Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Мікалай Чаргінец у адным з нядаўніх інтэрв’ю заявіў: “Лічу, што пісьменнікі ў Беларусі знаходзяцца ў лепшым становішчы, чым у іншых краінах”. Прабачце, але ні ў Кіеве, ні ў Вільнюсе, ні ў Маскве пісьменнікаў не выганялі на вуліцу. Як мелі яны за савецкім часам свае дамы літаратара, так і маюць. Найскладаней сёння жывецца Украіне, але і там у галаву нікому не прыйшло адбіраць пісьменніцкі асабняк на прэстыжнай вуліцы Банкавай ці Дом творчасці “Ірпень”. Усё там функцыянуе-дзейнічае, і ўлада не дзеліць творцаў на сваіх і чужых.
13:14 24 лістапада 2017
5
Памер шрыфта
Фото из открытых источников

З першым снегам каля гарбузападобнага гмаху Нацыянальнай бібліятэкі з’явіўся Парк пісьменнікаў. Прычым пасадзілі яго самі літаратары, арганізаваныя прыўладным саюзам пісьменнікаў. Яго нязменны старшыня, Мікалай Чаргінец у інтэрв’ю БТ намаляваў ідылічную карцінку – як пісьменнікі будуць прыходзіць у свой парк, сядзець на лаўках пад дрэвамі і натхнёна пісаць новыя творы.

Над свежапасаджаным паркам лёталі малапрыкметныя на экране белыя мухі, і я ў цёплай кватэры міжволі сцепануў плячыма, уявіўшы сабе творчы працэс у тым падрослым парку.

Вунь пад скалелым клёнам, штохвіліны хукаючы на рукі, Віктар Казько піша новую аповесць, ужо анансаваную маскоўскім часопісам “Дружба народов”.

Вунь пад разлапістай ліпай, затуляючы рукапіс ад дажджавых кропель, похапкам занатоўвае паэтычныя радкі Анатоль Вярцінскі.

Вунь, прытуліўшыся да маладога дубка, адагравае ў рукавіцах асадку з замерзлым чарнілам Раіса Баравікова (а натхненне ж не чакае!).

Вунь пад задумлівым каштанам правярае на гучанне свае шматзначныя пункціры і вершаказы Алесь Разанаў.

Вунь пры кусце бэзу адчайна затуляе ад ветру белыя ветразі сваіх чарнавікоў рамантычная ў любых умовах Ірына Багдановіч.

А вунь, ходзячы паміж дрэў, вядуць тэмпераментную літаратурную дыскусію гэткія спакойныя ў будзённым жыцці Алесь Наварыч і Андрэй Федарэнка…

Чаму з падказкі Чаргінца мне гэта ўсё жыва ўявілася? Ды таму, што названыя пісьменнікі і сотні іх паплечнікаў на сённяшні дзень сапраўды не маюць прыдатнага памяшкання, каб сустрэцца з сябрамі па цэху, правесці творчую вечарыну ці прэзентаваць новую кнігу.

Бо ў адабраны ва ўсіх пісьменнікаў (па рашэнні суда) Дом літаратара дзяржава ўпусціла далёка не ўсіх – толькі “чэсных”, ды і то на птушыных правах. Тых, хто ўвайшоў у новы саюз, хуценька арганізаваны Чаргінцом. А яшчэ каля 500 творцаў засталіся “бяздомнымі” – у іх, апрача Дома літаратара, забралі яшчэ і Дом творчасці “Іслач” у лесе пад Ракавам.

Гэтак жа хуценька на пісьменніцкія арганізацыі былі навешаны чорна-белыя ярлыкі, маўляў, адзін саюз пісьменнікаў – дзяржаўны, а другі – апазіцыйны. Але ж абодва саюзы – аднолькава прызнаныя Мінюстам грамадскія арганізацыі, у абодвух – прыкладна па паўтысячы сяброў.

З юрыдычнага гледзішча Саюз пісьменнікаў Беларусі і Саюз беларускіх пісьменнікаў – абсалютна раўнапраўныя. Раўнапраўнымі яны мусілі б быць і ў трохпавярховым (!) будынку ў цэнтры сталіцы, на якім па-ранейшаму вісіць шыльда “Дом літаратара” (згаданая “Іслач” даўно пушчана дзяржавай з малатка, там гаспадараць нейкія ўвішныя прадпрымальнікі).

Скажам, займае Мікалай Чаргінец са сваёй камандай адзін паверх у тым Доме літаратара. А чаму другі паверх не аддаць Барысу Пятровічу з яго камандай? Хай бы два саюзы суіснавалі паралельна, канкурыравалі паміж сабой – на карысць роднай літаратуры. Каму ад гэтага была б шкода?

Але слабейшы заўсёды баіцца канкурэнтаў. Таму творцаў з СБП да Дома літаратара сёння і на гарматны стрэл не падпускаюць. Зрэшты, і гарматы змаўкаюць, калі гавораць грошы. За грошы вам там дадуць любую залу, не правяраючы, з якога вы саюза.

Што праўда, беларускія пісьменнікі даўно сталі жабракамі, таму і ладзілі свае творчыя вечарыны нашы класікі – Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч і Генадзь Бураўкін – хто ў касцёле, хто ў мастацкай галерэі, хто ў цеснай прыватнай кнігарні. Таму і сёння іх “аднасаюзаўцы” туляцца на здымнай кватэры, перад кожнай вечарынай ці прэзентацыяй ламаючы галаву, дзе знайсці адпаведнае памяшканне.

Даходзіць часам да абсурду. Адзін са сталічных літаратурных музеяў быў змушаны накіраваць паэтычны зборнік аўтара гэтых радкоў на літаратуразнаўчую экспертызу – у Акадэмію навук! Адтуль прыслалі водгук – на пяці старонках, ды такі, што хоць Нобелеўскую прэмію давай. Давялося дазволіць прэзентацыю. Але за кожным разам не будзеш тузаць тую акадэмію.

Мікалай Чаргінец у адным з нядаўніх інтэрв’ю заявіў: “Лічу, што пісьменнікі ў Беларусі знаходзяцца ў лепшым становішчы, чым у іншых краінах”. Прабачце, але ні ў Кіеве, ні ў Вільнюсе, ні ў Маскве пісьменнікаў не выганялі на вуліцу. Як мелі яны за савецкім часам свае дамы літаратара, так і маюць. Найскладаней сёння жывецца Украіне, але і там у галаву нікому не прыйшло адбіраць пісьменніцкі асабняк на прэстыжнай вуліцы Банкавай ці Дом творчасці “Ірпень”. Усё там функцыянуе-дзейнічае, і ўлада не дзеліць творцаў на сваіх і чужых.

Неяк пасля традыцыйнага прэс-тура па беларускіх гарадах і весях адна расійская журналістка пацікавілася ў кіраўніка Беларусі: “А где же ваши писатели, Александр Григорьевич?” То бок і камбайнераў яна пабачыла, і даярак, і машынабудаўнікоў, а майстроў пяра – не.

І Аляксандр Рыгоравіч, уздыхнуўшы, патлумачыў, што за апошняе дзесяцігоддзе ў айчыннай літаратуры нічога вартаснага, на жаль, не з’явілася, так што няма патрэбы кагосьці заўважаць і ўслаўляць.

Як жа так? Паводле слоў таго ж Чаргінца, яго падапечныя толькі з 2011-га па 2016 год выдалі аж 1757 новых кніг. Тысячу сямсот пяцьдзясят сем! І – ніводнай вартаснай?! То каму патрэбны такі Саюз пісьменнікаў, які змарнаваў на сумнеўныя кніжкі сотні тон паперы і мільёны бюджэтных рублёў? Хіба толькі самому старшыні – дзеля прыробку да генеральскай пенсіі.

Прызнацца, я не падлічваў, колькі кніг за той жа перыяд выдалі паэты і празаікі з “бяздомнага” Саюза пісьменнікаў. Проста паспрабую наўскідку назваць іхнія творы, вартыя і найвышэйшых дзяржпрэмій, і шматлюдных прэзентацый у дзяржбібліятэках, і перавыданняў у дзяржвыдавецтвах: “Час збіраць косці” Віктара Казько, “Толькі вершы” Уладзіміра Някляева, “Рыбін горад” Наталкі Бабінай, “Назаві сына Канстанцінам” Леаніда Дайнекі, “Любіць ноч – права пацукоў” Юрыя Станкевіча, “Мастак і парабкі” Віктара Карамазава, “Пчала пачала паломнічаць” Алеся Разанава, “Танцы над горадам” Уладзіміра Арлова, “Беларусалім” Паўла Севярынца, “Маё невымаўля” Насты Кудасавай…

Я назваў дзесяць кніг. А мог бы назваць трыццаць ці пяцьдзясят. Выдадзеных мізэрнымі накладамі, прэзентаваных дзе заўгодна (нават у лесе), але – высокамастацкіх, якія ёсць і застануцца як узоры таленавітай творчасці. А яшчэ – як паказчыкі жывучасці беларускай літаратуры, якая хоць і стала ў роднай дзяржаве бяздомнай, але на шалях вечнасці пераважыць сотні і тысячы тых мёртванароджаных тамоў, якія фігуруюць сёння ў псеўдабадзёрых справаздачах літаратурных начальнікаў.

Тэмы:, , ,
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

У Мінску будзе памятная дошка народнаму паэту Рыгору Барадуліну (фота)

У Мінску будзе памятная дошка народнаму паэту Рыгору Барадуліну (1935 — 2014). Яе плануецца адкрыць на доме па вуліцы Мележа, дзе ён жыў, яшчэ да Калядаў.
12 снежня 2017

Под сталинским солнцем…

Далеко не всем читателям Президентской библиотеки понравилась выставка на тему СССР. Вернисаж советских плакатов открылся в библиотеке в конце ноября.
12 снежня 2017

1800 мест в зале, а Пинигину кресла не нашлось

Это были в чем-то даже уникальные гастроли. Один-единственный спектакль – чеховскую “Чайку” в постановке главного режиссера Николая Пинигина – Купаловский театр показал в Китае пять раз в четырех горо