Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Калі на мяжы стагоддзяў у дзярэчынскім касцёле на Зэльвеншчыне ўсталёўвалася памятная дошка ўдзельніку паўстання 1830–1831 гадоў Яўстаху Каятану Сапегу (1797–1860), мы з сябрамі даведаліся, што ў далёкай Кеніі жыве яго праўнук.
15:25 24 лістапада 2017
27
Памер шрыфта
Вокладка кнігі “Гісторыя Сапегаў”.

І хоць нашчадку слаўнага роду ішоў ужо дзявяты дзясятак, а паміж Мінскам і Найробі каля сямі тысяч кіламетраў, было вырашана запрасіць шаноўнага госця з Афрыкі на ўрачыстае асвячэнне дошкі. Хутчэй дзеля прыліку, бо хто ж у восемдзесят тры адважыцца на такое рызыкоўнае падарожжа? Паслалі тэлеграму і забыліся. На дзіва, князь Яўстах Севярын Сапега (з той самай галіны роду, што і канцлер Леў) згадзіўся прыехаць, і неўзабаве мы сустракалі на чыгуначным вакзале ў Гродне яго разам з доктарам гісторыі Марыяй Каламайскай-Саед з Варшавы, куды афрыканскі госць дабіраўся самалётам з трыма перасадкамі.

Апошні пазасталы ў жывых прадстаўнік ружанска-дзярэчынскай лініі Сапегаў аказаўся дасведчаным сапегазнаўцам – мы слухалі ягоныя аповеды затаіўшы дыханне. Пра тое, як расійскія ўлады разрабавалі Дзярэчын у 1831 годзе, вывезшы ў Пецярбург больш за 200 скрыняў з фамільнымі каштоўнасцямі (у тым ліку вялізны залаты кубак з гербам князёў Шуйскіх, гетманскія рэгаліі Льва Сапегі, аздобленую дыяментамі шаблю канцлера Аляксандра Міхала). Пра тое, як яго выгнаны з Айчыны прадзед па мянушцы Паўстанец, жывучы на горкім эмігранцкім хлебе, рыхтаваў у Парыжы новае паўстанне ў забраным Краі, але яму не суджана было дажыць да 1863 года. Пра тое, як бацька князя ў 1939 годзе прадказальна трапіў на Лубянку і некалькі месяцаў правёў у камеры смяротнікаў. Пра тое, як сам князь ваяваў, трапіў у палон, а потым, каб пракарміць сям’ю, стаў паляўнічым у Афрыцы і паміж выездамі на сафары пры газніцы ў намёце пад ільвінае рыканне пісаў гісторыю свайго славутага роду.

Адпачыўшы ў Гродне, на другі дзень Яўстах Севярын Сапега паехаў з намі ў Дзярэчын. Папярэджаныя аб візіце дзярэчынцы вялікай грамадой сустрэлі князя хлебам-соллю на даматканым ручніку. Адмыслова на ўрачыстасць прыехаў біскуп Аляксандр Кашкевіч, які пасля імшы ў касцёле і асвячэння дошкі звярнуўся да шаноўнага госця з прывітальнай прамовай. А калі расчулены да слёз Яўстах Севярын пакідáў Дзярэчын, на вежы развітальна бомкнуў старадаўні звон (адліты, як мы пазней даведаліся, у 1717 годзе). “Ён пазнаў мяне!” – эмацыйна ўсклікнуў князь і папрасіў запісаць тыя гукі на дыктафон.

У Гродне ў гасцінным доме прадпрымальніка Валянціна Дубатоўкі (фундатара тае дошкі) князь ледзь не за кожным тостам прасіў паўтарыць голас звона і неяк замілавана паглядаў на мой, яшчэ плёначны, дыктафон. Скарыстаўшыся тым замілаваннем, я запісаў тады з князем вялікую гутарку, з якой прывяду тут два кароткія фрагменты.

Яўстах Севярын прыгадваў: “На беларускай зямлі я 83 гады таму нарадзіўся, але як Сапега я тут ужо 500 гадоў. Мы паходзім адсюль. Мае продкі мусілі быць на эміграцыі – у Англіі, у Галіцыі – і вярнуліся сюды. Для мяне гэты край – Айчына, нягледзячы на тое, што я потым апынуўся ў Афрыцы, а тут пазаўчора была Расія, учора – Польшча, а сёння Беларусь. Усе Сапегі, і я ў тым ліку, былі грамадзянамі Вялікага Княства Літоўскага. Мы, Сапегі, чатырыста гадоў змагаліся за незалежнасць свайго Краю, мы не хацелі быць жыхарамі Польскага Каралеўства. Многія мае продкі пахаваны тут, і я мару, каб мой прах прытуліўся ў якім-небудзь сапегаўскім касцёле ў Беларусі”.

Палац Сапегаў у Ружанах. Выгляд у 1990-я гг. і ў 2017-м.

Я запытаўся, ці вярнуўся б князь на радзіму, калі б яму вярнулі былыя ўладанні – як гэта зроблена, напрыклад, у краінах Балтыі. Сапега ўздыхнуў: “Мы ўсё страцілі пасля паўстання ў 1831 годзе. На сто гадоў забралі, але ў 1933-м вярнулі. Пасля вайны зноў забралі. Вядома, калі б цяпер я мог вярнуць сваю зямлю, то зрабіў бы гэта з прыемнасцю. Ружаны існуюць, Дзярэчын існуе. Каб вярнулі… Але хадзіць і прасіць ці купляць, кажучы, што маю на гэта грошы, я не хачу. Усё тут моцна змянілася. Адзінае, што засталося без змен, – гэта зямля і лес. Разумееце, каля Ружанаў яшчэ расце наш лес! Я ў Афрыцы дваццаць гадоў быў прафесійным паляўнічым, і мне прыемна было б папаляваць у сваім лесе. Але, кажуць, трэба пісаць ліст Лукашэнку, каб дазволіў. Сваёй сястры, якая жыве ў Лондане, я хацеў завезці хоць кавалачак цагліны ад нашага дзярэчынскага маёнтка. I – не знайшоў, нічога не засталося”.

Спрабуючы развеяць тугу князя, мы прапанавалі праехацца па Беларусі, каб пабачыць тое, “што засталося”. І – неабачліва ўключылі ў маршрут радзівілаўскі Нясвіж. Яўстах Севярын рашуча адмовіўся туды ехаць і патлумачыў, што калі яны, Сапегі, змагаліся за Айчыну, Радзівілы пілі гарэлку і каталіся на мядзведзях… А вось у Ружаны шаноўны госць паехаў з радасцю, доўга блукаў паміж зруйнаванымі крыламі фамільнага палаца і прызнаўся, што пачуваўся б шчаслівым, калі б яго ўдалося аднавіць.

Пакідаючы Беларусь, Сапега падараваў нам выдадзены ў Варшаве важкі фаліянт на польскай мове “Dom Sapieżyński” з гэткім надпісам: “Спадарам Валянціну Дубатоўку і Міхалу Скоблу на памяць пра мілае спатканне ў новым Гродне і з пажаданнем поспеху ў працы над гісторыяй Дзярэчына”. І на словах дадаў, што марыць убачыць выданне кнігі на мове таго Краю, за незалежнасць якога са зброяй у руках змагаліся яго продкі. Я паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб тая мара спраўдзілася.

З таго часу шмат вады сплыло ў афрыканскіх і беларускіх рэках. У 2004 годзе Яўстах Севярын Сапега пакінуў гэты свет, паспеўшы даслаць нам з Валянцінам па асобніку сваіх мемуараў, дзе апісана і падарожжа па Гродзеншчыне ды Брэстчыне. Тыя мемуары таксама чакаюць на сустрэчу з варштатам Скарыны, бо ў іх – пераважна пра жыццё ў міжваеннай Заходняй Беларусі.

Пакуль жа да чытача прыйшоў беларускі варыянт “Domu Sapieżyńskiego” – “Гісторыя Сапегаў: жыццяпісы, маёнткі, фундацыі”. Гэта своеасаблівая Сапегаўская энцыклапедыя, напісаная вядомымі польскімі гісторыкамі. У ёй – падрабязныя біяграфіі найбольш слынных прадстаўнікоў роду (іх ажно 85), апісанні маёнткаў (іх налічваецца 72) і фундацый – пераважна храмаў розных канфесій. Дарэчы, многія з іх захаваліся да нашых дзён, напрыклад, Троіцкі касцёл у Ружанах, Троіцкая царква ў Быхаве, касцёл і кляштар бернардзінак у Гродне.

Многія з тых 85 Сапегаў вартыя адмысловых даследаванняў – як прыхільнікі незалежнасці Вялікага Княства і творцы ягонай гісторыі. Напрыклад, Францішак Сапега (прапрадзед князя-“афрыканца”) – паплечнік Тадэвуша Касцюшкі, шукальнік прыгод і заўзяты падарожнік, якому, аднак, у Пецярбургу было захоладна, у Лісабоне – загорача, у Лондане – завільготна, у Варшаве і Вільні бракавала адпаведнай кампаніі. Усё, чаго князю не хапала ў еўрапейскіх сталіцах, ён знаходзіў, дайце веры, у Дзярэчыне, у сваім палацы. Там князь бавіў час з маладой жонкай Пелагеяй з Патоцкіх, якую за любоў да тэатра ў магнацкіх салонах называлі “дзярэчынскай Тэрпсіхорай”.

Сапегаўская зорка высока ззяла над Краем і вабіла да сябе французскіх донжуанаў, італьянскіх артыстаў, нямецкіх прадпрымальнікаў і турэцкіх гандляроў коньмі, якія прыганялі цэлыя табуны на знакаміты Ганненскі кірмаш у Зэльве, што ладзіўся штогод з лёгкай рукі яшчэ аднаго Сапегі – Антонія Казіміра. Прыемна, што ўжо ў наш час той кірмаш адноўлены, і штолета зацішная Зэльва ажывае, прымаючы, як і трыста гадоў таму, тысячы гасцей з усіх валасцей.

Сапегі сапраўды адчувалі сябе патрыётамі Княства, шмат зрабілі для яго эканамічнага і палітычнага ўмацавання (адзін Літоўскі Статут чаго варты!). Даходзіла да таго, што Сапегі за ўласныя грошы (іх часам не хапала ў каралеўскай казне) утрымлівалі дзяржаўнае войска на ўсходняй мяжы, баронячы супольную дзяржаву Рэч Паспалітую ад агрэсіўнай Масковіі.

Чытач кнігі “Гісторыя Сапегаў” заўважыць сапегаўскі патрыятызм і ў гэткай “дробязі”, як імёны. Князі называлі сваіх сыноў не толькі на заморскі лад, але і Алесямі ды Міхасямі, а дочак – Тэклямі, Гальшкамі, Тадорамі, Анэлямі ды Васілісамі…

Такім чынам, з трох мараў Яўстаха Севярына Сапегі цалкам спраўдзілася пакуль толькі адна – выйшла па-беларуску галоўная праца яго жыцця (дзякуючы Уладзіміру Кісламу і Таццяне Марціноўскай з кампаніі “Wargaming”). Другая мара збылася напалову – Ружанскі палац часткова адноўлены, там дзейнічае гістарычны музей. Трэцяя мара таксама мае шанец спраўдзіцца – прывезлі ж нядаўна на радзіму прах княгіні Магдалены Радзівіл.

Памятаючы пра заслугі Сапегаў у дзяржаўным будаўніцтве і станаўленні Мінска, аўтар гэтых радкоў звярнуўся ў Музей гісторыі сталіцы – каб правесці там прэзентацыю “сапегаўскай энцыклапедыі”. Адміністрацыя музея доўга думала і нарэшце адмовіла: маўляў, не наш профіль. Дзіўная адмова. Бо ажно пяцёра Сапегаў у розны час былі мінскімі ваяводамі…

Прэзентацыя кнігі “Гісторыя Сапегаў: жыццяпісы, маёнткі, фундацыі” адбудзецца 24 лістапада ў сталічнай кавярні “Грай” (вул.Інтэрнацыянальная, 33; за Палацам Рэспублікі). Другі паверх, зала Алены Кіш, уваход вольны. Пачатак – 18.00.

Крынiца: Народная воля
Тэмы:, ,
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

У Мінску будзе памятная дошка народнаму паэту Рыгору Барадуліну (фота)

У Мінску будзе памятная дошка народнаму паэту Рыгору Барадуліну (1935 — 2014). Яе плануецца адкрыць на доме па вуліцы Мележа, дзе ён жыў, яшчэ да Калядаў.

Як захварэць на аб’ектыўнасць?

З часоў, калі журналістыка стала акадэмічнай дысцыплінай, якую выкладаюць у навучальных установах, а студэнтам па заканчэнні навучання выдаюцца дыпломы з пазначанай там спецыяльнасцю, адна з першых ды

Работников меньше, управленцев — больше

Госаппарат и школа спасают от безработицы.