Газета распаўсюджваецца на Падкарпацці і ў Чыкага, куды пераехала шмат гуральскіх сем’яў. Сёння яе тыраж складае 22-23 тысячы экзэмпляраў (у лепшыя часы даходзіў да 28 тысяч), з якіх звычайна прадаецца 12 тысяч. Нягледзячы на цяперашнюю сітуацыю на рынку папяровых СМІ, гэта не надта дрэнна, асабліва калі ўлічыць, што газета распаўсюджваецца на тэрыторыі, дзе пражывае 120 тысяч чалавек: “Сіла лакальнай газеты ў тым, што яна піша пра тое, што робіцца “за акном”.

Юрэк Юрэцкі: “Новая ўлада ў Польшчы мае намер падпарадкаваць медыя. І ўсё ідзе ў гэтым небяспечным накірунку”
Фота аўтара

Юрэк Юрэцкі падчас сустрэчы, арганізаванай у межах праекту “HrodnaMediaRoom”, распавёў пра новыя выклікі ў СМІ, а таксама адзначыў уплыў на польскую рэчаіснасць новай палітычнай сітуацыі.

Юрэк Юрэцкі адзначае, што важным крокам для яго выдання стаў прапанаваны ў 2004 годзе выхад у сусветную сетку, што на сённяшні час дазваляе яго сайту быць буйнейшым лакальным парталам на Падкарпацці: “Але ён таксама забірае ў нас чытачоў папяровай версіі”, — адзначыў рэдактар. Сайт выдання мае 2,5 мільёнаў праглядаў штомесячна і 300 тысяч унікальных наведвальнікаў, што па польскіх мерках не з’яўляецца вялікай лічбай. Але гэта дазваляе штодня зарабляць па 250 злотых толькі за кошт рэкламы на сайце: “Інтэрнэт – гэта шчасце ў няшчасці”. У выдання падпісана дамова з кампаніяй “Гугл”, якая пастаўляе на рэсурс рэкламу, на якую рэдакцыя не мае ўплыў. Але ў такім разе ўсё вельмі проста: “Чым больш наведвальнікаў, тым большы прыбытак”. Дарэчы, на акаўнт выдання ў фэйсбуку падпісана 77 тысяч чалавек, што ўтрая больш за яе тыраж.

Аднак асноўным прыбыткам газеты па-ранейшаму застаецца рэклама, бо мясцовыя чытачы з традыцыйнымі поглядамі не жадаюць змяшчаць свае абвесткі на сайце. Да таго ж, у газеце працягваюць існаваць чытацкія праекты: штотыдзень друкуюцца фотаздымкі нованароджаных або некралогі.

Раней газета “Tygodnik Podhalanski” шырока распаўсюджвалася ў амерыканскім Чыкага, куды пераехала шмат гураляў з Падкарпацця. Але цяпер “знікаюць нашыя рэкламадаўцы”. Прычыны гэтага розныя: або яны прадалі бізнэс, або ў раёнах, дзе жылі палякі, іх выціснулі мексіканцы, а таксама сярод эмігрантаў з Польшчы з’явілася пакаленне, якое проста не размаўляе па-польску.

Акрамя фактаў пра ўласнае выданне і становішча медыя ў Польшчы, Юрэк Юрэцкі адзначыў моцны ўплыў складанай палітычнай сітуацыі. На сёння ў Польшчы назіраецца нават пераслед журналістаў, у сувязі з чым ён параўнаў сваю сённяюшнюю краіну з часамі ПНР. А поспех Качынскага журналіст звязвае не з яго патрыятызмам або партыйнымі шэрагамі на Маршах Незалежнасці. Прычынай называе грошы, якія людзі могуць атрымоўваць дарма.

Вялікая праблема Польшчы, лічыць Юрэк Юрэцкі – гэта сітуцыя вакол бежанцаў, якую называе “страшэнным сорамам”.

У той жа час на пытанне пра розніцу беларусаў і палякаў, Юрэцкі адзначае: “Для нас закон ёсць для таго, каб яго парушыць, а для вас, каб яго выконваць” і прыводзіць прыклад, што нават падчас дэманстрацыяў беларусы спыняюцца на чырвонае святло, каб перайсці пяцікіламетровай калонай пешаходны пераход. А сітуацыю з “картай паляка” параўноўвае са становішчам Польшчы ў 1980-х, калі там рэзка павялічылася колькасць “немцаў” – каб мець магчымасць выязджаць у Германію па тавары. Як толькі сітуацыя змянілася, колькасць “немцаў” з Польшчы зменшылася.