— Зараз я — пенсіянер, адпачываю дома і сачу за тым, што адбываецца ў краіне і ў свеце, — кажа Сяргей Антонавіч. — Пенсію аформіў даволі рана — у 55 гадоў, бо працаваў на шкоднай вытворчасці Мінскага прыборабудаўнічага завода імя Леніна. Дарэчы, пэўны час яшчэ і пасля гэтага хадзіў на працу, але, калі споўнілася 60 гадоў, кантракт са мной не працягнулі.

— Ці вялікая ў вас зараз пенсія?

—  Напачатку плацілі наогул мала — на старыя грошы атрымліваў усяго 1 мільён 200 тысяч рублёў. Зараз маю 250 рублёў у месяц, хаця і гэта, безумоўна, зусім мала, калі ўлічваць, якія сёння ў Беларусі цэны.

— Але ж вы былі дэпутатам Вярхоўнага Савета. Гэта не ўлічвалася пры налічэнні пенсіі?

— Справа ў тым, што я адзін з нямногіх дэпутатаў, хто не пайшоў у Вярхоўны Савет афармляцца на сталую працу дэпутата. Гэта была мая прынцыповая  пазіцыя. Я сказаў, што з прадпрыемства звальняцца не буду, а таму атрымліваў не дэпутацкі заробак, а па месцы працы на заводзе. Суадносна, і пенсія мне была налічана працоўная. І я не шкадую, што ў свой час так зрабіў. Мне і так дастаткова. Але я застаўся вольным чалавекам і ўвесь час змагаўся.

— А зараз нейкім чынам удзельнічаеце у палітычным жыцці краіны? Можа быць, з’яўляецеся сябрам якой-небудзь партыі альбо руху?

— Адносна не так даўно ўступіў у Кансерватыўна-Хрысціянскую Партыю-БНФ, якую ўзначальвае Зянон Пазьняк. Актыўны ўдзел у справах партыі не прымаю, але ў той жа час падтрымліваю Зянона Станіслававіча як сапраўды нацыянальнага лідара. Ды і сама партыя мне падабаецца. Яна абсалютна самастойная, жыве без грантаў і трымаецца нацыянальнай ідэі. Такую пазіцыю я паважаю.