Для танга патрэбны двое

80

На гэты раз падставы чакаць нейкіх дасягненняў былі большымі, таму што за два гады, што прайшлі з апошняга саміту ў Рызе, у беларуска-еўрапейскіх адносінах адбыліся прыкметныя перамены, асабліва з фармальнага пункту гледжання.

Найперш Еўрасаюз адмяніў амаль усе санкцыі, і прадстаўнікі еўраструктур ахарактарызавалі двухбаковае супрацоўніцтва як інтэнсіўную працу на ўзроўні экспертных ініцыятываў. Да таго ж, у адрозненне ад папярэдніх аналагічных сустрэч, на гэтую быў наўпрост запрошаны Аляксандар Лукашэнка.

Часам нават складалася ўражанне, што галоўная інтрыга палягае менавіта ў тым, ці прыме ён запрашэнне. Але насамрэч такі ўдзел абсалютна ні аб чым не сведчыў бы, бо падставы яго маглі быць самыя розныя, у тым ліку і такія, што не маюць ніякага дачынення да далейшага супрацоўніцтва. Гіпатэтачна яно магло пайсці як у адзін, так і ў другі бок, аднак шанцаў на развіццё падзей у станоўчым накірунку ад пачатку было нашмат меней.

У той жа час адмова ад паездкі на саміт адназначна сведчыць, што на сур’ёзнае супрацоўніцтва з аб’яднанай Еўропай сённяшні рэжым не разлічвае.

Крыху дзіўна, дарэчы, што аб адмове не было абвешчана адразу – навошта трэба было трымаць у трывожным тамленні беларускае грамадства? Напэўна, рабіліся спробы неяк скарэктаваць графік, каб усё ж трапіць у Брусель, аднак, мабыць, не атрымалася…

Нельга, канешне, адмаўляць, што эфект ад прысутнасці першай асобы на саміце ёсць дастаткова істотным, але ўсё ж нашмат больш важным падаецца пытанне, якімі могуць атрымацца для нашай краіны вынікі гэтага мерапрыемства. Для адказу напачатку трэба высвятліць, чаго на самой справе чакае ад ЕС увогуле і ад Усходняга Партнёрства ў прыватнасці беларускае кіраўніцтва.

Пра дыскусіі, што вядуцца ў палітычнай галіне, мала што вядома, за выключэннем візавай праблемы і кволага дыялогу по правах чалавека. Ва ўсялякім разе, публічна нічога не згадваецца, хоць слабавата верыцца, што бакі зусім не кранаюць магчымыя наступствы рэзка ўзросшай агрэсіўнасці і непрадказальнасці Расіі.

На справе ўсё так ці інакш зводзіцца да прагматычных аспектаў, што фактычна пацвердзіў на прэсавай канфэрэнцыі пасля саміту Уладзімір Макей: “Каб мы ў крызіснай сітуацыі маглі мець нейкія падушкі”.

Ад Еўропы патрэбны крэдыты, інвестыцыі і тэхналогіі, падтрымка далучэння да Сусветнай гандлёвай арганізацыі, а таксама адкрытасць еўрапейскага рынку для беларускай прадукцыі.

Паколькі адразу дасягнуць гэтых мэтаў праблематычна, увага зараз канцэнтруецца на хутчэйшым заключэнні Пагаднення аб супрацоўніцтве і партнёрстве. У Бруселі Уладзімір Макей у чарговы раз заявіў, што гэтаму нібыта нічога не перашкаджае.

Перашкодаў сапраўды паменела, але, як было адзначана на нядаўнім беларуска-нямецкім Форуме, некаторыя краіны-сябры ЕС не забываюць пра каштоўнасці і лічаць неабходным, каб у Беларусі папярэдне было адменена смяротнае пакаранне і спынены рэгулярныя парушэнні правоў чалавека.

У сучасных абставінах разлічваць на такія зрухі, шчыра кажучы, цяжкавата. Адпаведна, ёсць моцнае падазрэнне, што бакі амаль дасягнулі мяжы свайго збліжэння. Да адсутнасці імкнення да шматграннага супрацоўніцтва ў самога афіцыйнага Мінску дадаюцца ягоныя абгрунтаваныя асцярогі жорсткай рэакцыі “галоўнага хаўрусніка”, што той яскрава прадэманстраваў ва Украіне.

Адсюль яшчэ не вынікае, што ўсе дасягненні на еўрапейскім накірунку ўжо адбыліся. Не выключана, што калісьці ўсё ж будзе падпісаная шматпакутная візавая дамова альбо яшчэ якія-небудзь пагадненні. Але ў цэлым аптымізм кіраўніка знешнепалітычнага ведамства, які выказаў упэўненасць, што да наступнага саміту Беларусь падыдзе з новым узроўнем супрацоўніцтва з ЕС, выглядае не зусім абгрунтаваным.

Як вядома, для танга патрэбны двое, з беларускага ж боку шчырага жадання танчыць пад еўрапейскую музыку не праглядаецца.

Поделиться ссылкой: