У зале прысутнічала багата літаратараў, выдаўцоў і, натуральна, перакладчыкаў.

Быў прадстаўлены шырокі спектр твораў — ад дзіцячых кніжак (“Хронікі Нарніі”, пераклад Надзеі Кім) да дарослай літаратуры і паэзіі, і нават старажытнай класікі (“Рыгведа” ў пераўвасабленні з санскрыту Ігара Кулікова). Выдавецтвы — “Медысонт”, Ігар Логвінаў, Зміцер Колас.

Апошняга варта вылучыць асобна — з ягонай серыі “Паэты планеты” намінаваліся ажно два пераклады — Генрыха Гайнэ (Ігар Крэбс) і Шарля Бадлера (Андрэй Хадановіч). А сама серыя, якая пачалася ўлетку 2016-га, налічвае ўжо 31 выданне (апошняе — вершы Алеся Разанава). Чым пераўзышла выдаваную цягам каля 15 гадоў паэтычную серыю дзяржаўнага выдавецтва “Мастацкая літаратура”, дзе з’явілася толькі каля 20 кніжак.

Галоўным пераможцам вядоўцы конкурсу — Лявон Баршчэўскі і Сяргей Дубавец — абвясцілі Андрэя Хадановіча (Шарль Бадлер. Выбраныя вершы. Мінск, 2016, 112 с., выдавец Зміцер Колас). Шкада толькі, што асобнай намінацыяй не адзначаюцца выдаўцы: без іхняй тэхнічнай і рэдактарскай працы не было б і выданняў перакладаў.