Беларусь і Еўропа. Казка пра змарнаваны час

47

Можна паіранізаваць наконт туманнасці тэрміну, але сапраўдная іронія лёсу — лёсу ўсёй Беларусі — у іншым. Рэч у тым, што такая дамова з аб’яднанай Еўропай была ў кішэні беларускага кіраўніцтва яшчэ 22 гады таму.

Акурат у Бруселі ў сакавіку 1995 года малады тады прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў грунтоўнае (82 артыкулы, 8 дадаткаў плюс некалькі дэкларацый) пагадненне аб партнёрстве і супрацы з ЕС. Яшчэ болей, тады Лукашэнка заявіў, што Беларусь зрабіла “першы важны крок у кірунку да галоўнай мэты — уступлення ў Еўрапейскі саюз”.

Сёння гэта гучыць як казка. Бо цяпер пра ўступленне Беларусі ў ЕС пры існай уладзе і гаворкі няма. Праз 22 гады Мінск дэ-факта значна далейшы ад Еўропы, чым тады, у сярэдзіне 90-х, калі беларускае кіраўніцтва толькі яшчэ абірала доўгатэрміновыя арыенціры для краіны.

Шлях у Еўропу вымагаў вялікіх высілкаў, пакутлівага рэфармавання. І пераважыла спакуса прыстаканіцца да расійскіх рэсурсаў, эксплуатаваць патэнцыял “зборачнага цэху СССР”, як называлі тады Беларусь. Так пачалася эпоха “братняй інтэграцыі”, што цяпер трансфармавалася ў еўразійскую.

Але дурніца з усходу калі і не скончылася, то моцна скарочана. Масква стала раз за разам патрабаваць ўсё болей саступак за кожны скормлены вітамін. Таму фактычна ляснуўся праект Саюзнай дзяржавы з Расіяй (ён спатыкнуўся, у прыватнасці, на ідэі адзінай валюты з эмісійным цэнтрам у Маскве). Таму сёння прэм’ер Андрэй Кабякоў усё болей крытычна выказваецца і пра рэаліі ЕАЭС: маўляў, мы паставілі воз наперадзе каня.

Яшчэ болей, шэраг сімптомаў гаворыць пра тое, што Мінск вырашыў дэ-факта паставіць еўразійскую інтэграцыю на паўзу, пакуль Масква не стрымае свае ранейшыя абяцанні. Яна і так адсунула стварэнне адзіных рынкаў энерганосьбітаў аж на 2025 год, а цяпер у беларускага начальства мацнее падазрэнне, што і гэты тэрмін будзе сабатаваны.

Карацей, класіка жанру: бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы. Сёння залежнасць Беларусі ад Расіі стала такой, што палітычныя праціўнікі беларускага прэзідэнта дружна цвердзяць: ён і ў Брусель на сённяшні саміт Усходняга партнёрства паслаў замест сябе Макея менавіта дзеля таго, каб не разгневаць Маскву.

Праўда, іншыя каментатары робяць акцэнт на тым, што сам па сабе гэты саміт — даволі маргінальны для ЕС. Маўляў, ніякіх прарыўных рашэнняў што да Беларусі не чакаецца, ніякай дзяльбы грошай не будзе.

І сапраўды, вялікіх дывідэндаў Усходняе партнёрства нашай краіне не дало ды і не магло даць. Безумоўна, на гэтым праекце адбіваюцца і праблемы ўнутры аб’яднанай Еўропы — у яе баліць галава праз Брэксіт, мігрантаў і г.д. Але галоўная загваздка для Беларусі ў іншым. Увесь цяперашні працэс паляпшэння адносін між Мінскам і Еўропай у прынцыпе мае абмежаваны характар. Гэтая рамка вузкая найперш праз спецыфіку пабудаванай ў Беларусі сістэмы. Яна можа дыхаць толькі пры рэгулярным упырскванні допінгу праз маскоўскі шпрыц.

Іншы шлях — усё той жа, што вымалёўваўся 22 гады таму: пакутлівыя рынкавыя ды палітычныя рэформы, каб перакаваць беларускую мадэль на ўзор перадавых краін. Каб зрабіць яе канкурэнтаздольнай у сённяшнім свеце, які пераходзіць у постіндустрыяльную эру.

Аднак тут спрацоўваюць два тормазы. Па-першае, Крэмль намаляваў для Беларусі чырвоныя рысы, за пераход якіх можа сурова пакараць. Па-другое, трансфармацыя адбудаванай у нас эканамічнай ды палітычнай мадэлі пагражае сённяшняй ўладзе. Бо рэформы на першым этапе непазбежна створаць дыскамфорт для масы, а канкурэнцыя на выбарах можа выбіць крэслы з-пад цяперашняй забранзавелай наменклатуры.

І таму абрана тактыка кансервавання старога парадку. Так, падпісваюцца нейкія ўказы і дэкрэты, каб разняволіць бізнес, палепшыць інвестыцыйны клімат. Але яны не зробяць пагоды, пакуль у нас няма прававой дзяржавы, у прыватнасці незалежных судоў, якія напраўду баранілі б уласніка. У нас жа ўсё адно ў любы момант можа прыйсці фігуральны камісар з маўзерам ды сказаць чарговаму “тлустаму кату”: імем рэвалюцыі!..

Старэйшыя памятаюць культавы савецкі фільм “Казка пра змарнаваны час”. Дык вось, гісторыя Беларусі за апошнія два з гакам дзесяцігоддзі — гэта таксама казка пра змарнаваны час. І калі герояў фільма ўратаваў цуд (пашэнціла адкруціць чароўны гадзіннік, каб усё пачаць спачатку і паводзіць сябе разумней), то ў нашым выпадку ніякіх цудаў не свеціць.

Сёння МВФ ды іншыя міжнародныя інстытуцыі прадракаюць, што без структурных рэформаў Беларусь апынецца ў доўгатэрміновай стагнацыі, гадавы рост эканомікі не перавысіць 1-2%. Гэта азначае, што мы ўсё болей будзем адставаць не толькі ад развітых краін Захаду, але і ад суседзяў.

Так, у Польшчы ці краінах Балтыі, якія абралі інтэграцыю ў аб’яднаную Еўропу, зямны рай не пабудаваны, аднак жа сярэдні заробак ужо цяпер у разы большы, чым у нас. Напрыклад, у Эстоніі ў другім квартале паказчык склаў 1242 еўра.

У Беларусі ж чарговы раз заробкі спрабуюць нагнаць (цяпер — да сакральнай тысячы рублёў) найперш адміністрацыйнай пугай. Ну і як з такім інструментам совацца ў Еўропу? Сапраўды, Кіса, мы чужыя на гэтым свяце жыцця.

Тая ж дамова з Еўразвязам, якую падпісаў 22 гады таму Лукашэнка, была зруйнавана рэферэндумам 1996 года і наступным разгонам Вярхоўнага Савета. Наступствы той сваркі з заходнімі дэмакратыямі і “дзікага крэну” на ўсход аказаліся такімі, што сёння, як бачым, міністр Макей толькі ў туманных выразах кажа пра тое, што мы маглі б мець яшчэ ў сярэдзіне 90-х.

Поделиться ссылкой: