорамна, што першынство так прайшло. Чаму так адбылося? Таму што канкурэнцыя з’явілася. Не было б канкурэнцыі, была б цішыня – як у балоце жылі б”.

Кіраўнік БАТЭ Анатоль Капскі, паводле інафрмацыі СМІ, таксама ёміста ахарактарызаваў гэтае першынство: “Трэба ж і такое чэмпіёнства атрымаць. Праз задняе месца”.

Дарэчы, не выключана, што барысаўчанам рана піць шампанскае, а вышэйназваны скандальны “серыял” працягнецца і пасля заканчэння чэмпіянату. Кіраўнік Гродзенскай абласной федэрацыі футбола Франц Лецяга паведаміў, што, “калі “Шахцёр” прайграе ў Гродне, то зусім магчыма, што выканкам яшчэ раз будзе збірацца”. Салігорская каманда якраз і саступіла гродзенскаму “Нёману”…

Увогуле, вельмі не хацелася б, каб у нацыянальным першынстве чэмпіёнамі станавіліся праз тое месца, пра якое ўзгадваў Капскі. Будзем спадзявацца, што федэрацыя не стане крыўдаваць на крытыку, а зробіць для сябе канкрэтныя высновы.

І некалькі слоў пра тых, хто сёння далёкі ад вышэйзгаданых інтрыг і шчыра радуецца, што ў наступным сезоне будзе выступаць у вышэйшай лізе. Гэта і “Крумкачы”, якія ледзь не адправіліся ў палёт у ніжэйшую лігу, і “Іслач”, якая здолела выкараскацца з падвала турнірнай табліцы, і два навічкі элітнага дывізіёна – сталічны “Прамень” і “Смалявічы-СТІ”. Няхай у наступным годзе ўсё ў іх атрымаецца. Без аніякіх скандалаў…

Поделиться ссылкой: