«На канферэнцыі мы паказалі, што беларускае грамадства даўно гатовае да існавання нармальнага нацыянальнага ўніверсітэта. Калі раней было больш песімізму адносна яго з’яўлення, то цяпер, дзякуючы намаганням нашых эліт, грамадства саспела для перамен», — сказаў ён.

«У свой час з апазіцыі БНФ таксама ўсе смяяліся ў парламенце, выкідвалі нашы законапраекты ў сметнік, — адзначыў Трусаў. — А ўсяго праз пару гадоў дзве траціны парламента зацвердзілі бел-чырвона-белы сцяг, герб «Пагоня» і назву «Рэспубліка Беларусь». І зараз зноў надыходзіць такі час. Праз 25 гадоў пакаленне змянілася, прычым на нашу карысць, нягледзячы на татальную русіфікацыю. Цяпер прэстыжна быць беларускамоўным жыхаром Мінска. <…> Гэта сведчыць, што ў нашага ўніверсітэта будуць студэнты, выкладчыкі».

Паводле слоў ганаровага кіраўніка ТБМ, мяркуецца, што ў «Альбарутэніі» па пачатку будуць рыхтаваць толькі магістраў. Падрыхтаваныя «па еўрапейскіх сістэмах» яны стануць маладымі выкладчыкамі для будучых студэнтаў гэтага ўніверсітэта. «Потым мы плануем набіраць дзесьці 200 студэнтаў у год, гэта дазволіць эканоміць грошы», — сказаў ён.

Плануецца, што ўніверсітэт будзе працаваць па такіх накірунках, як міжнароднае краіназнаўства, даследаванне гісторыка-культурнай спадчыны, урбаністыка, інфарматыка, бізнес-менеджмент і журналістыка ў рамках электронных СМІ.

Трусаў падкрэсліў, што «Альбарутэнія» павінна стаць «універсітэтам асобы». Ён перакананы, што «калі кафедры і накірункі дысцыплін узначаляць самыя знакамітыя прафесіяналы», то ВНУ зможа пачаць паўнавартасна працаваць нават у віртуальнай прасторы, а потым стане рэальнай.

У той жа час ён спадзяецца, што ўлады, убачыўшы, што ТБМ ўсур’ёз намерана заснаваць такую ВНУ, «з рэўнасці адкрыюць дзяржаўны нацыянальны ўніверсітэт і зробяць гэта яшчэ раней, чым зарэгіструюць «Альбарутэнію». Тым больш прэзідэнт ужо назваў рэктарам гэтага патэнцыяльнага ўніверсітэта Ігара Марзалюка, які нядаўна стаў членам-карэспандэнтам Акадэміі навук. Што ж, гэта будзе вельмі добра, будзем з імі канкурыраваць», — сказаў Трусаў.