
Гэта сістэмны агляд гісторыі ідэй мінулага стагоддзя. “Тэорыя літаратуры” стала знаходкай не толькі для польскага рынку, але і для сусветнага літаратуразнаўства. А ў сённяшняй прэзентацыі шмат якія тэрміны і імёны ўпершыню загучалі ў беларускім перакладзе.
Анна Бужыньска і Міхал Павел Маркоўскі ў адным томе апісваюць найважнейшыя тэорыі літаратуры мінулага стагоддзя ад псіхааналізу да посткаланіялізму. Аўтары прыклалі ўсе намаганні, каб багацце зместу і кампетэнтны аналіз спалучаліся з яснасцю і празрыстасцю расповеду.
Кожны раздзел прысвечаны асобнай плыні ў тэорыі,ёсць і карысныя дадакі – тлумачэнні асноўных паняццяў, храналогія, бібліяграфія і раскладная “мапа” тэорый літаратуры. Кніга без сумневу можа стаць настольным даведнікам не толькі будучым філолагам, але і ўсім студэнтам гуманітарных накірункаў.
Сродкі на кнігу былі збіраліся праз краўдфандынгавую кампанію на “Талацэ”. Выданню кнігі таксама спрыялі Польскі інстытут кнігі (Кракаў), Фонд культуры і адукацыі Орса Рамана (Нью-Ёрк), ПЭН Амерыка (Нью-Ёрк), фонд “Вяртанне” (Мінск), польская беларусістка, першая амбасадарка Польшчы ў Беларусі Эльжбета Смулкова і шматлікія іншыя людзі і арганізацыі.
Пераклад з польскай мовы рабілі чатыры перакладчыцы – Марына Шода, Святлана Рогач, Марыя Пушкіна і Таццяна Нядбай; рэдагаванне рабіў Лявон Баршчэўскі.