Аляксандр Рэвін, Яўген Назарэвіч і Сяргей Мацкевіч

Пра падарожжа беларускай зборнай па гіравым марафоне на чэмпіянат свету ў Італію “Народная Воля” паведамляла раней. Трое беларускіх асілкаў Аляксандр Рэвін, Яўген Назарэвіч і Сяргей Мацкевіч адправіліся ў Мілан, не шкадуючы ні здароўя, ні грошай, каб на сусветным форуме прадставіць нашу краіну.

Атрымалася бліскуча – усе трое вярнуліся з Італіі чэмпіёнамі свету! Аляксандр Рэвін быў мацнейшым у спаборніцтвах аматараў у паўмарафоне – за паўгадзіны беларусу ўдалося ўзняць 24-кілаграмовую гіру 380 разоў. Яго калега па камандзе Яўген Назарэвіч стаў мацнейшым асілкам планеты ў паўмарафоне, рвануўшы гіру вагой у 32 кілаграма 457 разоў.

А Сяргею Мацкевічу не было роўных у паўмарафоне. Спартсмен працаваў з гірай вагою 32 кіло. За паўгадзіны Мацкевіч узняў спартыўны снарад 439 разоў.

Па вяртанні ў Беларусь Сяргей Мацкевіч падзяліўся ўражаннямі ад паездкі з карэспандэнтам “Народнай Волі”.

— Першае, што хацелася б адзначыць, дык гэта тое, што чэмпіянат свету выйшаў і сапраўды даволі прадстаўнічым, — распавядае спартсмен. —  На памост выйшлі больш за 170 атлетаў з 21 краіны. Былі прадстаўнікі з такіх экзатычных для гіравога спорту краін, як Чылі, Аўстралія і ЗША.

Безумоўна, радуе тое, што ўсе беларусы, а было нас, як вы разумееце, толькі трое, вярнуліся дамоў чэмпіёнамі свету. Было цяжка, было балюча, нават рукі ў кроў паздзіралі, але перамаглі…

“А можа вы наркадылер?”

Асабіста я крыху расчаравны сваім вынікам. Пасля пералёту не паспеў як належыць адаптавацца, таму трохі хваляваўся і падчас выступлення кантраляваў не толькі гіру, але і ўласны адрэналін… Дзякуй Богу, удалося апярэдзіць галоўнага канкурэнта – спартсмена з Венгрыі – на 25 уздымаў. Выступленне Яўгена Назарэвіча таксама атрымалася напружаным. Пасля таго, як ён сыйшоў з памосту страшна было глядзець на яго рукі – яны былі ў крыві… Але, перамог, малайчына!

— Наколькі я разумею, нічога акрамя спартыўнага задавальнення ўдзел у чэмпіянаце свету вам не даў…

— Так, ніякіх грашовых прызавых, як гэта практыкуецца ў іншых відах спорту, гіравікам не прадугледжана. Наадварот, мы самі аплочваем унёскі за ўдзел у спаборніцтвах. Удзел у чэмпіянаце свету каштаваў 40 еўра з чалавека, гэта без уліку дарожных расходаў. Чэмпіёнаў узнагародзілі медалямі і спецыяльнымі статуэткамі. Падарунак гэты мне ледзьве ўдалося правезці ў Беларусь…

— Такі цяжкі?

— Не, хутчэй падазроны, асабліва для беларускіх памежнікаў. Я ўязджаў у Беларусь з Літвы – праз пункт пропуску “Каменны Лог”. Статуэтка з чэмпіянату свету адразу прыцягнуда ўвагу на мяжы: “А можа вы наркадылер?”, — пыталіся ў мяне беларускія мытнікі. Я даводзіў, што спартсмен, еду з чэмпіяната свету. Не асабліва дапамагло, прыйшлося памятны падарунак разбіраць прама на мяжы. Нічога забароненнага ўнутры, зразумела, не знайшлі, прапусцілі…

Дарэчы, наступны міжнародны старт беларускіх гіравікоў – чэмпіянат Еўропы, які пройдзе праз тры тыдні ў Расіі.

“А можа вы наркадылер?”