Беларусь – калыска законнасці. Менавіта ў гэтым нас спрабуюць запэўніць айчыныя чыноўнікі ўсіх рангаў. У Беларусі бездакорна выконваюцца законы, і ўсе перад законам роўныя. Так нам даводзяць. Але ці так ўсё насамрэч бязвоблачна?

Яшчэ ў верасні гэтага года праз цэнтр Мінска праехала аўтамабільная калона з сямі машын. І ўсё б нічога, калі б толькі машыны гэтыя не былі аздоблены георгіеўскімі сцягамі ды партрэтамі прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і лозунгамі “За свободу РФ”.

Высветлілася, што гэта была частка аўтапрабегу “Великая Россия”, які арганізавала “Национально-освободительное движение Росии” – арганізацыя, якая актыўна падтрымлівае палітыку Пуціна на ўсходзе Украіны, а таксама ў Крыме.

А цяпер самы час зазірнуць у закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. Чытаем: “Дэманстрацыя – арганізаваны масавы рух групы грамадзян па пешаходнай ці праезнай частцы вуліцы, у тым ліку з выкарыстаннем аўтатранспартных сродкаў ці іных сродкаў перасоўвання, у мэтах прыцягнення ўвагі да якіх-небудзь праблем ці публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных настрояў, альбо пратэста з выкарыстаннем плакатаў, транспарантаў і іншых сродкаў”.

Паводле закона, для таго, каб правесці  аўтапрабег, яго арганізатары павінны былі падаць пісьмовую заяўку ў Мінгарвыканкам, прычым зрабіць гэта належала за 15 дзён да пачатку запланаванага мерапрыемства. У заяўцы павінна  была быць пазначана інфармацыя пра транспартныя сродкі (марка, мадэль, імя прозвішча кіроўцы, яго пашпартныя дадзеныя). У некаторых беларусаў узнік сумнеў у тым, што ўсё гэта было зроблена. Ці было мерапрыемства законным? А калі так, то хто даваў дазвол на правядзенне гэтага аўтапрабегу? Адказы на гэтыя пытанні спрабавала атрымаць грамадзянка Беларусі Таццяна Севярынец, якая была абурана з’яўленнем прыхільнікаў “русского мира” у цэнтры Мінска. Сваю заяву яна накіравала ў МУС Беларусі. І адказ адтуль прыйшоў. Дакладней, не адказ, а адпіска. Таццяне Севярынец паведамілі, што яе зварот перанакіраваны ў аддзел ідэалогіі і культуры Мінгарвыканкама.

— Такое адчуванне, што чыноўнікі языкі праглынулі, не ведаюць што адказаць, бо адказаць, відавочна, няма чаго. І гэта абурае. Абурае таму, што ў той час, калі па Мінску спакойна раз’яджаюць “вялікаросы”, улады працягваюць прэсінг актывістаў, якія выходзяць на вуліцы Мінска з мірнымі, нават непалітычнымі пікетамі, — гаворыць Таццяна Севярынец.

І сапраўды, пакуль сталічныя ідэолагі ламаюць галаву, што ж напісаць у адказе на зварот Таццяне Севярынец (а ніякай афіцыйнай рэакцыі па сутнасці пакуль не было) судовы канвеер у дачыненні да грамадскіх актывістаў з беларускімі пашпартамі не спыняецца.

За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Вячаслаў Сіўчык атрымаў штраф у 40 базавых велічынь толькі за тое, што запаліў свечку ля будынка КДБ.  Вы скажаце, што, Сіўчык не звяртаўся ў Мінгарвыканкам па дазвол на правядзенне пікета і яго аштрафавалі слушна? Паводле дзеючага заканадаўства – яно так. Але ж Сіўчык проста прыйшоў да будынка КДБ, каб ушанаваць памяць расстраляных у гэтых  засценках беларускіх паэтаў. Беларус прыйшоў ушанаваць памяць беларусаў. І гэтае права дадзена яму не толькі Канстытуцыяй, якая гарантуе “свабоду мітынгаў і сходаў”, але і ўласным сумленнем.

Сіўчык стаяў і маўчаў, не выкрыкваючы аніякіх лозунгаў. Стаяў, трымаючы ў руках лампадку. І гэтага хапіла для пакарання немалым штрафам. А калі сыходзіць з таго, што закон роўны для ўсіх, то чаму не прыцягнуты да адказнасці арганізатары прарасійскага аўтапрабегу?

Ёсць і іншыя ганебныя практыкі ў нашай краіне, калі людзей затрымліваюць за ўдзел у дазволеным самімі ж уладамі мерпрыемстве ці за інфармаванне пра яго.  Напрыклад, напачатку лістапада каля станцыі метро “Магілёўская” была затрымана актывістка КХП-БНФ Ала Гуцава, якая раздавала мінакам улёткі пра тое,  што 5 лістапада ў Мінску пройдуць “Дзяды”. У гэтых улётках утрымлівалася інфармацыя і пра тое, што акцыя дазволена, як Мінгарвыканкамам, так і Мінаблвыканкамам. Гуцаву затрымалі міліцыянеры, улёткі канфіскавалі і  склалі пратакол за “парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавага мерапрыемства”…

Што гэта, як не “выбарнасць прымянення закона”? Чаму пра закон успамінаюць толькі тады, калі патрэбна пасадзіць або аштрафаваць беларускіх актывістаў? Зусім незразумела, што робіцца ў галаве тых, хто сядзіць у непаваротлівай ідэалагічнай беларускай машыне. Чаму такія, як Сіўчык або Гуцава – “ворагі”, якіх трэба глушыць усімі праўдамі і няпраўдамі. А вось  “прапуцінскія” аўтаматары свабодна праехаўшыя аўтапрабегам па Мінску —  для цяперашняй беларускай улады,  амаль родныя, свае… Дык для каго працуе закон?…