Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Пяць гадоў таму ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы (ГрДУ) пачалася серыя звальненняў выкладчыкаў з моцнай грамадзянскай пазіцыяй.
12:53 24 лістапада 2017
184
Памер шрыфта

Асноўная іх колькасць прыпала на перыяд, калі рэктарам быў цяперашні кіраўнік БДУ Андрэй Кароль.

Першай ластаўкай стала звальненне ў 2011 годзе Яўгена Роўбы з-за ўдзелу ў выбарчай прэзідэнцкай кампаніі 2010 года яго аспіранткі Таццяны Касатай. Сёння Таццяна (па мужу Герасюк) навучаецца ў дактарантуры Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук, яна выдатны спецыяліст па вуснай гісторыі, стварыла сям’ю і стала маці: “Увогуле жыццё склалася вельмі добра. Адчуваю сябе больш свабоднай і незалежнай”.

З канца 2012-га па пачатак 2015 года былі звольнены або створаны ўмовы для сыходу дзясятка спецыялістаў, сярод якіх асноўную частку склалі выкладчыкі гістарычнага факультэта ГрДУ. Зачэпка – удзел у выданні кнігі “Гродназнаўства”, якая распавядае гісторыю Гродна да пачатку 1990-х гадоў. Першым звольнілі Андрэя Чарнякевіча. Нават званне прафесара не ўратавала ад выключэння, такое ж здарылася са Святланай Куль і Вячаславам Шведам. Некалькі асоб пакінулі ГрДУ па ўласным жаданні, як Сяргей Токць, які прапрацаваў тут 20 гадоў. На пытанне, ці верагодна яго вяртанне, адказвае: “Вярнуся ў рэфармаваны ўніверсітэт альбо каб удзельнічаць у яго рэфармаванні”.

Як склаўся лёс звольненых выкладчыкаў, ці не згубіліся яны як навукоўцы, пацікавілася “Народная Воля”.

Андрэй Чарнякевіч

Кандыдат гістарычных навук. Звольнены ў верасні 2012 года. Фармальная падстава – “парушэнне працоўнага распарадку”. Фактычная – удзел у выданні “Гродназнаўства” і грамадзянская пазіцыя. Выпускнік гістфака ГрДУ, ва ўніверсітэце адпрацаваў амаль 15 гадоў.

– Мінула пяць гадоў. Чаго дасягнулі за гэты час?

– Выдаў пяць кніжак. Акрамя таго, працягваю працу як даследчык. На маім рахунку цэлы шэраг гісторыка-краязнаўчых артыкулаў на старонках мясцовай прэсы.

Вольга Сабалеўская

Кандыдат культуралогіі. Выпускніца ГрДУ, прапрацавала ва ўніверсітэце 13 гадоў, з усмешкай называючы гэтую лічбу “ракавой”. Звольнілася па ўласным жаданні ў чэрвені 2013 года.

– Чым вы займаецеся цяпер? Ці лічыце сённяшнюю дзейнасць паспяховай?

– Калі я перайшла на працу ў Беларускі інстытут правазнаўства, то доўга задавала сабе пытанне, чаму не зрабіла гэтага раней. Нельга хадзіць на працу як на вайну. У БІПе цкаванне людзей не з’яўляецца папулярнай забавай. Адносіны паміж людзьмі нармальныя, дабразычлівыя, наогул атмасфера канструктыўная. Мне прыемна бачыць калег і ўсміхацца ім пры сустрэчы. Як і раней, я выкладчык і навуковец, толькі хаджу на працу з радасцю.

Ігар Кузьмініч

Юрыст. Выпускнік ГрДУ. Працаваў 19 гадоў на юрыдычным факультэце, да вясны 2013 года. Звольнены па пагадненні бакоў.

– Не прапалі?

– Не. Зараз я займаюся тым, чым практычна займаўся раней. Выкладаю, раблю трэнінгі, займаюся экспертнай падтрымкай. Толькі змянілася мэтавая аўдыторыя. Замест студэнтаў – дарослыя, замест ВНУ – міжнародныя арганізацыі.

Іна Валер’еўна Соркіна

Кандыдат гістарычных навук. Выпускніца ГрДу, дзе прапрацавала амаль 18 гадоў. Яе даследаванні па гісторыі беларускіх мястэчак запатрабаваны ў суседніх краінах. Працуе ў адной з гродзенскіх гімназій, дзе акрамя выкладання займаецца стварэннем музея жывой гісторыі горада.

– Як пачуваеце сябе?

– Нармальна. Цяперашні мой статус не горшы, а нават лепшы за ранейшы. Праўда, мама да сённяшняга дня перажывае і вельмі спадзяецца на маё вяртанне ў Гродзенскі ўніверсітэт. Я разумею, што такое малаверагодна, але не шкадую пра гэту сітуацыю. Усё да лепшага. Як высветлілася, можна рабіць сваю любімую справу ў іншым месцы і асяроддзі. І ў гэтым няма нічога трагічнага. Увогуле, гэта нармальная заходняя практыка, калі чалавек праз нейкі час мяняе месца працы. Гэта адкрывае новыя магчымасці і перспектывы, робіць жыццё больш разнастайным і цікавым

Святлана Куль

Доктар гістарычных навук. Выпускніца ГрДУ.

– Што вы зрабілі пасля сыходу з універсітэта?

– Я падрыхтавала манаграфію пад назвай “Беларускі час”, якая намінавалася на званне лепшай работы года. Таксама выдала кнігу вершаў, напісала больш за 20 артыкулаў, у тым ліку і на англійскай мове. Я маю цяпер магчымасць паглыбіцца ў навуковую працу. Мяне ніхто не тузае, не прымушае хадзіць па інтэрнатах, ці запаўняць нейкія УМК, ці пісаць нікому не патрэбныя справаздачы на 25 старонак. Да мяне цяпер ставяцца з павагай як да спецыяліста. Я займаюся толькі навуковай працай і творчасцю. Адным словам, развіваюся.

Генадзь Семянчук

Кандыдат гістарычных навук. Выпускнік ГрДУ, у якім прапрацаваў амаль 24 гады. Звольнены ў студзені 2015 года.

– Як на гэты час пачуваеце сябе?

– Жыву і радуюся. Можна сказаць, падымаю сялянскую гаспадарку, бо пераехаў жыць у вёску Прывалкі Гродзенскага раёна. Шмат часу надаю сям’і, тым больш што малодшая дачка Паўліна з кастрычніка 2017 года з’яўляецца студэнткай 1-га курса Інстытута гісторыі мастацтва Ягелонскага ўніверсітэта, а першаму ўнуку Роберту-Аляксандру па мянушцы “Рагвалод” ужо два з паловай гады. Ён зараз з дзедам актыўна пазнае наш беларускі свет.

Актывізаваўся ў навуковай дзейнасці – заканчваю працу над навуковай біяграфіяй нашага Усялава Брачыславіча, князя полацкага; збіраю матэрыялы пра свайго настаўніка прафесара Міхася Ткачова; таксама моцна зацікавіў мяне праект “Жыццё і смерць гістарычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (1978–2013 гг.)”. З’яўляюся рэдактарам новага беларусазнаўчага зборніка “Гадавік Цэнтра Беларускіх Студыяў”, які выдаецца ў Варшаўскім універсітэце.

Не спыняецца ў мяне і педагагічная дзейнасць – па запрашэнні Цэнтра Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта часта чытаю лекцыі як запрошаны прафесар. Таксама пасля звальнення я зацікавіўся генеалагічнымі і рэгіянальнымі даследаваннямі. А яшчэ я дапамагаю вядомаму беларуска-расійскаму мецэнату Паўлу Падкарытаву рэалізаваць цудоўную ідэю – адрадзіць сядзібу ў Падароску Ваўкавыскага раёна, у якой у бліжэйшыя часы паўстане, думаю, сапраўдны беларускі культурна-асветніцкі, навукова-даследчыцкі і турыстычны цэнтр.

Ала Петрушкевіч

Кандыдат філалогіі, паэтка. Выпускніца ГрДУ, у якім прапрацавала 23 гады.

– Калі вы пакінулі Гродзенскі ўніверсітэт?

– 27 лютага 2015 года. Сышла прыгожа. Каб захаваць сябе і сваё сумленне.

– Задавальняе цяперашняя праца?

– Так. Працую на карысць беларушчыны. Справаздача – на маёй стужцы ў “Фэйсбуку”. Працую не меней, чым калі мела афіцыйную працу.

– Калі б прапанавалі вярнуцца, ці пагадзіліся б?

– Ніколі гэтае кіраўніцтва мне такую прапанову не зробіць. Баяцца дапусціць мяне да студэнтаў. Вярнулася б з дзвюма ўмовамі: змена кіраўніцтва ўніверсітэта, з’яўленне беларускага аддзялення (засталіся толькі ягоныя парэшткі). Адным словам, да лепшых часоў.

Тэмы:, ,
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

4 кастрычнiка 2017

Школьникам предлагают на неделю стать студентами БГУ

Проект «Студент на неделю» в очередной раз реализуют в Белорусском государственном университете.
3 кастрычнiка 2017

«Это тревожный сигнал»

Вслед за внезапной отставкой в декабре прошлого года министра образования Михаила Журавкова, при котором Беларусь вступила в болонский процесс, еще одно кадровое решение – назначение ректором БГУ Андр
28 верасня 2017

В БГУ новый ректор

Президент Беларуси Александр Лукашенко назначил ректором Белорусского государственного университета Андрея Короля. До настоящего времени Андрей Король работал в должности ректора Гродненского государс