На мяжы класікі і сучаснасці: фартэпіяннае трыа “Nouvelle Philharmonie” выступіць з незвычайнай праграмай

192

Nouvelle Philharmonie (Новая Філармонія) – музычны праект, створаны ў 2013 годзе музыкамі, якія пасябравалі яшчэ падчас вучобы ў Беларусі і працягнулі сумесную творчасць выступамі за мяжой. У сваіх праграмах  NP выкарыстоўвае канцэпцыю крос-жанру, якая сумяшчае сусветную музычную класіку, мінімалістычныя сучасныя творы, поп- і рок-музыку.

Стваральнікі праекта, прафесійныя музыкі – Дзіма Цыпкін і Сяргей Смірноў, самастойна вызначаюць праграму і склад удзельнікаў у кожным канцэрце, аддаючы перавагу маладым, таленавітым і харызматычным выканаўцам. Асаблівуюўвагу NP надаюць атмасферы – акустыцы, святлу і прасторы.

На мяжы класікі і сучаснасці: фартэпіяннае трыа "Nouvelle Philharmonie" выступіць з незвычайнай праграмай

Ідэя аб’яднацца ў Nouvelle Philharmonie piano trio (Арцём Шышкоў – скрыпка, Дзіма Цыпкін – віяланчэль, Сяргей Смірноў – фартэпіяна) паўстала, калі ўдзельнікі выявілі, што іх падыходы да музычнай рэчаіснасці шмат у чым супадаюць. Музыкаў аб’ядноўвае агульная апантанасць музыкай і захапленне імправізацыяй. Усе трое – прызёры шэрагу прэстыжных міжнародных музычных конкурсаў і выпускнікі лепшых еўрапейскіх музычных школ. Арцём скончыў Венскі ўніверсітэт музыкі і выканаўчага мастацтва па класе Доры Шварцберг (Аўстрыя), Зміцер – Парыжскую кансерваторыю па класе Марка Коппе (Францыя), Сяргей – вучань Навума Груберта і выпускнік Каралеўскай кансерваторыі ў Гаазе (Нідэрланды).

У чэрвені 2016 года Арцём, Дзіма і Сяргей былі ўзнагароджаны бельгійскай нацыянальнай музычнай прэміяй Golden Label, заснаванай часопісам Classic Central, якая прысуджаецца штогод за поспехі ў галіне класічнай музыкі і мастацтва.

9 снежня Nouvelle Philharmonie вырашыў парадаваць Мінск незвычайнай праграмай, якая балансуе на мяжы класікі і сучаснасці (прычым з ярка выяўленым псіхатэрапеўтычным эфектам, што як ніколі актуальна ў сярэдзіне снежня). Многія з твораў ніколі раней не выконваліся ў Беларусі.

На мяжы класікі і сучаснасці: фартэпіяннае трыа "Nouvelle Philharmonie" выступіць з незвычайнай праграмай
Фота з адкрытых крыніц

У першым аддзяленні канцэрта прагучыць музыка аднаго з самых вядомых сучасных расійскіх кампазітараў – Паўла Карманава. Арцём, Дзіма і Сяргей заўсёды з велізарным задавальненнем выконваюць яго музыку, і на гэты раз абраны творы Past Perfect, Second Snow On the Stadium і Birthday Present For Myself. Дарэчы, Past Perfect (напісаны Паўлам Карманавым у 2014 годзе) быўвыкарыстаны ў якасці саўндтрэка да фільма Валерыя Тадароўскага “Вялікі”.

У другім аддзяленні будзе выканана Саната для скрыпкі і фартэпіяна Філіпа Гласа (сёлета яму споўнілася 80 гадоў, і, вядома ж, Nouvelle Philharmonie не змаглі абмінуць гэтую дату).

Амерыканскі кампазітар Філіп Глас – аўтар некалькіх опер, мноства камерных і сімфанічных твораў, аўтар музыкі для тэатра і кіно. Ён стаў сапраўды вядомым пасля напісання музыкі да фільма Годфры Рэджыа «Koyaanisqatsi» (“Жыццё, выведзенае з раўнавагі”) у 1983 годзе. Сам кампазітар называе сябе стваральнікам “music with repetitive structures”, і лічыцца, што менавіта ён зрабіў мінімалізм папулярнай музычнай плынню.

Напрыканцы праграмы прагучыць Арво Пярт, «жывы класік», творы якога вось ужо шмат гадоў выконваюцца найчасцей (з усіх жывых кампазітараў у свеце). Пярта называюць «манахам, які піша музыку», а яго творы – «сакральным мінімалізмам» і «новай мілагучнай музыкай».

Але –  лепш адзін раз пачуць, чым сто разоў прачытаць. Арцём, Дзіма і Сяргей выканаюць для вас Моцарт-Адажыа, SpiegelImSpiegel, а таксама Fratres. Квіткі 10 – 15 руб. у касе Белдзяржфілармоніі або на сайце.

Поделиться ссылкой: