Зайздросную ініцыятыву праявілі звычайныя беларусы — грамадзяне шляхам падачы заяў вылучылі ў склад тэрытарыяльных камісій 5.732 чалавекі. З іх 1.173 чалавек прапанавалі  працоўныя калектывы, яшчэ 4.101 свайго прадстаўніка вылучылі грамадскія аб’яднанні: Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі — 1.819, Белая Русь — 587, БРСМ — 293 і інш.

Як заўсёды нізкую актыўнасць праявілі палітычныя партыі: усяго ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі яны прапанавалі 161 свайго прадстаўніка.

Камуністычная партыя Беларусі вылучыла  75 сваіх прадстаўнікоў,

Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці – 38,

Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» –18,

Ліберальна-дэмакратычная партыя — 10,

Аб’яднаная грамадзянская партыя — 8,

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) – 4,

Партыя БНФ — 4,

Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды — 3,

Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя — 1.

Рух “За свабоду” увогуле не дэлегіраваў у тэрытарыяльныя камісіі ніводнага свайго прадстаўніка.  Як гэта суадносіцца з заявамі лідараў апазіцыі, што камісіі, створаныя толькі з прадстаўнікоў праўладных партый і арганізацый, не могуць забяспечыць празрыстасць і дэмакратычнасць выбарчай кампаніі?

— Для нас галоўнае забяспечыць сваю прысутнасць ва ўчастковых выбарчых камісіях, — тлумачыць першы намеснік старшыні руху “За свабоду” Галіна Скараход. – Менавіта там ідзе падлік галасоў, ад іх працы залежыць асноўнае – вынікі выбараў. Для нас не прыярытэтныя тэрытарыяльныя камісіі,  мы сканцэнтруемся на мясцовых камісіях, асабліва на тых участках, дзе будуць балатавацца сябры руху.

Па словах Галіны Скараход, ад руху “За свабоду” весці барацьбу за месца ў мясцовых саветах будзе толькі каля 30 чалавек. Усяго, як вядома, 18 лютага будзе абрана больш за 18 тысяч дэпутатаў у мясцовыя Саветы.

Што тычыцца ўчастковых выбарчых камісій, то яны будуць створаныя не пазней як 3 студзеня 2018 года.