Такое меркаванне БелаПАН выказаў, каментуючы дакумент, выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра «Стратэгія», член Савета па развіцці прадпрымальніцтва Яраслаў Раманчук.

Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, дэкрэт прадугледжвае «кардынальную змену механізмаў узаемадзеяння дзяржаўных органаў і бізнесу, мінімізуе ўмяшанне службовых асобаў у працу суб’ектаў гаспадарання і ўзмацняе механізмы самарэгулявання бізнесу, яго адказнасць за сваю працу перад грамадствам, пры гэтым захоўваецца мінімальна неабходны ўзровень кантролю з боку дзяржавы».

Раманчук станоўча ахарактарызаваў увядзенне паведамляльнага прынцыпу для пачатку ажыццяўлення некаторых відаў эканамічнай дзейнасці. Аднак заўважыў: «Найноўшая гісторыя кажа нам пра тое, што ёсць правапрымяняльная практыка. І нават самыя добрыя намеры натыкаюцца на нестараннасць і сабатаж чыноўнікаў».

З пункта гледжання эканаміста, досыць расплывістай выглядае скарыстаная прэс-службай прэзідэнта фармулёўка (тэкст дэкрэта пакуль не апублікаваны. — БелаПАН.) аб усталяванні адміністрацыйнай адказнасці кіраўніка за забеспячэнне нармальнай працы прадпрыемства. У прыватнасці за непрыняцце ім неабходных мер па належнай арганізацыі дзейнасці прадпрыемства, якое пацягнула шкодныя наступствы, калі няма прыкмет злачынства ці іншага адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжаны штраф ад 10 да 200 базавых велічынь. «Такія фармулёўкі вельмі выгадныя чыноўнікам і кантрольным органам, якія, маючы заданні па штрафах, будуць вырашаць, пакараць чалавека ці не», — лічыць Раманчук.

На думку кіраўніка Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргея Балыкіна, падпісанне дэкрэта не змяняе стаўлення дзяржавы да малога і сярэдняга бізнесу. «Нават калі дэкрэт прынясе пэўныя паляпшэнні, я б выказваў асцярожнасць пры выражэнні аптымізму з гэтай нагоды. Вопыт паказвае, што ў нашай краіне эканамічная лібералізацыя заўсёды дзейнічае згодна з прынцыпам: адзін крок наперад — два крокі назад. Не выключаю падвохаў і падводных камянёў у гэтым дэкрэце, бо тэксту дакумента мы пакуль не бачылі», — зазначыў Балыкін.

Пры гэтым ён лічыць, што такі дакумент для развіцця эканомікі краіны «занадта запозніўся» і яго трэба было прымаць 20-25 гадоў таму, калі ў краіне толькі зараджалася прадпрымальніцтва. На думку Балыкіна, зараз неабходныя больш радыкальныя і ліберальныя рашэнні, бо бюракратычныя бар’еры, якія, як мяркуецца, здымаюцца новым дэкрэтам, шмат у чым другасныя. «Першаснае — агульнае стаўленне дзяржавы да прадпрымальнікаў, а яно не паляпшаецца», — падкрэсліў эксперт.

Балыкін адзначыў, што з прыняццем дэкрэта «ніхто не гарантуе стабільнасць заканадаўства, што нейкая абмежавальная норма не з’явіцца заўтра, не мяняецца судовая сістэма, дзяржаўны апарат таксама застаецца нязменным». Ён нагадаў «сумны вопыт» дырэктывы прэзідэнта № 4 аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці, якая да гэтага часу не рэалізаваная цалкам.

Кіраўнік асацыяцыі лічыць, што дэкрэт падпісаны не столькі для развіцця прыватнага бізнесу ў краіне, колькі для таго, каб паказаць знешнім крэдыторам, што ў краіне праводзяцца ліберальныя рэформы.