Пра гэта паведамляе «Аль-Джазіра» са спасылкай на дзяржаўнае агенцтва MENA.

Баевікі ўзарвалі выбухоўку і пасля адкрылі агонь па верніках, што спрабавалі выбрацца з мячэці. Таксама баевікі стралялі па машынах хуткай дапамогі, якія прыбывалі на месца здарэння.

Прэзідэнт Егіпта Ас-Сісі абвясціў трохдзённую жалобу і звярнуўся да народа: прэзідэнт назваў гэты напад злачынным і труслівым і абяцаў, «што армія і паліцыя адпомсяць за пакутнікаў і прыкладуць усе намаганні, каб аднавіць бяспеку і стабільнасць».

Мячэць знаходзіцца ў 40 кіламетрах ад горада Эль-Арыш, адміністрацыйнага цэнтра Паўночнага Сіная, і была месцам збору суфістаў, якіх ісламісты накшталт Ісламскай дзяржавы лічаць нявернікамі. Аднак, пакуль што ніводная групоўка не ўзяла на сябе адказнасць за тэракт.

Рост экстрэмізму ў Паўночным Сінаі назіраўся з самага пачатку кіравання прэзідэнта Ас-Сісі, пасля таго як ваенныя зверглі папярэдняга прэзідэнта Мухамеда Мурсі ў 2013-ым годзе. Звычайнай мэтай экстрэмістаў былі спецслужбы і паліцыя. У 2014-ым годзе ўлады абвяшчалі надзвычайнае становішча на паўвостраве, калі смяротнік узарваў выбухоўку, забіўшы 33 вайскоўцы. Але былі і замахі на мячэці і храмы хрысціян-коптаў.