Як раней паведамлялася, дэлегацыю Беларусі на саміце Усходняга партнёрства ў Бруселі 24 лістапада ўзначаліць міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

– Многія абмяркоўваюць будучы саміт у Бруселі і склад беларускай дэлегацыі, але я наогул не лічу гэта нейкай вялікай падзеяй, – кажа Зянон Пазьняк. – Што датычыцца адмовы Лукашэнкі адправіцца на мерапрыемства, то гэта можа быць звязана з тымі шпіёнскімі скандаламі, якія апошнім часам на слыху. У Бруселі з гэтай нагоды маглі б задаваць не вельмі прыемныя пытанні. Асабіста для мяне відавочна, што ў гісторыі з украінскімі шпіёнамі не абышлося без Масквы. Таму магчыма, што гэта паўплывала на рашэнне адправіць у Брусель Макея, а магчыма, ёсць і іншыя прычыны. Хаця, па вялікім рахунку, на тым саміце нічога асаблівага для Беларусі і не будзе вырашацца. Усё пад кантролем Крамля.

– Адным словам, Беларусь імкнецца да еўрапейскай цывілізацыі, але Расія далёка ад сябе не адпускае?

– Менавіта так і ёсць. Беларускія ўлады пагадзіліся на такую сітуацыю, і самі яе стварылі ўзамен на танныя расійскія газ, нафту і крэдыты. Калі такая палітыка даходзіць да мяжы, то яны спрабуюць выправіць сітуацыю. Але ж як яе выправіш, калі самі напрасіліся на ланцуг да Крамля?. Ланцужок даволі кароткі і трымаецца моцна.

– Напэўна, афіцыйны Мінск вымушаны балансаваць паміж Усходам і Захадам, каб больш-менш трымацца нейтралітэту…

– Вымушаны, бо няма іншага выхаду. Крэмль ад сябе далёка не адпусціць і будзе раз-пораз тузаць за той самы ланцужок. Такая сітуацыя можа працягвацца доўга, магчыма, нават даўжэй, чым у Зімбабве. Але ведаеце, чаму афрыканцам было лягчэй? Таму што Расія далёка…