Некалькі гадоў таму Беларусь падпісала Глабальную дамову аб карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці пад эгідай ААН. Гэта своеасаблівая стратэгічная ініцыятыва, якая мае на мэце развіццё сацыяльнай адказнасці бізнесу, забяспечваючы актыўны ўдзел прадпрымальнікаў у вырашэнні найбольш вострых праблем грамадства, у тым ліку на мясцовым узроўні.

Прасцей кажучы, буйныя беларускія кампаніі, якія ў сваёй дзейнасці прытрымліваюцца прынцыпаў сацыяльнай адказнасці, аказваюць фінансавую дапамогу канкрэтным праектам ці канкрэтным людзям.

Бяда ў тым, што дабрачынная дзейнасць айчынных кампаній да сённяшняга дня мела разрознены характар. Да таго ж, пра добрыя справы, якія робяць беларускія бізнесмены, у грамадстве ведаюць не так шмат.

Вось вам толькі некалькі прыкладаў: ці ведаеце вы, што, дзякуючы намаганням “Беларусбанка”, дах над галавой атрымалі каля 140 дзяцей-сірот, якія зараз жывуць з прыёмнымі бацькамі?

Або, напрыклад, ці ведаеце вы, што знакаміты на ўсю краіну пошукавы атрад “Ангел” па сутнасці ледзьве зводзіць канцы з канцамі, таму што ўласных сродкаў валанцёраў не хапае на ўсё неабходнае? Некаторую дапамогу “Ангелу” прадаставіў “Прыорбанк”, аддаўшы пад патрэбы атрада ўласны інкасатарскі аўтамабіль. Або, напрыклад, унітарнае прадпрыемства “Кока-Кола Беўрыджыс Беларусь” больш за дзесяць гадоў ратуе навакольнае асяроддзе ў рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Ельня”.

“Па сутнасці, бізнес не абавязаны, але можа тварыць дабро”, — адзначыў адзін з ініцыятараў пагаднення, кіраўнік конкурса “Social Weekend”, які праходзіць пад патранажам адзялення ААН у Беларусі  Аляксандр Скрабоўскі.Сённяшні дакумент – гэта своеасаблівае нацыянальнае дапаўненне да Глабальнай Дамовы. На сённяшні дзень яго падпісалі каля чатырох дзясяткаў беларускіх кампаній, з часам мы плануем пашырыць гэты спіс да трохзначнай лічбы. Мы адкрыты для супрацоўніцтва з усімі кампаніямі, якія падзяляюць прынцыпы Глабальнай дамовы і разумеюць важнасць сацыяльнай адказнасці.”

“Гэта цывілізаванасць бізнесу”. Як беларускія кампаніі ахвяруюць на дабрачыннасць
Аляксандр Скрабоўскі

Быў створаны спецыяльны сайт www.social.by, дзе можна больш падрабязна даведацца пра дабрачынныя праекты ці дапамагчы тым, каму гэта патрэбна.

Пра важнасць сацыяльнай адказнасці буйнога бізнесу ў размове з карэспандэнтам “Народнай Волі” паразважаў першы намеснік гендырэктара УП “Кока-Кола Беўрыджыс Беларусь” Андрэй Рашчупкін.

— Пытанне ў тым, што само па сабе разуменне прынцыпаў сацыяльнай карпаратыўнай адказнасці мае важнае значэнне, — гаворыць Андрэй Валянцінавіч. – Гэта гаворыць пра цывілізаванасць самога бізнесу. Размова ідзе не пра памер прыбыткаў, можна ж мець агромністы прыбытак і не разумець, для чаго гэта ўвогуле трэба. У паўсядзённым жыцці мы ж не аспрэчваем тое, што састарэлым людзям неабходна дапамагаць пераходзіць дарогу ці саступаць месца ў транспарце. Гэта пытанне цывілізаванасці. Тое самае і з бізнесам: я, магчыма, не буду зразумелы пераважнай большасцю, цытуючы ленінскае “жыць у грамадстве і быць вольным ад яго нельга”, але насамрэч, у гэтым ёсць доля праўды.

“Гэта цывілізаванасць бізнесу”. Як беларускія кампаніі ахвяруюць на дабрачыннасць
Андрэй Рашчупкін

Разлік на тое, што пабачыўшы нечае пачынанне, да сацыяльнай адказнасці падцягнуцца новыя кампаніі.

— Але ж у Беларусі не так проста аказваць спонсарскую дапамогу…

— Так, праблема ёсць, але галоўнае – жаданне. Хаця прывяду вам пару прыкладаў: для таго, каб пабудаваць, напрыклад, дзіцячую пляцоўку – проста даць на гэта грошы і атрымаць невялікі кавалак зямлі пад яе будаўніцтва складана… На раённым узроўні – гэта можна зрабіць больш-менш хутка, на гарадскім складаней…

Для таго, каб фінансава дапамагчы канкрэтнай сталічнай школе, трэба чакаць рашэння Мінгарвыканкама. А гэта робіцца не хутка. Я не кажу, што тыя сродкі школа не атрымае – абавязкова атрымае, але ж прыкладна праз паўгады пасля яе выдзялення… Трэба неяк скараціць “перыяд чакання”, гэта павінна вырашыцца на дзяржаўным узроўні. Я падкрэсліваю, што мы не кажам пра такую рэч, як атрыманне ільгот. Мы гаворым пра тое, што калі бізнес, даючы грошы са свайго прыбытку, яшчэ шмат часу траціць на адміністрацыйныя працэдуры, то гэта вельмі цяжка…

— Пры такіх умовах, падпісанне пагаднення ў сферы ўзамадзеяння буйнога бізнесу па пытаннях дабрачыннасці мае сэнс?

— Безумоўна… Аб’яднанне намаганняў  буйнога бізнесу ў пытаннях дабрачыннасці – важная тэма. Іншае пытанне, як гэта кансалідаваць? Глядзіце: тры кампаніі задумалі пабудаваць стадыён. Для гэтага ім абавязкова трэба знайсці пасярэдніка, які будзе рэалізоўваць праект. Але прававога механізму для аб’яднання фінансавых сродкаў і сумесных намаганняў у дабрачынным праекце няма. Гэта складаная задача, якая патрабуе вырашэння з дапамогай адпаведных спецыялістаў.

Фота: Радзівон Антановіч